Ззяла талентамi «Шматгалоссе»

Адной сям’ёй на валожынскай зямлі, як і ва ўсёй Беларусі, жывуць прадстаўнікі шматлікіх нацыянальнасцей. Сімвалам іх дружбы і яднання з’яўляецца раённы фестываль нацыянальных культур “Шматгалоссе”, чарговы прайшоў у мінулую нядзелю на пляцоўцы каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

Мерапрыемства адкрыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч. Ён павітаў прысутных і зазначыў, што фестываль з’яўляецца значнай падзеяй у жыцці раёна, дзе ў добрасуседстве жывуць палякі і рускія, украінцы і армяне, татары і цыгане, малдаване і яўрэі, мардоўцы і інш. Радуе, што кожны раз свята нацыянальных культур прыцягвае новых удзельнікаў і адкрывае яшчэ невядомыя імёны.

Распачаў праграму народны ансамбль народнай песні “Сваякі” песняй “Родныя мясціны”. На ўра прынялі гледачы выступленне Надзеі Васільеўны Сёмінай, якая прадставіла Расію. Жанчына прачытала верш “Я люблю цябе, Расія” і станцавала “Уладзіміраўскую тапатуху”. Яшчэ адзін былы расіянін Уладзімір Аляксеевіч Пачаеў прадэманстраваў выставу сваіх цудоўных вырабаў з дрэва, а яго жонка Людміла Аркадзьеўна – работ з бісеру. Зразумела, што не абышлося без прыгожых рэчаў з саломкі ўдзельніцы народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” Станіславы Іосіфаўны Аль.

Упершыню на свяце прысутнічала інтэрнацыянальная сям’я Сталбаушкіных з вёскі Селішча Вішнеўскага сельсавета. Жонка Разалія Гарыфзянаўна – татарка, муж Уладзімір Барысавіч – мардовец, прыехалі ў Беларусь з Узбекістана ў 2004 годзе. Жанчына разам са сваёй малодшай дачкой Дамінікай, якая вучыцца ў 6 класе Багданаўскага ВПК, частавалі гасцей фестывалю нацыянальным духмяным хлебам і іншымі смачнымі стравамі.

Сем’і Тамары Аляксандраўны і Эдуарда Канстанцінавіча Язерскіх, Ларысы Дзмітрыеўны і Рыгора Іванавіча Гладчанкаў прадставілі Украіну. Упершыню яны выйшлі на сцэну разам і вынеслі на суд гледачоў дзве сумесныя песні. Ад сям’і Майбіных, якая пераехала ў а. г. Дубіна з Днепрапятроўска, выступіла дачка Таццяна, вучаніца 9 класа СШ № 2 г. Валожына. Яна выканала ўкраінскую песню “Вышываначка” і выклікала агульнае адабрэнне прысутных.

Песня “Мая Малдова” прагучала ў выкананні добра ўсім вядомай Галіны Іванаўны Філяноўскай. Яна разам з дзецьмі і мужам шмат гадоў пражылі ў Малдавіі.

Беларусь стала другой радзімай для сям’і Рашоевых, што прадстаўляюць народнасць езідаў з Арменіі. Галава сямейства Мамед Усубавіч – пастаянны актыўны ўдзельнік фестывалю – выступіў са сваім нязменным нацыянальным танцам “Лезгінка”. Яшчэ адна армянка Лаура Раманаўна Есаян, якая працуе выкладчыкам тэорыі музыкі ў Дорскім філіяле Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў, выканала песню “Мая Арменія”.

Гістарычна склалася, што разам з беларусамі ў нашай краіне жывуць этнічныя палякі. На Валожыншчыне карыстаецца агульнай папулярнасцю вакальны калектыў “Івянчанка”, што створаны пры Івянецкім гарпасялковым аддзеле ГА “Саюз палякаў на Беларусі”. Яго творчасць вядома далёка за межамі нашай краіны. Гасцям фестывалю яны прапанавалі некалькі песень на польскай мове. Нікога не пакінула раўнадушным выступленне салісткі Івянецкага дома культуры Ірыны Урбан.

Гучнымі апладысментамі прысутныя сустракалі дэлегацыі з Літвы і Польшчы, якія прыбылі на IХ рэгіянальны конкурс-пленэр юных мастакоў, прысвечаны памяці Фердынанда Рушчыца. Прадстаўнікі выказалі ўдзячнасць арганізатарам мерапрыемства і ў сваю чаргу прадэманстравалі некалькі музычных нумароў.

Цыганскую дыяспару Валожыншчыны прадставіла жыхарка горада Вікторыя Пятровіч. З задавальненнем гледачы сустрэлі вакальны калектыў “Нарэчанька” Сакаўшчынскага сельскага цэнтра культуры. А падчас выступлення народнага гурта народнага гумару “Дубінскія фанабэры” Дубінскога сельскага цэнтра культуры не маглі адарваць вачэй ад сцэны.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі дыпломы “За захаванне і прапаганду нацыянальнай спадчыны і ўдзел у VIII раённым фестывалі нацыянальных культур “Шматгалоссе” з рук начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенція Мікалаевіча Адамовіча.

На заканчэнне, як гімн малой радзіме, прагучала песня “Зямля Валожынская” ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Сваякі”.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars