Беларускi мiжнародны медыяфорум адкрыўся ў Брэсце

У Брэсце адбылася цырымонія адкрыцця XIV Беларускага міжнароднага медыяфоруму «Партнёрства ў імя будучыні: журналістыка і сацыяльная абарона грамадства».

«Беларускі міжнародны медыяфорум — знакавая падзея ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Адна з яго мэт — канцэнтрацыя намаганняў міжнароднай медыясупольнасці на выпрацоўку пазітыўных поглядаў на падзеі ў Беларусі, на адкрытасць і чысціню нашай знешняй палітыкі, якая заснавана на прынцыпах добрасуседства, узаемаразумення, міру», — падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк.

Упершыню гэты форум праводзіцца ў адным з рэгіёнаў Беларусі. Цяперашняй яго пляцоўкай выбраны Брэст. «Гэта не выпадкова. Па-першае, бягучы год — год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па-другое, Брэст першы прыняў эстафету агню II Еўрапейскіх гульняў «Полымя міру». Па-трэцяе, горад адзначае тысячагоддзе. Гэта магчымасць паказаць удзельнікам форуму (многія не першы раз прыехалі ў Беларусь) іншыя рэгіёны нашай краіны, — сказаў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. — Праграма мерапрыемства насычаная. Пасля пленарнага пасяджэння будзе работа ў секцыях, панэльныя дыскусіі. Так ці інакш, яны ўсе звязаны з сацыяльнымі сеткамі, інтэрнэт-прасторай, блогасферай. Найбольш будзе размоў пра сацыяльную адказнасць журналістаў, пра тое, як мы можам зрабіць свет лепшым, што значыць наша прафесія сёння».
XIV Беларускі міжнародны медыяфорум сабраў больш за 250 дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, дыпламатаў, прадстаўнікоў экспертнай і медыйнай супольнасці, журналістаў з 25 краін. Удзельнікі сёння падыскутуюць пра медыяпрастору і інфармацыйную бяспеку, уплыў сацыяльных сетак і блогасферы на фарміраванне грамадскай думкі, абмяркуюць сучасныя трэнды інтэрнэт-журналістыкі і яе ролю ў вырашэнні сацыяльна-палітычных праблем рэгіёнаў. У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна 24 мая адбудзецца Летняя школа журналістыкі, у час якой эксперты сустрэнуцца са сваімі маладымі калегамі, дадуць майстар-класы. Таксама ў той жа дзень пройдзе круглы стол «Саюзная дзяржава: 20 гадоў у медыяпрасторы. Вынікі і перспектывы».
У гасцей мерапрыемства будзе магчымасць бліжэй азнаёміцца з жыццём Брэста, яго выдатнымі мясцінамі. «Мы стараемся дыверсіфікаваць прывабнасць горада па розных напрамках, інвестыцыі ў яго вылічаюцца сотнямі мільёнаў долараў. Мы хочам пазіцыянаваць Брэст як сучасны горад, развіццё якога ўвасабляе ў цэлым развіццё Беларусі», — дадаў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.
Арганізатарамі Беларускага міжнароднага медыяфоруму выступаюць Міністэрства інфармацыі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы пры падтрымцы Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, Міждзяржаўнага фонду па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД, МЗС Беларусі, Выканаўчага камітэта СНД, Беларускага саюза журналістаў.

Па матэрыялах БелТА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars