Сустрэча праз шэсць дзесяцiгоддзяў

Общество

СШ № 2 г. Валожына наведалі былыя вучні, якія 60 гадоў таму менавіта ў гэтай установе атрымалі атэстаты аб сярэдняй адукацыі. Сённяшні будынак школы для іх, безумоўна, не alma mater, але выпускнікі са стажам не аднойчы бывалі тут на вечарах сустрэчы, таму ўспрымаюць новыя сцены як родныя. У юбілейны год яны вырашылі сабрацца менавіта ў маі – у перыяд, калі выпусціліся ў вялікае жыццё. На жаль, да прыгожай даты дажылі не ўсе аднакласнікі. Сёння іх васямнаццаць. Планаваўся агульны збор. Аднак большасць прыехаць не змаглі, падвяло здароўе. Не дзіва, зараз яны даволі пажылыя людзі – ім па 77-78 гадоў.

Падзеі такой значнасці здараюцца нячаста, таму калектыў установы адукацыі пастараўся ўдзяліць ганаровым гасцям максімум увагі. Спачатку настаўнік гісторыі Аксана Іванаўна Пятровіч са сваімі выхаванкамі і памочніцамі Кацярынай Бацян, Веранікай Віршыч, Карынай Скапец правялі экскурсію па школьным краязнаўчым музеі. Затым намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Мікалаеўна Маркоўская і педагог-арганізатар Святлана Барысаўна Макоўская запрасілі гасцей у актавую залу, дзе адбылася сустрэча пакаленняў і канцэрт. Школьнікі змаглі задаваць пытанні людзям, якія гэтак, як і яны, спасцігалі азы ведаў у любімай школе.

Мікалай Аляксандравіч Шайко, Зінаіда Іванаўна Акуліч (дзявочае прозвішча Ластачка) і Сяргей Рыгоравіч Буткевіч – дзеці вайны, сіроты. Для хлопчыкаў і дзяўчынак з падобным лёсам у пасляваенны час ствараліся спецыялізаваныя дзіцячыя дамы. Такая ўстанова дзейнічала і ў нашым горадзе. Пазней яна была перайменавана ў Валожынскую школу-інтэрнат. Як успамінаюць самі выхаванцы, супрацоўнікі ад шчырага сэрца стараліся замяніць ім страчаных бацькоў, клапаціліся пра іх, вучылі ўсяму, што ведалі і ўмелі самі. А вось веды па розных прадметах дзетдомаўцам даводзілася спасцігаць у школе, што ў той час размяшчалася на вуліцы Набярэжнай. Пазней у яе будынку працаваў вучэбна-вытворчы камбінат, а зараз – аддзяленні ТЦСАН.

Сіроцкае дзяцінства, якое прыйшлося на цяжкія ваенныя і пасляваенныя гады, закаліла іх характары. Кожны змог не згубіцца на жыццёвым шляху – атрымалі адукацыю, годна працавалі, стварылі сем’і. Ёсць чым ганарыцца: у кожнага – дзеці, унукі, праўнукі.

Мікалай Аляксандравіч падчас выступлення перад школьнікамі адзначыў: “Мы змаглі пабудаваць дамы, пасадзіць сады, вырасціць дзяцей. І гэта пры тым, што падтрымкі і дапамогі чакаць не было адкуль. Вам, сучасным юнакам і дзяўчатам, тым больш належыць дабівацца самых высокіх дасягненняў. Галоўнае, не думаць, што хтосьці ўсё зробіць за вас”. Сам М. А. Шайко скончыў тэхнічнае вучылішча ў Гродне, працаваў электрамеханікам. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Днепрапятроўскім універсітэце. Пэўны час быў інструктарам у гаркаме камсамола ў Наваполацку. Пасля вярнуўся на радзіму. У якасці фізіка-оптыка спектраскапіста працаваў на заводзе “Зеніт” у Вілейцы.

Сяргей Рыгоравіч – наш зямляк. Нарадзіўся ў вёсцы Лістапады. Ён трапіў у дзіцячы дом, не будучы круглым сіратой. Маці пасля гібелі бацькі не магла выхоўваць сына – была глуханямой. Пасля школы юнак па камсамольскай аператыўцы атрымаў накіраванне ў школу рабочай міліцыі. Працаваў у крымінальным вышуку, участковым інспектарам. Па сямейных абставінах пакінуў службу, уладкаваўся на МТЗ. На заслужаны адпачынак пайшоў з МАЗа.

Зінаіда Іванаўна – з Віцебшчыны. Пасля школы паступіла ў Брэсцкі педінстытут. Месцам працы і жыхарства для жанчыны стаў гарадскі пасёлак Целяханы. Настаўніца пачатковых класаў сорак гадоў аддала свайму прызванню, з’яўляецца выдатнікам народнай адукацыі.

У дзень візіту былыя дзетдомаўцы і вучні школы № 2 наведалі гарадскія могілкі, дзе пахаваны дырэктары ўстаноў, у якіх атрымлівалі выхаванне і адукацыю, – Іван Мікітавіч Ціханоўскі і Майсей Давідавіч Віткін. Успомнілі астатніх педагогаў. З удзячнасцю перадалі прывітанне выкладчыку беларускай мовы і літаратуры Зоі Лук’янаўне Разанавай.

У мерапрыемстве прыняла ўдзел педагог сацыяльны СПЦ Ю. У. Ждановіч. Яна шмат гадоў працавала намеснікам дырэктара школы-інтэрната. Іх знаёмства з выпускнікамі дзіцячага дома доўжыцца некалькі дзесяцігоддзяў. Прынесеныя Юліяй Уладзіміраўнай старыя фотаздымкі, на якіх юбіляры змаглі пабачыць сябе, сяброў, любімых выхавальнікаў і настаўнікаў, сталі самым настальгічным і шчымлівым момантам сустрэчы.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *