Прырода. Экалогiя. Творчасць.

Молодежный курьер

ПРЫРОДА. ЭКАЛОГІЯ. ТВОРЧАСЦЬ.

На базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна адбыўся абласны семінар педагагічных работнікаў устаноў адукацыі Мінскай вобласці, адказных за экалагічнае выхаванне, па тэме “Стварэнне малых архітэктурных форм з прыродных матэрыялаў”.

Удзел у ім прыняла начальнік цэнтра выхаваўчай работы Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Л. П. Тарашкевіч. Адкрыла мерапрыемства намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама А. І. Мілюткіна.

Работу па экалагічным выхаванні дэманстравалі выставы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна і Івянецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Адбылася прэзентацыя дзейнасці Вішнеўскага школьнага лясніцтва “Светлячок”.

Дырэктар установы дадатковай адукацыі М. В. Кушнір расказала прысутным пра стан экалагічнага выхавання ў раёне і рабоце, якая вядзецца ва ўстановах адукацыі ў гэтым напрамку. Педагогі з задавальненнем паглядзелі фільм пра Валожынскі край.

Цікава прайшлі майстар-класы. У адной групе са звычайнага сена пад кіраўніцтвам педагогаў дадатковай адукацыі І. І. Каваленка і І. С. Стасяловіч выраблялі баранчыка. У другой – педагог І. В. Жабко прадэманстравала тэхналогію вырабу паштоўкі “Вясенняя рапсодыя”. Для яе выканання спатрэбіліся засушаныя лісткі і кветкі. Нібы дзеці, удзельнікі семінара радаваліся работам, што зрабілі сваімі рукамі.

Агульнае захапленне выклікала пешая экскурсія па горадзе, падчас якой госці атрымалі ўяўленне пра Валожын, яго гісторыю і архітэктурныя помнікі. У сярэдняй школе № 2 яны пазнаёміліся з даследчай дзейнасцю вучняў па экалогіі і краязнаўстве, наведалі школьны краязнаўчы музей.

Напрыканцы семінара педагогі адправіліся ў Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Налібоцкі” на экалагічную сцежку “Белакорац”. Прысутных уразіла знаёмства з флорай і фаўнай гэтага ляснога масіву, з тымі малымі архітэктурнымі формамі, што тут выкарыстоўваюцца для аздаблення, умовамі, якія прадастаўляюцца для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Ірына ВАНЬКОВІЧ,

метадыст цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *