Сяброўская сустрэча ў Iвянцы

Молодежный курьер

Прайшоў III Рэспубліканскі кубак па валейболе настаўніцка-бацькоўскага спартыўнага клуба івянецкіх ветэранаў 40+ “Мы служылі ў СССР”.

Прыняць удзел у сяброўскай сустрэчы ў Івянецкую СШ завіталі дзевяць каманд з розных куткоў краіны. Перад пачаткам спаборніцтваў да прысутных з прывітальным словам звярнулася дырэктар установы адукацыі Ю. І. Кулак. Затым выступілі юныя дзюдаісты Івянецкага аддзялення Валожынскай ДЮСШ.

Разыграная рабятамі дзея дазволіла прадэманстраваць уменні і навыкі, якімі яны валодаюць. Галоўнай гераіняй у ёй стала Аэліта Жалток, што на першынстве Валожынскай ДЮСШ абышла хлопцаў і паказала лепшы вынік у сваёй вагавой катэгорыі. Госці, як заварожаныя, назіралі за відовішчнай, захапляльнай барацьбой. Прыйшлася ўсім даспадобы і песня ў выкананні вучаніцы школы Дашы Падгоранка.

Услед за гэтым трэнер спаборніцтваў Г. А. Жалток правёў з прадстаўнікамі каманд семінар “Як уцягнуць цяжкавыхоўваемых і проста дзяцей у спорт”. Было адзначана, што важна ў першую чаргу заахвоціць да заняткаў уласных сыноў і дачок. Бацькі павінны разумець, як падчас турніраў рабятам неабходна іх падтрымка, як хочацца, каб родныя знаходзіліся побач. Добра, калі ўся сям’я вядзе здаровы лад жыцця. Гэта аб’ядноўвае і згуртоўвае. Неабходным фактарам з’яўляецца і дысцыпліна.

І вось настаў час паядынкаў. Каманды з Мінска, Ашмян, Стоўбцаў, Маладзечна і Вілейкі, Дзяржынска, Заслаўя і, канечне ж, Валожына і Івянца прадэманстравалі сваю гульню. У выніку валожынцы занялі 3-е месца, наперадзе аказаліся “Вікторыя” з Мінска і Ашмяны. Былі вызначаны і лепшыя ігракі каманд. Сярод валожынцаў ім стаў Валерый Карцялёў, а івянецкага “Скіф” – Сяргей Яфіменка з Ракава. Самым узроставым быў прызнаны Міхаіл Кавалёў 1953 года нараджэння. Усе пераможцы атрымалі граматы і памятныя сувеніры, якія прадаставіў Івянецкі завод мастацкай керамікі.

Анжэла РАДЫНА



Добавить комментарий