З гарачым сэрцам і халоднай галавой

Общество

Менавіта такія супрацоўнікі працуюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Пра многіх з іх мы ўжо расказвалі ў ранейшых выпусках. Знаёмілі чытачоў з пажарнымі-выратавальнікамі, вадзіцелямі РАНС, інспектарамі ІДПН, ветэранамі службы. Сёння мы вырашылі расказаць чытачам пра работу дыспетчара, таму да размовы запрасілі дыспетчара ЦАУ Валожынскага РАНС Віталія Валянцінавіча ХАМЕНКУ.
– Як сталася, што Вы рашылі звязаць сваё жыццё з прафесіяй выратавальніка?
– Яшчэ ў выпускным класе, як і многія ў той час, марыў стаць афіцэрам. Заўсёды з зайздрасцю глядзеў на людзей у форме, тым больш, што гарадок наш напалову ваенны. Пасля школы адразу трапіў у армію, служыў у мясцовай воінскай часці. Аднак у 93-ім, пасля дэмабілізацыі, уладкаваўся ў ваенізаваную пажарную службу пры РАУС, якая пазней перафарміравалася ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Спачатку два гады выязджаў на выклікі, тушыў пажары, у 1995-ым увялі пасаду дыспетчара. Сёння з гордасцю канстатую, што ў райаддзеле прапрацаваў ужо пятнаццаць гадоў, трынаццаць з іх – на пасадзе дыспетчара ЦАУ. Мы з вадзіцелем А. М. Янкоўскім, бадай, самыя старэйшыя супрацоўнікі.
– Што непасрэдна ўваходзіць у Вашы абавязкі?
– Дыспетчар, у першую чаргу, каардынуе ўсе паведамленні, якія паступаюць на пост: прымае сігнал, накіроўвае дзяжурныя змены па раёне, “вядзе” пажар або іншае надзвычайнае здарэнне, калі трэба, дае парады, рэкамендацыі, высылае дадатковыя сілы. У гэтым дапамагае радыёэлектронная сувязь. Сёння ў райаддзеле працуюць пазменна тры дыспетчары. У нашы абавязкі ўваходзіць таксама збор і перадача інфармацыі ў абласное ўпраўленне МНС. Прыгадваю змены (як толькі прыйшоў працаваць у службу), калі не было ніводнага выкліку. Цяпер пажары сталі больш складаныя, ды і аб’ём работы павялічыўся, таму не пашкодзіла б, каб у змену працавалі два дыспетчары, асабліва ў пажаранебяспечныя перыяды.
– Плюсы і мінусы Вашай работы?
– Плюс, калі табе кажуць “дзякуй”, калі паважаюць і віншуюць са святамі. Вялікім плюсам з’яўляецца і тое, што ў 2008 годзе нам падключылі прамыя лініі з усімі экстраннымі службамі раёна: «хуткай дапамогай», міліцыяй, гаргазам, электрасеткамі. Калі, напрыклад, да нас паступае званок аб дарожна-транспартным здарэнні (бывае і такое, калі чалавек вельмі хвалюецца і набірае наш нумар), я ствараю канферэнц-сувязь, падключаю патрэбныя службы. І гэта дазваляе больш аператыўна спрацаваць у надзвычайнай сітуацыі. Аднак сёння ўскладніліся надзвычайныя здарэнні, шмат ахвяр. Асабліва цяжка “весці” некалькі пажараў адразу. Да таго ж кожны пажар цяпер трэба ахарактарызаваць, сфатаграфаваць і справаздачу адправіць па электроннай пошце ў абласное ўпраўленне.
– Якія самыя незвычайныя або неардынарныя выклікі Вам даводзілася прымаць?
– Напрыклад, званкі, што рабіць, калі разбіўся тэрмометр і з яго выцекла ртуць?.. Або “У нас пад акном на дрэве трэці дзень енчыць кот, здыміце…” Ды і шмат іншых. Больш помняцца тыя змены, на якіх, як кажуць, не прадыхнуць. У 2000 годзе за суткі адбылося аж 14 пажараў. Тады быў пажаранебяспечны перыяд і гарэла ўсё: хаты, хлявы, трава, лес. Не паспяваў перадыслацыраваць тэхніку. А ў 2004-ым злосны падпальшчык з Івянца за адну ноч падпаліў 4 будынкі. Таксама працавалі ў рэжыме “нон-стоп”.
– Што самае галоўнае ў Вашай справе?
– Усё залежыць ад пасады, у кожнага свае абавязкі, свой падыход. Але кожны выратавальнік павінен заўсёды быць у добрай фізічнай форме, валодаць валявымі якасцямі, аператыўна выконваць загады. І быць гатовым да самаахвяравання – мець гарачае сэрца і халодную галаву. Хоць героямі сябе мы ніколі не лічым.
– Калі б выпаў шанс пачаць жыццё спачатку, ці памянялі б сваю работу?
– Я ніколькі не шкадую аб сваім выбары. І нават калі б у мяне была магчымасць зноў пачаць сваё жыццё, мяняць работу не стаў бы.

Гутарыла Святлана СУХАДОЛЕЦ.
Фота Сяргея САДОЎСКАГА.



Добавить комментарий