Воложинский след в криминальной истории, которая произошла за пределами района

Закон и порядок

Хоць асноўныя падзеі гэтай крымінальнай гісторыі адбываліся за межамі нашага раёна, валожынскі след у ёй усё ж прысутнічае. Так яна і засталася б вядомай толькі ў Маладзечне ды Ашмянах, каб не малады жыхар райцэнтра, якога бессаромна ашукалі.

УДАЧНАЕ ЗНАЁМСТВА

Алег пазнаёміўся з супрацоўніцай Ашмянскай мытні, як прадставілася яму Таццяна, у жніўні 2009 года. Падчас размовы высветлілася, што хлопец ужо працяглы час збірае грошы на пакупку аўтамабіля. Тады дзяўчына і прапанавала яму сваю дапамогу: за мяжой, маўляў, машыну можна набыць танней, яна і годам будзе “свяжэйшая”, а клопат правесці яе праз мытню па зручнай цане Таццяна возьме на сябе… Алег рашыў скарыстацца ўдачнай сітуацыяй. Нават марку заказаў – камфартабельную прадстаўніцу германскага аўтапрама “Аўдзі А6”.

Каб перадаць неабходныя для пакупкі машыны 4 тысячы долараў, Алег дамовіўся з Таццянай сустрэцца на пад’ездзе да Валожына – у Ганчарах. Але ў той дзень узніклі нечаканыя нагрузкі на працы, таму малады чалавек звязаўся з сябрам, папрасіў яго аддаць грошы супрацоўніцы мытні. Так і зрабілі. Неўзабаве дзяўчына ўжо ехала ў бок Ашмян з саліднай сумай на руках, а пакупнік стаў чакаць званка.

“ЗА РАСКОШУ ПЛАЦІ ГРОШЫ!”

Хлопец паспяшаў падняць трубку тэлефона. Як і меркаваў, званіла Таццяна. “Хочаш, каб машына ўжо сёння вечарам стаяла каля твайго парога? Прывязі яшчэ 1500 долараў – і справа вырашана”. Малады чалавек, вядома, не разлічваў на дадатковыя расходы, але разважыў, што не след спыняцца на паўдарогі. Таму папрасіў сваяка падвезці ў Ашмяны.

Сустрэліся каля будынка мытні. Пастаялі, пагутарылі. Калі патрабуемая сума аказалася ў руках дзяўчыны, яна папрасіла прабачэння за непрадбачаныя выдаткі і яшчэ раз удакладніла адрас, па якім неабходна даставіць іншамарку…

Алег так і не дачакаўся машыны. Ні ўвечары, ні ў наступныя дні. На званкі Таццяна не адказвала. “Ашукала, як маленькага”, – з горыччу і злосцю падумаў хлопец. І рушыў у міліцыю пісаць заяву.

НА ЧЫСТУЮ ВАДУ…

Вядома ж, ніякай супрацоўніцай мытні Таццяна не была. На цёмную дарожку махлярства (як потым дзяўчына тлумачыла следчым) яе штурхнула “крытычнае фінансавае становішча”. Мела значны доўг па пагашэнню трохмільённага займу, што атрымала ў адным са спажывецкіх кааператываў. А яшчэ “ўмудрылася” пашкодзіць чужы аўтамабіль – шыкоўную і дарагую “БМВ Х-5”, на рамонт якой патрабавалася салідная сума. Знаёмства з валожынцам адбылося як нельга дарэчы: ён меў неасцярожнасць абмовіцца пра сабраныя грошы, і Таццяна імгненна прыдумала, як імі завалодаць.

Усе перададзеныя Алегам грошы махлярка аддала  ўладальніку разбітай “БМВ”. Але яшчэ заставаўся неаплачаным крэдыт. Тады дзяўчына расказала маці, што пазычыла ў хлопца з Валожына буйную суму і згубіла яе. Каб выручыць дачку, жанчына ўзяла пазыку ў банку на 9 мільёнаў рублёў. Гэтага Таццяне хапіла толькі на тое, каб пагасіць доўг спажывецкаму кааператыву…

ЗАМЕСТ ЭПІЛОГА

Следчыя нагадалі, што такія “гульні” з законам заўсёды заканчваюцца сумным фіналам. А можа, і сумленне нарэшце “прачнулася”. Але Таццяна напісала яўку з павіннай, не тоячыся расказала, як усё адбывалася. І добраахвотна вярнула валожынцу грошы. Суд залічыў гэтыя абставіны ў змякчальныя і назначыў адпаведнае пакаранне. Кожны з канфліктуючых бакоў зрабіў належныя высновы. Наўрад ці калі Алег даверыць вырашаць асабістыя справы малазнаёмаму чалавеку, кім бы ён ні прадстаўляўся. Таццяна ж, думаецца, не рызыкне больш папраўляць сваё фінансавае становішча за кошт іншых: надта ўжо балючай бывае расплата…

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *