Прыйшла вада, а з ёй — бяда…

Общество

Вечарам 29 мая моцныя ліўневыя дажджы абрынуліся на некаторыя вобласці Валожыншчыны. Найбольш моцна пацярпелі ваколіцы Пяршаяў, дзе магутны паток вады літаральна прабіў сабе русла праз аўтадарогу на Івянец. Фотаздымак мы ўжо размяшчалі на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Аднаўленчыя работы ўжо вядуцца, у тым ліку і пры ўдзеле абласных дарожных служб, таму паследкі прыроднай катастрофы будуць ліквідаваны ў бліжэйшы час.

Водная трагедыя не абмінула таксама вёску Брылькі і населеныя пункты, размешчаныя побач. Дрэнажныя сістэмы не справіліся з мясцовым “цунамі”, у выніку вада пайшла па верху, “косячы” дрэвы і хмызняк, зносячы драўляныя агароджы, падтапліваючы фундаменты дамоў, “заходзячы” ў свірны і хлявы, падмочваючы ў гаражах інструмент і тэхніку…

На дапамогу вяскоўцам прыйшлі многія арганізацыі ў той жа вечар: прадстаўнікі МНС адпампоўвалі лішнюю вільгаць, дарожныя службы тэрмінова аднаўлялі разбураныя ўчасткі транспартных камунікацый, работнікі раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі бралі пробы пітной вады і праводзілі хларызацыю калодзежаў, жылкамунгасаўцы ўзмоцнена расчышчалі прынесенае стыхіяй… Працы стае і цяпер. У гэтым вы можаце пераканацца па здымках нашага фотакарэспандэнта, з якім мы пабывалі на месцы бедства.

У Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры раённым выканаўчым камітэце створаны мабільныя групы, якія абследавалі маштаб прычыненага жыхарам урону. Гаспадарам уладанняў будзе выплачана кампенсацыя з фондаў Белдзяржстраху. Тэрыторыі грамадскага карыстання таксама своечасова ачышчаюцца ад прынесеных вадой рэшткаў і смецця. Каардынатарам уборкі выступіў Валожынскі сельвыканкам.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота Віталя МЫШЛЁНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *