Да пабачэння, школа! Добры дзень, лета!

Общество

30 мая ў пятнаццаці ўстановах агульнай сярэдняй і адной – спецыяльнай адукацыі раёна прайшло Свята апошняга званка.

 

Урачыста і хвалююча ў той перадапошні веснавы дзень было ў ДУА “Гародзькаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа” – сюды завіталі шаноўныя госці: начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Т. М. Крыкала, старшыня Гародзькаўскага сельвыканкама Г. Ф. Садоўская, дырэктар ААТ “Агра-Дубінское” Г. В. Каспяровіч, загадчыца мясцовай дзіцячай школы мастацтваў Т. М. Вашкевіч, настаяцель Свята-Пакроўскай царквы айцец Сергій Лінкевіч.

124 вучні ў параднай форме выстраіліся класамі на святочнай лінейцы, якая прайшла ў школьным дворыку. Асаблівая ўвага сярод іх была выпускнікам: для сямі адзінаццацікласнікаў гэты школьны званок і насамрэч быў апошнім. На парозе выбару знаходзіліся і 15 дзевяцікласнікаў.

 Шмат прыемных і ўдзячных слоў выказала педагогам, рабятам і іх бацькам дырэктар школы Т. І. Чабай, а таксама ўручыла стыпендыі і падзякі ўпраўлення адукацыі пераможцам творчых конкурсаў і педагогам, якія іх рыхтавалі. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі: вучні 9 класа Ілля Лявіцкі – за дыплом I ступені на абласной выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Калядная зорка” і настаўнік выяўленчага мастацтва А. І. Курыловіч, Карына Юхнеўская разам з настаўніцай-дыфектолагам Г. Я. Жагунь – за дыплом III ступені на вобласці ў конкурсе фотаздымкаў “Зямля пад белымі крыламі”; выпускніца Юлія Субота, якая ў абласным конкурсе юных журналістаў “Ты ў эфіры” заслужыла дыплом III ступені і настаўніца рускай мовы і літаратуры Т. У. Саломка. Пажаданні лёгкіх іспытаў і вясёлага лета прагучалі ў адрас школьнікаў і ад запрошаных гасцей.

* * *

Наперадзе выніковая атэстацыя, выпускны баль і ўступная кампанія для 520 выпускнікоў 9 і 11 класаў. Сёлета 17 вучняў прэтэндуюць на атрыманне атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым ці сярэбраным медалём, 22 – на атрыманне пасведчання аб агульнай сярэдняй адукацыі з адзнакай. Выпускнік гімназіі № 1 г. Валожына Арцём Галоўскі будзе ўзнагароджаны пасведчаннем спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і стане 29-м стыпендыятам на Валожыншчыне з моманту існавання фонду. Высокую адзнаку вучобы ён атрымае на раённым выпускным балі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *