Молодежный курьер

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы знаёмім чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

ЛІДАР У НАМІНАЦЫІ “ФЕЕРВЕРК ЗАХАПЛЕННЯЎ”.

Уладзіслаў КУЛАК летась скончыў пачатковую школу. Яго першая настаўніца – Таццяна Алегаўна Шакун. Менавіта яна дапамагала хлопчыку крочыць у Краіну ведаў, любіць кнігу, захапляцца матэматыкай, сябраваць са спортам. Уладзіслаў апраўдаў найлепшыя спадзяванні педагога і аказаўся лідарам у конкурсе “Вучань года-2018” у намінацыі “Феерверк захапленняў”.

Зараз Уладзіслаў Кулак вучыцца ў 5 “В” класе роднай СШ № 1 і па-ранейшаму вызначаецца стараннем на ўроках, жывасцю на перапынках і жаданнем вырасці дужым, смелым. Надзею на гэта яму даюць заняткі па дзюдо і самба ў трэнера Вадзіма Аляксандравіча Калашнікава.

Бацькі хлопчыка, Марына Яўгенаўна і Яўген Яўгенавіч, – людзі маладыя, прагрэсіўныя, яны – за здаровы лад жыцця, паважаюць спорт і шмат сіл аддаюць гарманічнаму выхаванню дзяцей. Малодшы, двухгадовы Арцём ахвотна пераймае ў старэйшага брата сілавыя прыёмы і іншыя байцоўскія навыкі. Так што па вечарах у сям’і сумна не бывае. Дарэчы, Уладзіслаў вельмі любіць браціка, ахвотна з ім бавіць час, апякае ад розных непрыемнасцей, выконвае шматлікія хатнія абавязкі. Карацей, расце сапраўдным маміным памочнікам.

Нягледзячы на тое, што старэйшага сына настаўнікі заўсёды хвалілі, навіна пра перамогу сына ў конкурсе “Вучань года” стала для Марыны і Яўгена прыемным сюрпрызам. Яны расцэньваюць гэта як першую прыступку на лесвіцы будучых дасягненняў. Іх адлік ідзе досыць стабільна. Так, у 2016-м Уладзік заваяваў толькі адзін медаль вышэйшай пробы, а ўжо на наступны год папоўніў асабістую скарбонку ўзнагарод дзвюма залатымі ўзнагародамі. Наступны год прынёс новыя перамогі ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву “БелАЗ” горада Жодзіна. Сёлета Уладзіслаў удзельнічаў у раённых і абласных спаборніцтвах юных дзюдаістаў і самбістаў, дзе заняў трэція прыступкі п’едэстала. Але такі вынік не вельмі радуе хлопчыка. Ён амбіцыйны чалавек і на кожны сумленны спартыўны бой ідзе толькі з жаданнем перамагчы.

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *