Культура

Больш за 400 населеных пунктаў налічваецца на карце Валожыншчыны. Гэтым і ўнікальны наш раён на Міншчыне, гэтым і прыцягальная маляўнічая Налібоцкая старонка для шматлікіх турыстаў і гасцей. У свой час газета шмат пісала пра раён. Але кампактнага, цэласнага матэрыялу так і не ўдалося сабраць. Гэта «ўпушчэнне» і выпраўляем цяпер. Пад рубрыкай “Свой край вывучай” працягваем анталогію 428 вёсак раёна. Сённяшні наш пункт тапанімічнага падарожжа – вёска Крыніца і яе наваколле.

У рэдакцыю патэлефанаваў жыхар аграгарадка Ракаў Фёдар Фёдаравіч КАВАЛЕНКА – расказаў, што нарадзіўся і вырас у вёсцы Крыніца. Працаваў у Гіравіцкай СШ кіраўніком ваеннай справы і настаўнікам фізкультуры, дырэктарам Карнюткаўскай васьмігодкі, кіраваў дзіцячым аздараўленчым лагерам “База адпачынку “Ветразь” каля Ракава, намеснікам дырэктара Беллітфонду Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктарам Дома творчасці Саюза пісьменнікаў “Іслач”. Па адукацыі – старшы ваенны тапагеадэзіст, гісторык.

Ужо шмат гадоў ён займаецца вывучэннем сваёй малой радзімы, на ўспамін сталі прыходзіць дзіцячыя гады, аповеды дзядоў, аднавяскоўцаў. У выніку з’явілася вялікае жаданне пакласці на паперу ўсё тое, што захавалася ў памяці. Так атрымаўся экскурс-успамін, выкладзены на 23 старонках машынапіснага тэксту. Працягваем знаёміць з ім чытачоў.

ВЁСКА КРЫНІЦА І ЯЕ НАВАКОЛЛЕ

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 94, 96 2018 года, №№ 4, 16, 23 2019 года)

Удакладненне: усяго ў кражынскай трагедыі 1943 года загінулі 211 чалавек і мноства дзяцей. Пасля дзяды раптоўна загаварылі пра тое, што такі жудасны лёс жыхароў вёскі напаткаў у другі раз. Першы раз бязвінных людзей пакаралі падчас шведскай вайны – маецца на ўвазе Паўночная вайна Расіі са Швецыяй. (Заўвага: вайна доўжылася з 1700 па 1721 гады паміж Швецыяй і кааліцыяй паўночна-еўрапейскіх дзяржаў за ўладанне прыбалтыйскімі землямі і скончылася паражэннем Швецыі. Пасля перамогі ўзнікла новая імперыя – Расійская, якая мела выхад у Балтыйскае мора і валодала магутнай арміяй і флотам. Сталіцай імперыі стаў горад Санкт-Пецярбург, размешчаны на месцы ўпадзення Нявы ў Балтыйскае мора). Прысутнасць шведскіх войск на Валожыншчыне магу пацвердзіць толькі адным фактам: па гістарычных даных 1 сакавіка 1708 года каля мястэчка Ракаў адбыўся бой шведскіх валахаў з рускімі войскамі.

У паданнях дзядоў ёсць такія звесткі, што ў заходняй частцы ўскраіны вёскі Кражына, на беразе ракі Заходняя Бярэзіна стаяў драўляны замак. У дзяцінстве я чуў назву гэтага месца як Замкавы бераг ці Замчышча. На маю думку, калі тут і існаваў драўляны замак, то ён быў заснаваны на месцы былога гарадзішча. Па сёння захаваліся межы гарадзішча-замчышча, дзякуючы часткам былога рова, які акружаў месца. Ён двума канцамі злучаўся з ракой. Добра помніцца, што вада з рэчышча па дне былога рова даходзіла да крайняй хаты ў вёсцы – двор гаспадароў Давыдзенкаў. У гэтай частцы рова мы, дзецьмі, забаўляючыся, лавілі кошыкам рыбную драбнату. Цяпер заходняя частка гарадзішча-замчышча, што выходзіць на раку, часткова разбурана. Вяскоўцы бралі адсюль пясчаны жвір для гаспадарчых патрэб. Затым гэту частку рова зруйнавалі бульдозерам для пад’езду-спуску. Аднойчы пры капанні жвіру наткнуліся на невялікую частку сцяны, выкладзеную з камянёў-валуноў. Пазней сцяна разбурылася, а камяні разабралі. Калі прайсціся ад рэчышча былога рова па берагавой лініі ракі на поўнач метраў трыста, то можна было ўбачыць на лузе выявы акуратна абвалованых зямлёй ліній прамавугольнікаў. Асабліва яны выразныя пасля кашэння травы. Дакладна не памятаю, але іх было тры ці чатыры. Сваім падабенствам яны нагадвалі мне чэкі, у якіх разводзілі і гадавалі рыбу. Можа, сапраўды і так.

Ва ўсходняй частцы Кражына, дзе праходзіць дарога ў вёску і якую перасякае рэчка Крыніца з азярцом, стаяў млынок. Пры рэканструкцыі азярца ў першай палове 60-х гадоў бульдозерамі былі выкапаны з балота рэшткі драўляных паляў. Па расказах дзядоў, драўляны замак і млынок былі разбураны і спалены шведскімі салдатамі. У далейшым яны не аднаўляліся з-за адсутнасці людзей, знішчаных шведамі.

Пасля пракаціўся мор – эпідэмія, у выніку якой чалавек губляў зрок і паміраў. Ад хваробы масава паміралі і шведскія салдаты, а людзі лічылі гэта Божай карай за іх зверствы. Колькасць загінуўшых была значнай: іх хавалі дзясяткамі ў адным доле – і мясцовых насельнікаў, і чужакоў – на краю мысавага ўзгорка, які агібае рэчка Крыніца. Ён размешчаны ў паўночна-ўсходняй частцы ўскраіны вёскі, дзе цяпер знаходзіцца тэрыторыя былой кражынскай васьмігадовай школы. Добра памятаю земляныя насыпы 2х3 і 3х4 метры ў выглядзе маленькіх курганчыкаў. З насыпаў выглядалі плешыны камянёў – прыкладна каля дзесяці штук на адным. Былі і асобныя магілкі, на якіх стаялі расшчэпленыя камяні з нязначнай апрацоўкай і выявай крыжа. Надпісаў не было. Дзяды сцвярджалі, што могілкі “шведскага” часу. У 70-я гады дырэкцыя школы зрабіла тут спартыўную пляцоўку.

Я вельмі добра зрокава памятаю абрыс гэтага ўзгоркавага мыса і хачу выказаць сваё меркаванне. Спрадвечныя могілкі ствараліся на месцы былога гарадзішча мысавага тыпу. Падобныя існуюць на былых гарадзішчах у Валожыне і побач з вёскай Капусціна. На маю думку, выбар месца для гарадзішча тагачаснымі пасяленцамі быў невыпадковым. Калі паглядзець на тапаграфічна-ландшафтны рэльеф мясцовасці, то можна ўявіць сабе, якой была мясцовасць прыкладна ў V-VI стагоддзях нашай эры: рэчкі Заходняя Бярэзіна і Крыніца былі паўнаводнымі і шырокімі з вялікімі абшарамі непраходных балот. Яны падступалі да ўзгоркавага мыса з поўдня, захаду, поўначы і толькі з усходу быў на яго выхад. У той час заўважыў, што паўднёвы, асабліва частка заходняга і поўнасцю паўночнага краёў мыса былі апрацаваныя і абвалаваныя. Уздоўж паўднёвага і заходняга краёў працякае рэчка Крыніца. Яе рэчышча часткова супадае з ровам ледніковага перыяду. У паўночнай частцы краю мыса быў штучна створаны роў, які цягнуўся ад ракі Крыніца з захаду на ўсход і затым на поўдзень на адлегласць 50-100 метраў. У ніжняй частцы рова ад рэчкі вада падымалася ў мой час на метраў 10-15. Верхняя яго частка выходзіла на школьны гаспадарчы двор і была забалочанай. Ва ўсходняй частцы краю мыса з паўднёвага боку ад рэчкі на поўнач таксама былі выявы рова. Побач размясцілася першая спартыўная школьная пляцоўка. Такім чынам, на магчымае гарадзішча быў толькі адзіны праход па сушы з усходняга боку, дзе цяпер праходзіць дарога на вёску Кражына. Напэўна, першыя пасяленцы выдатна выкарысталі прыродна-ландшафтныя ўмовы мясцовасці, дапрацавалі і стварылі сабе ўмацаванае паселішча-гарадзішча.

Тут хачу спыніцца і расказаць пра адно паданне. Непадалёк на развілцы дарог да вёсак Кражына і Крыніца падарожным людзям сустракалася здань. Яна заўсёды з’яўлялася вясной на досвітку – асабліва напярэдадні Вялікадня ў постаці старога мужчыны, апранутага ў зялёную вопратку незвычайнага пакрою. Яго позірк і твар выглядалі злымі. Здань сваім страшным выглядам і імкненнямі як быццам хацела ўчыніць штосьці дрэннае. Калі падарожны чалавек пачынаў уцякаць, то яна спрабавала бегчы ўслед за ім. Такая справа наганяла на людзей жудасны страх.

Навука археалогія сведчыць, што гарадзішчы пачалі ўзнікаць на тэрыторыі Цэнтральнай Беларусі ў жалезным веку, які пачынаецца ў VII-VIII стагоддзях да нашай эры. Размяшчаліся з улікам мясцовага рэльефу на ўзгорку і рабілі яго схілы больш крутымі: насыпалі на краі пляцоўкі земляны вал, выкапвалі роў і па магчымасці запаўнялі вадой, абгароджвалі драўлянай сцяной (крэмлінамі) з мэтай абароны і захавання назапашанага скарбу. Такія ўзгоркі былі прывабнымі, асабліва калі адзін са схілаў выступаў да вадаёма – ракі ці возера, ці рака агібала некалькі схілаў. Такія гарадзішчы адносяцца да тыпу мысавых. Адно з іх знаходзіцца ў вёсцы Ясенешкі і мае назву “Замкавая гара”. Другое гарадзішча-курган размешчана каля вёскі Калдыкі і называецца “Жыдава гара”. Два гэтыя гарадзішчы зафіксаваны ў навуковых працах, улічваюцца і ахоўваюцца. Звесткі пра гарадзішча “Замкавы бераг” побач з вёскай Кражына я нідзе не сустракаў. Ёсць цікавая назва ўзвышша каля вёскі Малая Дайноўка – “Святая гара”. На маю думку, гэты тапонім можна ўвязаць са знаходжаннем тут у даўніну старажытнага капішча.

У кнізе “Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” (Мінская вобласць. Кніга першая. Мінск, 1987 г.) пералічаны шэраг гарадзішчаў без указанняў і прыналежнасці: напрыклад, “…каля вёскі Сакаўшчынскага сельсавета за 1,5-2 кіламетры на поўнач ад вёскі”. Для мяне не зразумела, што маецца на ўвазе, і дзе тое гарадзішча знаходзіцца.

Цяпер пра тапонім “Жыдава гара” каля вёскі Калдыкі. Дзяды гаварылі, што гэта гара-курган мела іншыя назвы: “Янава гара”, “Славенская гара”. Тапонім “Жыдава гара” ўзнік з-за пастаяннага і масавага месца адпачынку габрэяў з мястэчка Валожын. Як сведчылі дзяды, да Першай сусветнай і да Вялікай Айчыннай войнаў валожынскія габрэі ўлетку зранку кожную суботу на фурманках сем’ямі выязджалі сюды адпачываць. Жыхарам вёскі добра запомніліся праезды фурманак праз вёску раніцай і падвячоркам, развешаныя паміж дрэў палотны (напэўна, гамакі). Мясціна для адпачынку сапраўды практычная і разам з тым прыгожая і ўтульная. Тут быў зацішак, дзякуючы берагавой лініі ракі Заходняя Бярэзіна і размешчанаму побач чыстаму і прыгожаму хваёваму бору, які насіў назву “Пожар”. Расло мноства чарніц, буякоў, грыбоў. Хараство дапаўнялі разнатраўны луг і рака. У наш час побач з гарадзішчам знаходзіцца геабаза геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта г. Мінска, пабудаваная ў 70-я гады.

Увогуле, навуковымі і археалагічнымі даследаваннямі пералічаных гарадзішчаў навукоўцы сур’ёзна не займаліся. У сваіх пошуках аб веданні гісторыі свайго краю я звяртаўся да гістарычных нарысаў Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь” (Маладосць, №№ 7-12 за 1988 год). Ён лічыў, што на Валожыншчыне жыло племя балтаў – літва ўпярэмешку з племенем ятвягаў. Многія вучоныя лічаць, што на рубяжы VI-VII стагоддзяў нашай эры пачаўся масавы прыход славянскіх плямён (крывічоў) на Беларусь. М. Ермаловіч прыводзіць вывад вучонага І. Забеліна, які “…грунтуючыся на тапаніміцы, на наш погляд, пераканаўча давёў факт прасоўвання славян па Немане… і лічыў, што Славенск (зараз у Валожынскім раёне)… і Славагошч (у Лагойскім раёне) доўгі час былі важнымі цэнтрамі славянскай каланізацыі”. Разам з тым хачу прывесці тапонім як доказ назваў вёсак паблізу аграгарадка Ракаў – Вялікія і Малыя Крывічы.

…Яшчэ многае з гісторыі свайго краю застаецца толькі ў здагадках. Калі выпадкова трапляюцца матэрыялы ці звесткі, то іх трэба супастаўляць і параўноваць, каб знайсці адказы на многія пытанні.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *