Велапрабег МНС да 75-годдзя вызвалення Беларусi

Велапрабег прайшоў на Валожыншчыне. На ўдзел у спартыўным фэсце запісаліся амаль 500 чалавек.

25 мая ў маляўнічых мясцінах Валожыншчыны стартаваў VI абласны велапрабег супрацоўнікаў абласнога ўпраўлення МНС, іх сем’яў, ветэранаў падраздзяленняў. Сёлета быў устаноўлены новы рэкорд па колькасці заявак на ўдзел у маштабным спартыўным свяце: на веласіпедах і ў групах падтрымкі па 42-кіламетровым маршруце Пяршаі-Івянец-Ракаў праехалі без малога 500 чалавек!

Старт адбыўся ад пяршайскага касцёла. А незадоўга да яго перад прысутнымі трымалі слова начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Васільевіч Лапановіч, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігар Уладзіміравіч Шакун. У сваіх развагах яны сталі аднадумцамі: здаровы лад жыцця і праца ў органах і падраздзяленнях Міністэрства па надзвычайных сітуацыях выступаюць як адзінае цэлае. Пасля пажаданняў поспеху і добрай дарогі спартсмены рушылі ў падарожжа.

Трэба заўважыць, што сёлета разам з татамі і мамамі ехала на самым экалагічным транспарце вельмі шмат дзяцей. І практычна ўсе яны адолелі далёкую дыстанцыю: рэдка хто садзіўся ў аўтобус падтрымкі дзеля адпачынку. Падрастаючае пакаленне больш мусіла падарожнічаць на чатырохколавай “дапамозе” з-за паломак веласіпедаў, якія не-не, ды і здараліся на маршруце.

“Перавесці дух” дапамагалі супрацоўнікі раённага аддзела МНС, якія на спецмашынах дастаўлялі да піт-стопаў каля Баравікоўшчыны і Кіяўца ваду і лёгкі падмацунак. А вось сапраўдны прывал удзельнікі велапрабегу зрабілі ў гарадскім пасёлку Івянец. На тэрыторыі касцёла Святога Міхаіла Арханёла іх чакала магчымасць падсілкавацца, наведацца з экскурсіяй у Храм Божы, пакласці кветкі да мемарыяла загінуўшым падчас Вялікай Айчыннай вайны. Тут жа яны спаткаліся і з групай байкераў, якія таксама ў той дзень падарожнічалі па нашым гасцінным раёне.

Завяршыўся велапрабег на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага летніка “Барок”. Тут прайшлі шматлікія займальныя гульні для дзяцей, сярод якіх не засталося абдзеленых цікавымі і карыснымі падарункамі, дарослыя таксама спаборнічалі паміж сабой у розных спартыўных і творчых конкурсах.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара і з сайта Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars