Спрытныя, дужыя i па-сапраўднаму дружныя!

Каб заахвоціць калектывы прадпрыемстваў і арганізацый актыўней падключацца да фізкультурнага руху, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі прапанаваў правесці акцыю “Здаровы Валожын – здаровы горад”. Гэту ініцыятыву першымі падтрымалі камунальнікі.

25 мая ў будынку фізкультурна-аздараўленчага комплексу сабраліся сем каманд з РУП “Валожынскі жылкамунгас”. На набыццё адпаведнай экіпіроўкі, прызоў і арэнду спартыўнай залы сродкі выдзелілі адміністрацыя і прафкам. Прывітаць “піянераў” спартакіяды прыйшла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вераніка Загорская.

Ахвяраваць суботай і паказаць свае спрыт, сілу, хуткасць і меткасць пагадзіліся 35 чалавек. Абмежаваннямі не сталі ні ўзрост, ні фізічная падрыхтоўка, ні службовая пасада. Самыя нерашучыя пабывалі ў той дзень у якасці балельшчыкаў, а станоўчых эмоцый хапіла ўсім.

Трэба было бачыць, які спартыўны азарт авалодаў камунальнікамі! Нават такая простая рэч, як скакалка, не выклікала кпінаў: і мужчыны, і жанчыны старанна разміналіся ў імкненні ўразіць калег уменнем з ёй упраўляцца. Так, Святлана Белановіч за 30 секунд зрабіла 82 скачкі, трохі меншы вынік паказаў Аляксандр Шакаль з Івянца. Суддзі рашылі, што менавіта прадстаўнік моцнай паловы чалавецтва абароніць гонар Валожыншчыны ў гэтым відзе спорту на рэспубліканскіх спаборніцтвах камунальнікаў.

Найбольш трапную каманду баскетбалістаў падабраў участак водаканала. Адзінаццаць разоў мяч з іх падачы пакараў баскетбольнае кальцо. Начальнік участка ЖЭУ Леанід Фёдаравіч Чэрнік аказаўся самым узроставым удзельнікам, але роўным яму па скачках з месца не было і сярод маладых. Асабісты рэкорд Л. Ф. Чэрніка зафіксаваны на адзнацы 2 метры 35 сантыметраў. Першае месца па стральбе суддзі безагаворачна аддалі Святлане Брадзіхінай, якая набрала больш за 30 ачкоў з пяці выстралаў.

Да фінальнай эстафеты спартсмены-аматары прыйшлі хоць і стомленымі, але моцнымі духам. Кожная каманда да апошняга моманту верыла ў сваю ўдачу. У яраснай барацьбе перамогу “вырвала” каманда адміністрацыі на чале з дырэктарам Міхаілам Унучакам. Другое месца дасталася прадстаўнікам Івянецкага ўчастка, трэцюю прыступку адваяваў аддзел аўтатранспарту.

Мерапрыемства скончылася раздачай прызоў – абанементамі на наведванне басейна. Агульнай жа ўзнагародай можна лічыць саму спартакіяду, дзе панаваў добры настрой, гучалі жарты і вясёлы смех, дзе можна было адчуць падтрымку сяброўскага пляча.

Дырэктар РУП “Валожынскі жылкамунгас” Міхаіл УНУЧАК толькі што павіншаваў калег, якія паказалі сваю добрую фізічную падрыхтоўку.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars