Любоў да блiжняга — адзiная магчымасць для выратавання чалавецтва…

У гэтым на сто працэнтаў упэўнены пробашч касцёла Святога Юзафа ў Валожыне, доктар права Гэнрык АКАЛАТОВІЧ, які сёння адзначае 35-годдзе пастарскага служэння. Менавіта ён – наш суразмоўца.

– Ксёндз Гэнрык, на Валожыншчыне Вы чалавек не новы, але ж, думаю, нашым чытачам будзе цікава пазнаёміцца з Вамі бліжэй. Раскажыце пра свае карані, родных, адукацыю…

– Я з Брэстчыны. У Баранавіцкім раёне ёсць вёска Новая Мыш. Там мая радзіма. Тата ўсё жыццё прысвяціў сельскай гаспадарцы – быў шафёрам у мясцовым калгасе. Матуля – медыцынская сястра. Сям’я наша была шматдзетная. Жылі дружна, плённа працавалі. Бацькі галоўным прыярытэтам у выхаванні лічылі прывучыць дзяцей да самастойнасці і адказнасці. Кожнаму раілі атрымаць адукацыю, выбраць прафесію па душы. Я пасля школы паступіў у Мінскае вучылішча чыгуначнага транспарту, дзе атрымаў спецыяльнасць памочніка машыніста цеплавоза. Са шчымлівым пачуццём і зараз успамінаю час вучобы, хоць і не працяглы перыяд працы. Вельмі любіў тую справу. Дарэчы, дыплом атрымаў чырвоны, меў магчымасць працягваць адукацыю ў Гомельскім інстытуце, пачынаючы з другога курса, але, паколькі не быў упэўнены ў тым, што гэта і ёсць маё, вырашыў схадзіць у армію. Служыў у ракетных войсках на Поўначы, за Мурманскам. Нават зараз магу ўпэўнена сказаць: такое рашэнне было правільным. Справа ў тым, што яшчэ ў падлеткавым узросце прыслужваў у касцёле ў якасці мінестранта. Ксёндз заўважыў мае памкненні. Мы не аднойчы вялі шчырыя гутаркі. Духоўны настаўнік да прыняцця рашэння не падштурхоўваў, абяцаў, што яно выспяе. “Бог сам пакліча”, – часта паўтараў ён. А я тады не разумеў, як гэта можа адбыцца. Пасля арміі вярнуўся ў Баранавічы, працаўладкаваўся ў дэпо, прайшоў перападрыхтоўку і атрымаў кваліфікацыю машыніста электравоза. Работу любіў, але паступова прыйшоў да высновы: хачу прысвяціць жыццё служэнню Богу, дапамозе людзям. Папрасіў даць накіраванне ў Рыжскую семінарыю.

 

– Рашэнне было цяжкім? Вас хтосьці падтрымаў? Што было далей?

– Разумееце, я ж ужо не быў дзіцем. Блізкія мяне зразумелі. Мой выбар не стаў нечаканасцю. Калі сам сабе сказаў канчатковае: “Твой шлях – такі”, адчуў неверагодную палёгку. Вучыцца, у адрозненне ад некаторых семінарыстаў, не было складана. Ведаў, чаго хачу, куды імкнуся. А, між іншым, у духоўнай навучальнай установе набываць адукацыю няпроста. Акрамя спецыяльных прадметаў, мноства агульнаадукацыйных, а парадак і дысцыпліна такія, што і армейская не дакажа. Спачатку было не зразумела, навошта столькі філасофіі, гісторыі? Паступова прыйшло разуменне, што святар павінен быць для людзей і псіхолагам, і дарадцам, і нават проста цікавым субяседнікам. Мне заўсёды падабалася юрыспрудэнцыя. У гады вучобы праву ўдзяляў асаблівую ўвагу. Пазней скончыў духоўны ўніверсітэт у Любліне, абараніў дысертацыю. Лічуся першым ксяндзом з прастораў СССР, які атрымаў навуковую ступень. Дарэчы, мой родны брат – таксама ксёндз.

 

– Вы 14 гадоў жывяце і служыце ў Валожыне. Якое ўражанне ад наваколля, людзей?

– Наш (слова гэта кажу шчыра, бо так адчуваю) Валожын – унікальнае месца з пункту гледжання этнаканфесійнай сітуацыі. Неверагодна прыгожыя і велічныя храмы двух асноўных хрысціянскіх канфесій упрыгожваюць горад, па наваколлі разносяцца іх званы, запрашаючы вернікаў да малітвы. Тут хапае месца і тым, хто аддае перавагу іншым плыням. У свой час гэту карціну дапаўняла і яўрэйская абшчына. І зараз сусветнавядомая іешыва, якая даўно страціла статус рэлігійнай навучальнай установы, цудоўна ўпісваецца ў архітэктуру горада. Сёння ў райцэнтры рэлігійнае насельніцтва даволі раўнамерна падзяляецца на прыхаджан царквы святых роўнаапостальных Канстанціна і Алены і касцёла Святога Юзафа. Ёсць і тыя, хто наведвае малебныя дамы. Міжканфесійныя шлюбы ў нашых краях нярэдкасць. Таму ніводзін прадстаўнік рымска-каталіцкай царквы ніколі не дазволіць сабе выказаць непавагу да прыхільнікаў рускай праваслаўнай царквы і наадварот. А валожынцы, якія вядуць выключна свецкі лад жыцця, мне здаецца, з аднолькавай павагай ставяцца да вернікаў і іх святынь.

 

– Ксёндз Гэнрык, я ўпэўнена, што галоўную ролю ў гарманізацыі суіснавання канфесій адыгрываюць святары храмаў.

– Безумоўна так. Калі мы гаворым пра любоў да бліжняга, няма розніцы, хто ён па веравызнанні. Мы ніколі не забываем памаліцца за братоў і сясцёр нашых праваслаўных, віншуем іх са святамі. Ведаю, многія радуюцца, калі супадаюць Вялікадні, і з’яўляецца магчымасць радавацца святу ўваскрэсення пана Езуса разам.

 

– Як Вы ставіцеся да людзей, якія настроены атэістычна?

– О, вера – складанае пытанне. Справа ў тым, што шлях да яе ў кожнага свой. Дарэчы, атэізм – таксама вера. Я думаю, кожны самы ваяўнічы праціўнік рэлігійнага светапогляду ў свой час прыйдзе да Бога. Гэта пытанне часу, абставін і асяроддзя, у якім жывеш. На мой погляд, навучыць веры нельга, але можна дапамагчы дарасці да яе. Зрэшты, такі мой асноўны абавязак. З уласнага вопыту магу сказаць наступнае: фарміраванню пачуццяў – любых, у тым ліку і рэлігійных, – дапамагае прыклад. Калі гаварыць пра дзяцей, то гэта жыццё бацькоў. Важна, калі ў сям’і пануе любоў. У такім выпадку ў чалавека больш шанцаў увераваць, нават калі сапраўднага рэлігійнага выхавання ён і не атрымлівае. Калі ж тата і матуля самі добрыя хрысціяне і клапоцяцца пра тое, каб іх сын ці дачка жылі з Богам у душы, лічу, што за такіх нашчадкаў у будучыні можна быць спакойнымі.

 

Вядома, што людзям уласціва сумнявацца. Рэдка хто не задаецца пытаннямі аб правільнасці абранага шляху. Як лічыце, рэфлексіраваць карысна? Ці ёсць у Вас пытанні да самога сябе?

– Я ніколі не лічыў самаўпэўненасць станоўчай рысай. Сумненні – шлях да ўдасканалення сябе. Што тычыцца веры ў Бога, у пісанні сказана: “Не сумнявайся!” Калі ж гаварыць пра мяне ці іншага чалавека, які знайшоў сваё прызванне ў служэнні Богу, патрэбна пастаянна падмацоўваць веру. Нам, святарам, у гэтым дапамагаюць абяцанні, што дадзены ў дзень рукапалажэння, спецыяльныя малітвы, аўтарытэт і дапамога епіскапа. А парафіянам я заўсёды раю не трымаць свае сумненні і пытанні ў сабе. Як кажуць, адна галава добра, а некалькі – лепш. Між іншым, духоўныя настаўнікі для таго і існуюць, каб кожны мог атрымаць у іх дапамогу і параду. Людзі плацяць невероагодныя грошы псіхатэрапеўтам. А можа паспрабавалі б бясплатна звярнуцца ў храм? А яшчэ нялішнім будзе часцей браць у рукі кнігу кніг – Біблію.

 

– Напэўна, Вам мноства разоў задавалі пытанні наконт доказу наступных сцвярджэнняў: Бог існуе, ёсць надзея на выратаванне, у чалавека ёсць душа…

– Я не баюся такіх пытанняў. Лічу, галоўны аргумент на карысць таго, што ўсё гэта мае быць, – наяўнасць у кожнага з нас (без выключэння) жадання жыць вечна. Значыць, у кожным з нас закладзена часцінка бясконцасці. Магчыма, яна і падказвае нам, што мы не толькі цела…

 

– 35 гадоў – значны шлях. Самі што лічыце асноўным на ім?

– Я шчыра, як мог, служыў і служу Богу і людзям. Першая парафія, якую ўзначаліў, была ў Браславе, затым служыў у Бабруйску, Гомелі, Магілёве, з 2005-га – на Валожыншчыне (Ракаў, Валожын, Забрэззе). Маю паслядоўнікаў. Асабліва ганаруся сваімі вучнямі, якія сёння служаць у Гомелі і Мінску. Хачу адзначыць: ксёндз, які б ні быў працавіты, адзін нічога не зробіць. Разам з вернікамі мы, як можам, упрыгожваем нашы храмы – праводзім рамонты, устанаўліваем алтары. За падтрымку і разуменне словы ўдзячнасці хачу выказаць усім, хто дапамагае: парафіянам, мясцовай уладзе, Івану Станіслававічу Маркевічу асабіста. Ганаруся сяброўствам з Благачынным Валожынскай акругі айцом Дзмітрыем Агіевічам, які шмат зрабіў для свайго прыхода і сяброўскіх адносін між католікамі і праваслаўнымі нашага горада.

 

– Ці знаходзіце час на хобі?

– Раней захапляўся рыбалкай. На малой разіме ёсць невялікае азярцо. Цудоўна было ранкам сустрэць там узыход сонца… Зараз, калі не стала бацькоў, рэдка наведваю мілыя сэрцу мясціны. Таму і любімы занятак закінуў. Апошнім часам лепшым баўленнем вольнай хвіліны, якіх бывае мала, лічу чытанне. Леў Талстой, Святлана Алексіевіч, беларускія класікі… Чытаеш і дзіву даешся: якімі ж разумнымі і таленавітымі бываюць людзі!

 

– Здагадваюся, што Вы пажадаеце нашым чытачам, і ўсё ж запытаю…

– Што яшчэ можа пажадаць святар? Веры вам, дарагія мае! Любіце адзін аднаго, шкадуйце, даруйце, дапамагайце. Толькі з Божай падтрымкай мы зробім свет лепшым і чысцейшым.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars