Бацькоўскай радасцю дзялюся…

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Піша вам Марына Генрыхаўна Шырвель з Івянца. У 2008 годзе газета друкавала артыкул пра лёс нашай сям’і. Але прайшло шмат часу, і прыспела неабходнасць расказаць гісторыю нанова…

Здавалася б, на першы погляд у нас самая звычайная сям’я – мы з мужам Дзмітрыем ды дзеткі. Але не ўсё так проста… Васямнаццаць гадоў таму нарадзіўся першынец. Хлопчык. Назвалі мы яго Ілля. І падумаць не маглі, што будуць складаныя роды, пасля якіх давядзецца змагацца за жыццё і будучыню свайго дзіцяці. У выніку бязводнага перыяду пацярпела цэнтральная нервовая сістэма немаўляткі. Урачы памылку не прызналі і выпісалі нас дадому з папярэджаннем “аб далейшым лячэнні”. Пры медаглядзе ў сталіцы вердыкт прагучаў як прысуд: ваш хлопчык не зможа гаварыць, хадзіць і шмат іншага ў тым жа ключы. Каб хто толькі ведаў, што мы перажылі!.. Было шмат слёз, адчаю. Пачаліся бясконцыя ўрачэбныя кансультацыі, працэдуры, масажы, замежныя таблеткі і ўколы, якія на той час было складана набыць. Наш татка працаваў практычна на адныя толькі лекі.

А праз год і тры месяцы нарадзілася і дачушка Даша. Дзякуючы маім старэйшым сёстрам, я змагла праходзіць у бальніцы з Іллюшам поўныя курсы лячэння. Сынок рос, і бацькоўскія клопаты ўвянчаліся поспехам. У 2 гады Ілля зрабіў першыя крокі. У тры годзікі ён афіцыйна атрымаў групу інваліднасці. Мы не сталі рабіць з гэтага тайну. Афіцыйнае заключэнне адкрыла перад намі многія дзверы, дало некаторыя льготы. У чатыры годзікі наш Іллюша разам з сястрычкай Дашай пайшлі ў Івянецкі дзіцячы садзік. Менавіта там мы пазнаёміліся з лагапедам-дэфектолагам Ірынай Якаўлеўнай Фінкоўскай, якая параіла звазіць сыночка ў Рэспубліканскую бальніцу паталогіі слыху, голасу і мовы. Пасля доўгага лячэння і заняткаў з лагапедам Ілля ў 6 гадоў пачаў размаўляць. А праз год разам з разумніцай-сястрычкай адправіўся за школьную парту. За гэта наша сям’я вельмі ўдзячна кіраўніцтву колішняга аддзела адукацыі райвыканкама, а таксама дырэктару школы, настаўніку геаграфіі Ірыне Раманаўне Рудай, якая паверыла ў здольнасці нашага дзіцяці і дазволіла яму вучыцца па агульнаадукацыйнай праграме. Нельга не згадаць тут і першую настаўніцу Лілію Іванаўну Мельячэнка: менавіта яна прывіла нашым дзецям шчырую любоў да вучобы, навучыла быць дружнымі ў калектыве.

Ішоў час. Даша пайшла ў музычную школу. Іллі таксама спадабалася музыка. Пачаў і ён наведваць гэту ўстанову. Пяць гадоў разам з сястрычкай ён вучыўся іграць на акардэоне. Як нам прыемна было, калі нашы дзеткі ў адзін дзень атрымалі дыпломы аб заканчэнні школы мастацтваў з добрымі адзнакамі…

Гады мільгнулі, быццам іх і не было. Дзеці выраслі, сталі зусім дарослымі. Сёлета яны заканчваюць адзінаццаты клас Івянецкай агульнаадукацыйнай школы. Іллі 2 мая споўнілася васямнаццаць. Дзякаваць Божаньку, з яго знялі групу інваліднасці. І цяпер пасля шматлікіх выпрабаванняў перад ім адкрываецца вялікая дарога ў будучыню. Разам з Дашай яны збіраюцца пакараць навучальныя ўстановы сталіцы. Ён марыць, што нарэшце здасць на правы і зможа ездзіць на аўтамабілі. Цяпер яму гэта дазволена. Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць усім настаўнікам нашай школы, асобным радком – класнаму кіраўніку 11 «А» Ірыне Міхайлаўне Чуйко і яе папярэдніку Мікалаю Іванавічу Лукашыку, якія ўвайшлі ў нашу сітуацыю і дапамаглі дастойна прайсці такі няпросты шлях. Нізкі вам бацькоўскі і мацярынскі паклон, дарагія!

У гэтым годзе збудзецца наша вялікая МАРА: на сцэне школьнай актавай залы Юзэфа Іосіфаўна Кулак уручыць атэстаты дзеткам. Тата станцуе школьны вальс з Дашачкай, а я – з Іллюшам. І, па праўдзе кажучы, я ўжо не хачу глядзець у вочы таму доктару, які калісьці даўно сказаў: «Вашаму дзіцяці не суджана вучыцца ў звычайнай школе»…

У добры шлях, дарагія дзеткі! Дзякуй усім добрым людзям і табе, раённая газета, што ўдзельнічалі і шчыра суперажывалі нашаму складанаму лёсу. Разам мы – сіла!

З павагай, сям’я Шырвель з Івянца

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars