Струменьчык нот з-пад спрытных пальцаў:

Нядаўна па традыцыі прайшоў справаздачны канцэрт Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў.

Жыхары райцэнтра кожны год з нецярпеннем чакаюць падобную ўрачыстасць. Многія, каб падтрымаць сваё дзіця, прыходзяць сем’ямі. І сёлета ў прасторнай зале раённага Цэнтра культуры, якая ледзь умясціла ўсіх жадаючых трапіць на мерапрыемства, сабраліся навучэнцы, іх бацькі і родныя, каб разам адчуць прыгажосць гучання жывой музыкі і павіншаваць выпускнікоў.

У фае гасцей сустракала выстава работ навучэнцаў аддзялення выяўленчага мастацтва.

Распачаў святочную праграму ўзорны духавы аркестр пад кіраўніцтвам Уладзіміра Грука, што з’яўляецца гонарам школы мастацтваў і, наогул, раёна. Кожнае яго выступленне выклікае масу станоўчых эмоцый. На гэты раз у віртуозным выкананні калектыву прагучалі некалькі вядомых твораў.

Слова для віншавання і ўручэння выпускнікам пасведчанняў аб заканчэнні Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў узяў дырэктар установы А. В. Язерскі. Ім было сказана нямала цёплых, добрых слоў у адрас навучэнцаў, іх бацькоў і педагогаў. 39 хлопчыкаў і дзяўчынак падняліся на сцэну, каб атрымаць свой першы дакумент аб адукацыі. 8 з іх закончылі аддзяленне выяўленчага мастацтва, 31 – музычнае. Андрэй Валер’евіч выказаў упэўненасць, што ў далейшым ім усім так ці інакш спатрэбяцца веды, набытыя ў сценах школы.

Затым на сцэну падняліся лаўрэаты і дыпламанты конкурсаў, пленэраў і алімпіяд, якія з рук дырэктара ўстановы атрымалі свае ўзнагароды. Таксама ён уручыў граматы тым, хто закончыў навучальны год на выдатна.

І вось распачалася канцэртная праграма. Кожны ўдзельнік стараўся паказаць родным, блізкім і знаёмым, чаму навучыўся за год, якіх поспехаў дасягнуў. Цёплымі і дружнымі апладысментамі прысутныя падтрымлівалі ўсіх, хто выходзіў на сцэну. Артысты хваляваліся, ім хацелася абавязкова выступіць удала. Нікога не пакінуў раўнадушным хор малодшых навучэнцаў. Ігру на фартэпіяна прадэманстравалі Варвара Трус, Яна Сівая, Ілля Барысевіч. Усеагульную сімпатыю выклікалі танцавальныя нумары малодшых школьнікаў “Чыка-рыка”, “Я малюю”, “Вясёлка жаданняў”. Замілавана і ўзнёсла прагучала мелодыя з кінафільма “Цыган”, якую на цымбалах выканала Вікторыя Гаспарэвіч. Прыгожая музыка струменілася і нараджала трапяткія пачуцці. Прыемна было паслухаць і дуэт цымбалістак Вікторыі Сіняўскай і Варвары Лянкевіч. Вясёлую “Яблычную карамель” выканала на баяне Валерыя Макей. Гучнымі авацыямі гледачы падтрымалі ансамбль з жыцярадасным папуры “Чыжык-пыжык”. Прыемныя хвіліны падарыла прысутным ігра на домры Алесі Жалтко і Аліны Дрозд.

Выступленні музыкантаў і танцораў перамяжоўваліся з песеннымі нумарамі. Цудоўна прагучала кампазіцыя “Гукі піяніна” ў выкананні Святланы Гомель і Данііла Міхеткіна. Кульмінацыйным нумарам мерапрыемства стала песня “Разам будзем на планеце”, падчас выканання якой на сцэну падняліся ўсе выступоўцы.

Справаздачны канцэрт стаў яркай падзеяй у жыцці райцэнтра, якая надоўга запомніцца кожнаму, хто завітаў у гэты дзень у раённы Цэнтр культуры.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars