Жывiце доўга i шчаслiва!

У раённым Цэнтры культуры прайшла ўрачыстасць, прысвечаная падвядзенню вынікаў праекта “Прафілактыка ўзроставых кагнітыўных змяненняў у пажылых людзей г. Валожына і Валожынскага раёна”.

У рэалізацыі грандыёзнай задумы – вывесці на высокі ўзровень работу з людзьмі, якія нарадзіліся да 1945 года і пацярпелі ад нацызму, – тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва аказаў падтрымку, у тым ліку і фінансавую, нямецкі фонд “Памяць. Адказнасць. Будучыня” (у рамках праекта “Месца сустрэчы “Дыялог” у супрацоўніцтве з ГА “Узаемаразуменне”). Першапачаткова прадказаць, што ўсё запланаванае атрымаецца, што аўтарам і выканаўцам удасца згуртаваць вакол сябе нераўнадушных асоб і разам з імі дастукацца да сэрцаў людзей, чые дзіцячыя і падлеткавыя гады прыйшліся на фашысцкую акупацыю, было немагчыма. Тым не менш, загадчыкі аддзяленняў установы (дзённага наведвання пажылых людзей, сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі) Ірына Кавяза і Аксана Жук, бухгалтар Жанна Краскоўская, псіхолагі Алена Жданюк і Вольга Пракопчык прыступілі да работы. Ім дапамагалі калектыў ТЦСАН і асабіста дырэктар Г. Ф. Рай. Партнёрамі падчас рэалізацыі многіх ідэй выступілі раённы краязнаўчы музей і РА “Беларускі саюз жанчын”.

Сёння ўся каманда можа смела сцвярджаць: “Мы гэта зрабілі!”, а пра тое, якімі цяжкімі былі першыя крокі, распавяла Ірына Кавяза – аўтар сцэнарыя мерапрыемства і яго вядучая. Яна адзначыла: асноўнай цяжкасцю работы з людзьмі залатога ўзросту з’яўляюцца забабоны, што, на жаль, здаўна ўкараніліся ў нашым грамадстве – пажылым нічога не патрэбна, няхай сядзяць дома і нікому не замінаюць… На шчасце, беларусы апошнім часам, як і большасць еўрапейцаў, актыўна “ваююць” са старазаветнымі пастулатамі. Людзі літаральна на вачах амаладзіліся. Зараз шасцідзесяцігадовыя пенсіянеркі выглядаюць, як зусім маладыя жанчыны – сочаць за фігурай, займаюцца фітнесам ці наведваюць басейн (нарэшце ў нас ёсць такая магчымасць!), гатуюць карысныя стравы, цікавяцца модай і стылем. Пацверджанне гэтаму – кожны, хто ўнёс свой уклад у карысную справу. Немагчыма было адразу вызначыць, колькі гадоў прыгажуням са ззяючымі позіркамі, што прахаджваліся па фае, размясціліся ў глядзельнай зале, выходзілі на сцэну.

Нібы старонкі фотаальбома, які ў нейкім сэнсе стаў сімвалам праекта, змянялі адзін аднаго асобныя эпізоды святочнай дзеі. Пад дэвізам “Стварайце і не дазваляйце сабе ленавацца” была адзначана праца кіраўнікоў валанцёрскай групы Юліі Гісіч і Алены Буклыс. Менавіта яны вучылі пажылых людзей маляваць карціны, вырабляць упрыгажэнні, сувеніры, бытавыя рэчы. Работа скіравана ў першую чаргу на развіццё ўважлівасці, захаванне дробнай маторыкі. А ў выніку з-пад рук пачынаючых мастачак выйшлі цудоўныя творы. Пабачыць іх можна было на выставе.

Валанцёры-псіхолагі ў сваю чаргу схілілі людзей да ўспамінаў. Фота, старыя рэчы, пісьмы… За час, адведзены на рэалізацыю праекта, сабраны ўнікальны матэрыял, што дазволіў стварыць напоўненыя глыбокім сэнсам і адмысловым густам інсталяцыі і фотазоны, а таксама стэнды, дзе экспанавалася работа па наступным кірунку праекта: “Гісторыя не храм, а майстэрня”. Пад кіраўніцтвам Алены Жданюк група аматараў-краязнаўцаў прадставіла крэатыўныя фотаработы, на якіх наш Валожын паўстае і ў сучасным выглядзе, і праз прызму часу.

Асобна выдзелілі арганізатары такі кірунак праектнай дзейнасці, як падарожжы. За год здзейснена мноства турыстычных паездак па Беларусі, арганізавана наведванне выстаў і тэатраў. Пра тое, наколькі рухавымі адчуваюць сябе людзі ў любыя гады, можна было меркаваць па выступленні групы прапагандыстаў фітнесу. Разам з інструктарамі ФАЦ на сцэну выйшлі жанчыны, якіх часта называюць маладымі пенсіянеркамі. Пад сучасную музыку, што звычайна гучыць на дыскатэках, аматаркі здаровага ладу жыцця паказалі: узрост не з’яўляецца перашкодай для рухавасці, выдатнай постаці і сілы. Цікава было назіраць у гэты момант і за залай. Гледачы пакінулі свае месцы і актыўна паўтаралі рухі тых, каму хапіла смеласці на ўдзел у незвычайным флэшмобе.

Раз-пораз на сцэну паднімаліся групы людзей, чыімі намаганнямі сацыяльнаму праекту гарантаваўся поспех. Валанцёры, іх падапечныя і памочнікі, спецыялісты ТЦСАН, удзельнікі клубаў для пажылых людзей “Верас” (пры РЦК), “Лэдзі” і “Залатая восень” (ТЦСАН) дзяліліся ўражаннямі ад набытага вопыту, спявалі. Было ўручана мноства лістоў з падзякай і падарункаў. Пранікнёныя, шчырыя словы гучалі ў адрас самых пажылых удзельніц праекта. Большасць з іх знаёмы нашым чытачам. Яны перажылі страты і беды, але захавалі жыццялюбства і аптымізм і не раз станавіліся гераінямі публікацый. Радаснымі апладысментамі віталі прысутныя Зою Лук’янаўну Разанаву, якая ад імя ўсіх, дзеля каго вялася работа, падзякавала дабрачынцам за ўвагу і клопат.

Цудоўнымі канцэртнымі нумарамі ўпрыгожылі святочную праграму работнікі культуры і артысты-аматары. Гурты “Сваякі” і “Дубінскія фанабэры”, ансамблі і салісты дарылі свае песні ўдзячным гледачам.

Каб павітаць няўрымслівых людзей, прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун, прадстаўнік ГА “Узаемаразуменне” Таццяна Гардзей, дырэктар ТЦСАН, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Галіна Рай. Падчас уручэння ўзнагарод Галіна Фадзееўна адзначыла: “Дзейнасць, скіраваная на падаўжэнне жыцця, захаванне здароўя і малодосці, – важнейшы складальнік сацыяльнай работы. Але тут многае залежыць ад кожнага з нас. Хто хоча захаваць энергічнасць, памяць, інтэлект і цудоўны настрой, той знойдзе для гэтага магчымасць. Наша ж задача – дапамагчы і падтрымаць кожнага ў імкненні да паляпшэння якасці жыцця”.

 

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars