Премьер-министр Михаил Мясникович с кратким рабочим визитом посетил СВК “Першаи-2003” Воложинского района

Общество

У мінулую нядзелю Валожынскі раён з рабочым візітам наведаў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч. Месцам яго прабывання стаў СВК “Пяршаі-2003”.

Заканамерна, што ў перыяд падрыхтоўкі аграрнага сектара да веснавых палявых работ знаёмства М. У. Мясніковіча з гаспадаркай пачалося з наведвання мехдвара. Кіраўніка ўрада краіны суправаджалі работнікі абласных ведамстваў, а таксама старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, старшыня гаспадаркі Я. Я. Скрундзь, іншыя афіцыйныя асобы. Ён быў праінфармаваны наконт гатоўнасці раёна і СВК, у прыватнасці, да пачатку сяўбы, ахарактарызаваны тэхнічны патэнцыял АПК, наяўнасць насеннага фонду і мінеральных угнаенняў, узнімаліся і іншыя пытанні. У цэлым пяршайцы, як і аграрыі раёна, гатовы правесці якасную сяўбу ў аптымальныя тэрміны. У распараджэнні сейбітаў нямала і энерганасычанай тэхнікі, гэта было бачна на прыкладзе СВК “Пяршаі-2003”.

Далейшае знаёмства з адной з эканамічна моцных гаспадарак раёна прадоўжылася з наведвання  жывёлагадоўчых фермаў у Явідаўшчыне, Бурбаўшчыне і Пяршаях. За апошнія гады мяса-малочная гаспадарка гэтага СВК выйшла на новы якасны ўзровень, дзякуючы новым тэхналагічным аспектам, а таксама рэканструкцыі, будаўніцтву новых памяшканняў. Таму істотных заўваг наконт арганізацыі работы, эканамічнай сітуацыі і не ўзнікала ў высокага сталічнага чыноўніка.  Прэм’ер-міністр пацікавіўся і ўзроўнем сацыяльнай сферы ў аграгарадку. Ён наведаў мясцовы Дом культуры, комплексны прыёмны пункт. Зразумела, што ў год прадпрымальнасці зайшла размова і пра развіццё прыватнай ініцыятывы, пра станаўленне малога і сярэдняга біснэсу ў сельскай мясцовасці. Міхаіл Уладзіміравіч лічыць, што на сучасным этапе вельмі важна павышаць эканамічную актыўнасць насельніцтва, усебакова падтрымліваць пачынанні тых, хто спрабуе праявіць свае здольнасці ў нейкай прыватнай справе. Кіраўнік урада выказаўся за наступны варыянт развіцця такіх сацыяльна значных сфер, як бытавое абслугоўванне і нават культура. Будзе толькі вітацца, сказаў ён, калі ў Валожынскім раёне знойдуцца жадаючыя на гэтай ніве адкрыць прыватную справу. У такім выпадку наш раён падаў бы прыклад смелага эксперыменту ў рэспубліцы ў цэлым. Так што справа толькі за асабістай ініцыятывай, а падтрымка ўжо гарантавана!

Праграма знаёмства з Пяршайшчынай уключала і наведванне ўрачэбнай амбулаторыі. Яе загадчыца Г. В. Коўрах расказала пра выкананне сацыяльных стандартаў медыцынскага абслугоўвання на вёсцы, дэмаграфічную сітуацыю, прывяла статыстыку найбольш распаўсюджаных захворванняў. Кіраўнік урада, у прыватнасці, пацікавіўся тым, як абслугоўваецца насельніцтва аддаленых вёсак, якія хваробы найбольш часта сустракаюцца ў падлеткаў. Дарэчы, у адказ на апошняе было зазначана, што лідзіруюць захворванні, звязаныя з сардэчна-сасудзістымі паталогіямі. Але гэта ў асноўным звязана з тым, што дзеці цяпер вядуць маларухомы лад жыцця і ва ўрон свайму здароўю гадзінамі сядзяць за камп’ютарамі…

Некалькі гадзін доўжыўся рабочы візіт прэм’ер-міністра, былі абмеркаваны дзесяткі надзённых пытанняў і прапаноў. Падводзячы вынікі паездкі ў наш раён, ён зазначыў, што ў цэлым убачаным застаўся задаволены.

Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий