Пачуць людзей i дапамагчы

Абслугоўванне жыллёва-камунальных патрэб насельніцтва патрабуе вялікіх працоўных і часавых затрат. І не сакрэт, што работнікам ЖКГ не заўсёды ўдаецца спраўляцца з узніклымі праблемамі. Калі са складанымі паломкамі абсталявання, аварыямі на камунікацыйных сетках яны імкнуцца да аператыўнасці, то да розных дробязей рукі і не даходзяць. А, між тым, менавіта дробязі нярэдка істотна атручваюць жыццё людзям. Каб спрацаваць на апераджэнне такіх сітуацый, і была праведзена “прамая тэлефонная лінія” з дырэктарам РУП “Валожынскі жылкамунгас” М. М. Унучакам.

У першы дзень лета да яго дазваніліся дзевяць чалавек. Самым надзённым пытаннем стала добраўпарадкаванне неасфальтаваных дарог. Падсыпка пяском і ліквідацыя выбоін патрабуецца на вуліцы 17 верасня ў райцэнтры, па вуліцы Зялёнай у Сугваздах, на перакрыжаванні дарог каля Порычаў. Хвалюе людзей і несвоечасовае скошванне травы, уборка прыдамавых тэрыторый. Нават у цэнтры горада, каля дома № 6 па вуліцы Партызанскай не ўсё ў парадку.

Жыхары вёскі Сакаўшчына звярнуліся з просьбай расшырыць мясцовыя могілкі. А вось самым стратным для бюджэту ЖКГ можа стаць зварот валожынцаў з дома № 12 па вуліцы Партызанскай – яны патрабуюць капітальнага рамонту сваёй трохпавярхоўкі.

Сігналы, якія датычацца камунальнай сферы, паступаюць і на адрас “Працоўнай славы”. Нядаўна праз сацыяльную сетку “Аднакласнікі” да нас звярнулася пенсіянерка з Пугачоў, інвалід II групы і паскардзілася, што ёй прыходзяць разліковыя лісты з рахункам на ваду. Хаця на самай справе жанчына не мае магчымасці самастойна набіраць ваду: паблізу – ні калодзежа, ні калонкі. Ваду ёй дастаўляе сын са свайго дома і аплачвае расход згодна з паказальнікамі лічыльніка. Як запэўнілі спецыялісты водаканала, разлікова-касавага цэнтра РУП “Валожынскі жылкамунгас”, сітуацыя будзе прааналізавана і вырашана. Лішніх грошай з жанчыны ніхто браць не збіраецца. Усе іншыя асабістыя звароты грамадзян да Міхаіла Міхайлавіча таксама не застануцца без увагі.

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars