Чэрвень

Лета на зіму працуе.

Лета прыгатуе, а зіма з’есць.

Хто ўлетку спіць, той узімку не есць.

У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар.

Чэрвень не гуляе – ураджай люляе.

Чэрвень сухі – плюнь на баравікі.

ПРЫРОДНЫЯ З’ЯВЫ

Чэрвень – пачатак лета, сярэдні месяц года, мае 30 дзён. Старажытнабеларускае найменне месяца – чірвець (червец), такая ж назва захавалася ва ўкраінскай і польскай мовах. Назва яго тлумачыцца з’яўленнем чарвякоў, а таксама чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэты час. Яшчэ чэрвеньскую пару называюць румянцам года, што ў пераносным сэнсе азначае чырвань, чырванець. Сапраўды, на чэрвень прыпадае самая большая колькасць дзён, калі пры ўзыходзе і захадзе сонца неба пачынае чырванець. 22 чэрвеня наступае летняе сонцастаянне – самы доўгі дзень і самая кароткая ноч. Пачынаецца астранамічнае лета, калі прырода канчаткова развітваецца з вясной.

Усё навокал пакрываецца багатай зелянінай. Адцвітае бэз. З таполяў і асін ляціць пух. Ружовымі шапкамі ўпрыгожваюцца кусты шыпшыны. Зацвітаюць язмін і каліна. Маліннікі ў час цвіцення напаўняюцца гулам чмялёў і пчол. Дні становяцца празмерна доўгімі, а ночы зусім кароткімі, духмянымі і цёплымі. Здаецца, што ў гэты час сонца хаваецца за гарызонт і затрымліваецца там толькі на кароткі момант. Не паспее дагарэць як след развітальная вячэрняя зара, а неўзабаве на ўсходняй частцы небасхіла праглядаюцца ўжо пасвятлеўшыя абрысы пяшчотна-ружовай палоскі ўзыходзячага заранку – ранішняя зара спяшаецца замяніць вячэрнюю. І сапраўды, зара з зарой сыходзяцца! У народзе кажуць пра гэты час, як пра пару, калі “цалуюцца зоры”.

Калі першы месяц лета ясны, цёплы і вільготны ад цёплых дажджоў, то яго называлі добрым, багатым, жыватворным. Працаўнікі вёскі сцвярджалі: “Калі сонечная “падсушка” чаргуецца з дажджавой “прымочкай” – чакай вельмі добрага ўраджаю збожжавых, агародніны, садавіны. Чэрвеньскія дажджы – прыбытак у засекі”.

Вельмі дзіўная і цудоўная ў гэты перыяд прырода. Расліны назапашваюць арганічныя рэчывы за кошт энергіі сонца. Лугі ператвараюцца ў суцэльныя пярэстыя дываны: цвітуць белы рамонак, сіні мышыны гарошак, жоўты казялец і чына лугавая, ружовая лугавая канюшына. Зацвітаюць незабудкі, светнікі, смолкі, са злакаў – аўсянніца лугавая і цімафееўка. На палях пышна зелянеюць ячмень і авёс, пшаніца пусціла шырокія парасткі, загусцеў лён. Людзі здаўна заўважылі, што жыта два тыдні красуе, два – наліваецца і столькі ж падсыхае. Немагчыма ўявіць жытнёвае поле без ярка-сініх агеньчыкаў – васількоў, пастаянных спадарожнікаў зерневых культур. Гэта ўшанаваная беларусамі кветка здаўна стала своеасаблівым паэтычным сімвалам краю, яшчэ яе называюць валошкай. У лесе з’яўляюцца першыя сапраўдныя грыбы – каласавікі. Назва іх агульная, зборная, якую яны займелі таму, што заўсёды вырастаюць якраз у перыяд каласавання жыта. А грыбы ж самыя звычайныя: баравікі, лісічкі, белыя сыраежкі. На жаль, пара каласавікоў нядоўгая – тыдзень-два, пакуль не выйшла жыта ў колас. Чэрвень – месяц першых ягад: сезон адкрываюць суніцы, паспяваюць чарніцы і буякі, пасля паклічуць да сябе густыя маліннікі.

Неўзабаве маладая вясновая зеляніна дрэў прыкметна цямнее, выпускае сваё прыгожае лісце папаратнік-арляк. Яго лісты перыстыя, сабраныя ў разеткі, і разам са сцяблом нагадваюць раскрыты парасон з ручкай. Сама ж разетка падобная больш ці менш да формы правільнай лейкі. У гэты час перастае кукаваць усім нам добра вядомая зязюля. Перыяд супадае з выхадам у колас ячмяню. Людзі кажуць, што зязюля быццам “папярхнулася” асцюком. На самай жа справе зязюля збірае вусеняў. Нягледзячы на тое, што яна ні на што не вартая матуля, але тым не менш вельмі карысная птушка, бо сотнямі здзёўбвае і паядае шкодных вусеняў і асабліва валасатых, на якіх “не спецыялізуюцца” ніякія іншыя птушкі.

У чэрвені асноўны занятак селяніна – нарыхтоўка сена. Вось якія парады давалі на гэты конт тагачасныя нашаніўскія календары: “Касі траву, пакуль луг не адкрасуе, бо пазней трава зацвярдзее і не будзе з яе карысці для жывёлы”, “Да Пятра высушыш траву і пад кустом, а на Пятра не сохне і на кусце”. Пра нядбайных гаспадароў, якія запазніліся і шукалі нейкія апраўданні, людзі гаварылі: “Калі ж касіць? Яму ўсё перашкаджае: раніцай росна, удзень – млосна, а вечарам камары кусаюць”.

СВЯТЫ І АБРАДЫ

На першую палову чэрвеня прыпадае цэлы цыкл вясенніх свят і прысвяткаў, вядомых пад агульнай і найбольш распаўсюджанай у беларусаў назвай – Тройца, якая адзначаецца на пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня. Свята Тройца, ці, як яго называюць у народзе, Сёмуха, Сёмік – сёмы тыдзень пасля Вялікадня – мае хрысціянскае паходжанне і святкуецца ў гонар сашэсця Святога Духа на апосталаў. У народнай лексіцы захаваліся і іншыя назвы гэтых дзён: Зялёныя святкі, Зелянец, Граны тыдзень, што паходзяць з язычніцкіх часоў і звязаны з уяўленнямі нашых продкаў аб прыродзе. “Зелянец – вясне канец” – так здаўна ахарактарызаваў чалавек гэтыя дні, Граны тыдзень (грань) – мяжа паміж вясной і летам.

Згодна з народным календаром, у суботу перад Тройцай спраўляюць траечныя (духаўскія, летнія) Дзяды, каб выказаць ім сваю любоў і падзяку і з надзеяй на іхнюю дапамогу ў паўсядзённых гаспадарчых і земляробчых справах. Гэты дзень яшчэ называлі Зелянцом, Зялёнай суботай, Зялёнымі святкамі, бо ў другой палове дня ўпрыгожвалі зелянінай падворак і хату. Асаблівая ўвага надавалася ўваходу ў двор і ў хату: усе бэлькі абтыркаліся аерам, а ў сенях – палыном. Пазней засохлыя галінкі здымалі і спальвалі на купальскім вогнішчы ці ўтыркалі пад страхой хлява і захоўвалі да восені як сродак ад навальнічных пажараў і буры.

Да нядаўняй пары існавала традыцыя, калі пастушкі на Тройцу завівалі вяночкі і вешалі іх на рогі каровам – вечарам гаспадары за гэта частавалі пастушкоў рознымі прысмакамі.

З траечнымі днямі ў народзе звязаны некаторыя павер’і і забароны: да Сёмухі нельга было рабіць бярозавыя венікі, на працягу Траечнага тыдня нельга гарадзіць плот ці рамантаваць бароны. Катэгарычна забаранялася працаваць у першыя тры дні Тройцы, а таксама хадзіць на працягу тыдня ў лес, купацца.

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ

Усё бажаство ў народным усведамленні асацыіравалася з пэўным цыклічным перыядам змен пораў года. Уяўлялася тагачаснаму чалавеку, што прырода, таксама як і чалавек, адчувала на сабе пэўны “ўзроставы” перыяд. Хаця гэты цыкл у прыродзе не такі, як у жыцці чалавека, але праводзілася своеасаблівая “паралель”: вясна – маладое жыццё любога з людзей, лета – яго сталенне, восень – час, калі ўваходзіць у заможнасць і найбольшую сілу, зіма – старасць. Раскладаючы па прыродным календары перыяды чалавечага жыцця, нашы продкі лішні раз падкрэслівалі, што ў прыродзе, асабліва ў язычніцкім уяўленні, адзін бог пары года змяняе іншага.

З надыходам лета (чэрвень) вясновую багіню Лялю змяняе летняя Цёця – жонка Перуна, апякунка ўрадлівасці сялянскіх палёў. У параўнанні з Ляляй яна ўяўляецца крыху старэйшай: прыгожай, велічнай, статнай, мажнай пажылой жанчынай. Апранута ў ільняную кужэльную белую кашулю з доўгімі і шырокімі рукавамі, якія сабраны рознакаляровымі аборкамі і аздоблены карункамі, шырокую і доўгую спадніцу з тонкай шарсцяной тканіны чырвонага колеру з багата аздобленымі фальбонкамі-складачкамі і сабраная плеценай рознакаляровай аборкай з кутасамі. Спераду на спадніцу павязаны двухполкавы фартух з вытканым чырвона-бардовым поясам, канцы якога прыгожа завязаны ззаду. Полы фартуха злучаны дэкаратыўным швом-расшыўкай. Край поля фартуха, рукавы і манішка кашулі ўпрыгожаны вышытымі шарсцянымі чырвонымі ніткамі арнамента кветкавага ўзору. Шыю і грудзі ўпрыгожвалі велічныя бурштынавыя пацеркі.

Галава пакрыта чапцом, які ў сваю чаргу абматаны наміткай (павойнікам) з тонкага кужэльнага палатна. Шыя таксама свабодна абматана наміткай, якая прыкрывае падбародак і плечы. Канцы наміткі звісалі ззаду на плячах ці завязваліся ў прыгожы вузел. Верх галаўнога ўбору пакрывае велічны прыгожы вянок, сплецены з самых прыгожых кветак і траў, аздоблены каласамі збажыны. Ногі абуты ў гарбарна-шавецкія аздобленыя чаравічкі, усланыя геаметрычным арнаментам і расшытыя “вяровачкай”. Час ад часу яна з’яўляецца ў полі з паўнюткімі кошыкамі ягад, рознай садавіны і агародніны. Вобраз багіні Цёці ўяўляе сімволіку ўрадлівасці, шчодрасці, багацця.

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars