Вайну немагчыма забыць…

Беларусь помнит, Минщина гордится

22 чэрвеня 1941 года – чорная дата ў гісторыі нашай краіны. Менавіта ў гэты дзень 78 гадоў таму прыйшла на беларускую зямлю фашысцкая навала – пачалася Вялікая Айчынная вайна. З кожным годам сведкаў тых падзей – франтавікоў, партызан, працаўнікоў тылу і проста мірных грамадзян, чыё жыццё апалена полымем страшнага ліхалецця, – становіцца менш. Зараз з намі засталіся ў асноўным людзі, якія ў далёкія саракавыя гады мінулага стагоддзя былі дзецьмі.

Надзеі Іванаўне КАВАЛЕНКА – 92 гады. У жанчыны цудоўная памяць, хоць, па яе словах, некаторыя падзеі і нават цэлыя перыяды жыцця хацелася б забыць назаўсёды. У першую чаргу – люты-сакавік 1944 года, калі разам з роднымі стала вязнем лагера смерці ў Азарычах…

Іх вёску Навасёлкі, што на Рагачоўшчыне, немцы спалілі – чысцілі плацдарм для абарончых збудаванняў. Маладых і моцных забралі капаць траншэі, іншых вывезлі на работу ў Германію. Пажылых, хворых, жанчын і дзяцей звезлі ў лес. Праз боль і нежаданне зноў перажыць страшныя дні раз-пораз перад вачамі паўстаюць рэдкі лес, калючы дрот, вокрыкі п’яных паліцаяў, нямецкая лаянка, сабачы брэх і… людзі, нашы беларускія людзі, якіх прывялі сюды на смерць. Іх трымалі пад адкрытым небам некалькі тыдняў. Навошта прыкладаць намаганні для знішчэння – самі памруць. І паміралі. Хто – ад тыфу, хто – ад холаду ці голаду, а каму дасталася куля пры спробе ўцячы…

Збавенне прыйшло раптоўна. Немцы адступалі пад націскам Чырвонай Арміі і, відаць, проста не паспявалі ліквідаваць сведкаў жудаснага злачынства. Знясіленыя, хворыя, яны не адразу зразумелі, што засталіся жывымі. Шматдзетная сям’я Надзеі паменшылася – страцілі малодшую сястрычку. Дзіцяці было толькі два з палавінай годзікі… Як жа накарміць астатніх шасцярых? Ад усёй гаспадаркі застаўся толькі стары хлеў. Там і пасяліліся. Мерзлі, галадалі, але не здаваліся – упарта хацелі жыць. Збіралі мінулагоднюю гнілую бульбу, розныя травы, ягады. Да таго ж ім аказвалі дапамогу людзі – дзяліліся апошнім. Надзея Іванаўна помніць, як першы раз пасля вызвалення засявалі соткі. З бульбай дапамагла замужняя сястра, якая жыла асобна і пазбегла фашысцкага засценка. Насенкі было да крыўднага мала. Маці і бацька прыдумалі рэзаць яе на сегменты па колькасці “вочкаў”. Пасля ўсе яны літаральна маліліся на тыя радкі, што доўга не хацелі ўзыходзіць. Прырода іх тады добра падтрымала. Год выдаўся ўраджайным. Выжылі.

Паступова завялі скаціну, будаваліся. А дзеці яшчэ і вучыліся. Праўду кажуць, што ў людзей, якія пабывалі на краі пагібелі, прага да жыцця выходзіць на неверагодны ўзровень. Так і з нашай гераіняй. Як яна старалася вучыцца! Як імкнулася займець прафесію, зарабіць грошай, дапамагчы бацькам…

Скончыла Бабруйскае педвучылішча. Па размеркаванні прыехала на Валожыншчыну. Працавала ў Радзюках, Лінках, Шчаўканах. Тут сустрэла будучага мужа, нарадзіла дзяцей – Галіну і Аляксандра. Сям’я педагогаў (Фёдар Канстанцінавіч – выкладчык рускай і нямецкай моў, Надзея Іванаўна – настаўнік пачатковых класаў) доўгія гады жыла інтарэсамі школы. Дачка – фізік па адукацыі, успамінае, як аддана працавалі бацькі, колькі часу прысвячалі свайму прызванню. Нават дома працягваўся іх “вечны педсавет”.

Да ўласных дзяцей муж і жонка былі строгімі, але гэта не перашкодзіла ім стаць сапраўднымі сябрамі. Давер, узаемная павага да пачуццяў кожнага і разам з тым свабода пры прыняцці рашэнняў – на такіх прынцыпах існавала і цяпер існуе сям’я Каваленка.

Што сёння наталяе яе душу? Успаміны. Любіць пераглядаць старыя фотаздымкі, іх у сямейных альбомах – безліч. Навіны з тэлевізара ці газет, гутарка з добрым чалавекам, клопат блізкіх. Жанчына шчыра пералічвае ўсё, што яе радуе і цешыць. “У нас, – дзеліцца ўспамінамі, – заўсёды быў культ кніг”. І зараз Надзея Іванаўна – заўзятая аматарка паэзіі, сапраўдная прыхільніца творчасці Канстанціна Сіманава. Ёй, якая перажыла жах вайны, асабліва дарагім стаў верш “Жди меня!”. На маю просьбу пачытаць жанчына не адмовіла, хоць і заўважна хвалявалася. Любога на маім месцы да глыбіні душы кранула б такое шчырае і трапяткое выкананне знакамітага твора. Вядома, яна добра ведае, што значыць выжыць у невыносных абставінах, і як у гэтым дапамагаюць вера, надзея і любоў…

Н. І. Каваленка даўно ўдава. Дзеці і нават унукі выраслі. Хапіла ў яе лёсе і станоўчых эмоцый, і засмучэння. Але пажылая жанчына па-ранейшаму не губляе аптымізму, упэўнена, што не мае на гэта права. У тым сырым, халодным лесе яна, у адрозненне ад многіх іншых, не засталася назаўсёды – выжыла. Дачакала 75-й гадавіны вызвалення Беларусі. Значыць, моцная. Значыць, жыццё працягваецца.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара

(Фото: «Беларусь памятае»)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *