Iмунолагi — байцы нябачнага фронту

Сёлетні Еўрапейскі тыдзень імунізацыі, які праходзіў напрыканцы красавіка, быў прысвечаны “героям вакцынацыі” – медыцынскім работнікам, што ўносяць вялікі ўклад у работу па забеспячэнні аховы жыцця людзей з дапамогай прышчэпак. Сюды без перабольшвання можна аднесці і бацькоў, якія прыводзяць дзяцей на вакцынацыю, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гэтым пытаннем і распаўсюджвае навукова абгрунтаваную інфармацыю для павышэння ўсвядомленасці іншых. Хочацца расказаць шмат важнага аб неабходнасці абараняць сваіх дзяцей, сябе ад цяжкіх інфекцыйных захворванняў, пра якія памятаюць толькі старажылы ў медыцыне, пра граматных, адказных медыцынскіх работнікаў, што гэтым займаюцца: колькі ўсяго неабходна захоўваць пры рабоце з вакцынамі, як дакладна і сумленна гаварыць з бацькамі, каб абараніць малыша ад дыфтэрыі, поліяміеліту, адру, слупняку…

Стабільнасць эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва нашай краіны шмат у чым падтрымліваецца дзякуючы найбольш эфектыўнай і бяспечнай меры прафілактыкі – вакцынацыі, якая на працягу многіх дзесяцігоддзяў дазваляе прадухіляць эпідэміі і цяжкія выпадкі захворванняў. Самая вялікая праблема зараз у правядзенні планамернай і карпатлівай работы ў гэтым кірунку – катэгарычная, а часам і матываваная чуткамі адмова бацькоў ад вакцынацыі сваіх дзяцей. Часцей за ўсё адмаўляюцца тыя, хто ў свой час быў поўнасцю абаронены вакцынай ад інфекцыйных захворванняў, бо калісьці прышчэпкі рабілі ўсім: пачынаючы ў радзільным доме, далей – у дзіцячай кансультацыі, садку і школе. Таму ў дзяцінстве гэтыя людзі не хварэлі, але цяпер падвяргаюць рызыцы сваіх дзяцей – на самай справе страшна ўсведамляць, што ў XXI стагоддзі, калі ўзровень медыцыны настолькі высокі, можна памерці ад адру.

Чаму вакцынацыю робяць такой страшнай? Праціўнікі прышчэпак бачаць у іх зло, якое разбурае імунітэт і прыводзіць да небяспечных ускладненняў. Такія чуткі падтрымліваюць нават некаторыя ўрачы.

У апошнія два гады свет накрылі новыя эпідэміі: непрышчэпленыя людзі заражаюцца высоказаразнымі інфекцыямі са 100-працэнтнай верагоднасцю. Летась, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, больш за 82 тысячы дзяцей і дарослых у Еўропе заразіліся на адзёр: эпідэмія пачалася яшчэ ў 2017-м. У Расіі толькі за снежань 2018-га і студзень 2019-га захварэўшых на адзёр стала ў 3,5 раза больш: 2538 замест 725-і за два аналагічныя месяцы 2017 года. Сёлета ў нашай краіне зарэгістравалі 45 лабараторна пацверджаных выпадкаў адру, з іх 24 – завозныя, астатнія звязаны з імі. Захворванне на адзёр адзначана ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

У Валожынскім раёне адмова ад правядзення прышчэпак таксама стаіць востра. На пачатак года па жаданні бацькоў супраць адру не атрымалі ні адной прышчэпкі 128 дзяцей, 38 адмовіліся ад паўторнай вакцынацыі. Найбольшая колькасць нежадаючых – у раённай паліклініцы і Ракаўскай участковай бальніцы. На жаль, адказнасць за тое, што дзеці не прышчэплены, ускладзена толькі на медыкаў, хаця рашэнне абараняць ці не сваіх дзяцей ад інфекцый прымаюць бацькі. Размаўляючы з імі, можна пачуць рознае: маўляў, няхай у малыша развіваецца ўласны імунітэт, вакцыны небяспечныя і з’яўляюцца крыніцай многіх цяжкіх захворванняў. Некаторыя матулі ў асабістай размове запэўніваюць, што медыкі, якія займаюцца вакцынацыяй, зацікаўлены ў яе правядзенні, бо цесна ўзаемадзейнічаюць з фармацэўтычнымі кампаніямі і нават маюць ад апошніх матэрыяльны прыбытак. Запэўню: ніякай фінансавай дапамогі ад фармвытворцаў ніколі не атрымлівала, а вось памерлых ад дыфтэрыі ў Расіі напачатку 90-х гадоў бачыла.

У красавіку-маі раён атрымаў на бязвыплатнай аснове вакцыну супраць адру з Расійскай Федэрацыі, якой неабходна абараніць у першую чаргу медработнікаў, каб, у выпадку іх захворвання, адзёр не распаўсюдзіўся сярод пацыентаў бальніц. Пасля прышчэпку павінны зрабіць мігранты, бежанцы; людзі, якія будуць прымаць удзел у II Еўрапейскіх гульнях у Мінску; асобы, што выязджаюць у краіны Еўропы на адпачынак ці ў вандроўку і не маюць даных аб вакцынавым статусе.

Імунапрафілактыка – адзін з самых цяжкіх і адказных раздзелаў у аказанні медыцынскай дапамогі. У нашым раёне за апошнія гады медыцынскімі сёстрамі, фельчарамі, урачамі праведзена каласальная работа як у набыцці спецыфічнага абсталявання і сістэм кантролю для забеспячэння найстражэйшага, як яго называюць, “холадавага ланцужка” пры транспарціроўцы, захаванні вакцын, так і ў правядзенні самой вакцынацыі і ўзаемадзеянні з насельніцтвам у гэтым напрамку. Валожынская райбальніца, нягледзячы на выдаткаванне дзяржавай бясплатных вакцын для насельніцтва, набывае вакцыны для немаўлят самых лепшых у свеце кампаній-вытворцаў “Глаксасмітклайн” брытанскай вытворчасці і іншых.

Карыстаючыся магчымасцю, хочацца падзякаваць за карпатлівую работу, старанне, добрасумленнасць і вялікую адказнасць у правядзенні вакцынацыі медыцынскім работнікам Валожыншчыны: фельчару і медсястры прышчэпкавага кабінета раённай паліклінікі Ядвізе Іосіфаўне Княжэвіч, якая больш за 40 гадоў займаецца гэтым кірункам дзейнасці, і Міры Іванаўне Макаранка, памочніку ўрача Багданаўскай урачэбнай амбулаторыі Вользе Тадэвушаўне Шынгер, загадчыцы і медсястры Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі Аліне Уладзіміраўне Круцько і Ірыне Уладзіміраўне Таўгень, медсястры Гародзькаўскай урачэбнай амбулаторыі Галіне Міхайлаўне Пастарнак, медсястры Ракаўскай участковай бальніцы Іне Васільеўне Ярмольчанка, старшай медсястры і медсястры Івянецкай паліклінікі Валянціне Аляксандраўне Кухарчык і Але Фадзееўне Шкрадзюк, медыцынскай сястры Пяршайскай урачэбнай амбулаторыі Тамары Пятроўне Більдзюк, загадчыцы аптэкі Валожынскай райбальніцы Ларысе Аляксандраўне Борыс.

Не хочацца кідаць гучна вялікія лозунгі ці звароты – урэшце кожны прымае рашэнне сам за сябе і за сваё дзіця. Але пра што хочацца спакойна і ціха сказаць бацькам: думайце, калі ласка, думайце і не пазбаўляйце свайго малыша права быць здаровым. Думайце і прымайце ўзважанае рашэнне. Рызыка не патрэбна там, дзе ідзе размова пра здароўе дзяцей.

урач-імунолаг Валожынскай райбальніцы

Таццяна ТУРПАКОВА

Фота Сяргея БОБРЫКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars