Няма мастацтва больш карыснага, чым медыцына

Общество

Так сцвярджаў старажытны філосаф Пліній Старэйшы. З меркаваннем рымскага мудраца не паспрачаешся. Вядома ж, у жыцці самае галоўнае – само… жыццё. Таму ва ўсе часы дзейнасць тых, хто стаіць на яго варце, ацэньвалася і ацэньваецца высока.

Віншаванні з прафесійным святам і словы падзякі за самаадданую працу гучалі на мінулым тыдні ў адрас кожнага прафесіянала медыцынскай галіны. У РЦК ушанавалі лепшых урачоў, фельчараў, медыцынскіх сясцёр, прадстаўнікоў малодшага медперсаналу Валожыншчыны. Сваё прызнанне людзям у белых халатах выказаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун. Ён адзначыў: “Наша ўяўленне пра шчасце заўсёды падмацоўваецца самаадчуваннем. Не сакрэт, што па-сапраўднаму камфортна могуць існаваць толькі тыя, хто вызначаюцца выдатным здароўем. таму прафесія медыка выклікае вялікую павагу кожнага з нас. Менавіта яны ўступаюць у барацьбу з самымі рознымі захворваннямі і тым самым забяспечваюць якасць нашага жыцця”. Ігар Уладзіміравіч прыйшоў на ўрачыстасць не з пустымі рукамі. Ганаровая грамата райвыканкама стала выдатным падарункам урачу-хірургу, загадчыку хірургічнага аддзялення ЦРБ Уладзіміру Мікалаевічу Чыжыкаву, а падзякі старшыні райвыканкама – галоўнаму ўрачу РЦГіЭ Паўлу Мікалаевічу Сароку, урачу агульнай практыкі Ганне Уладзіславаўне Вількевіч і памочніку ўрача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Наталлі Уладзіміраўне Бараноўскай. Прымала ў гэты дзень віншаванні і Ірына Юр’еўна Грыка. Напярэдадні прафесійнага свята ўрач-гігіеніст РЦГіЭ аказалася ў ліку лепшых медыкаў рэспублікі – ёй уручаны нагрудны знак “Выдатнік аховы здароўя”.

Галоўны ўрач ЦРБ Павел Алегавіч Ганчар у сваёй прамове падкрэсліў: “Значны ўклад у справу развіцця раённай медыцыны ўносіць кожны супрацоўнік медустаноў раёна, незалежна ад таго, які запіс маецца ў яго дыпломе. У лекарскай справе няма другасных функцый. Вынік нашай дзейнасці залежыць і ад кваліфікацыі доктара, і ад навыкаў працэдурнай сястры, і ад якасці харчавання, і ад чысціні, што стварае санітарка”. Згодна з загадам, зачытаным намеснікам галоўнага ўрача Марыяй Зянонаўнай Магільніцкай, заслужаныя ўзнагароды – Ганаровыя граматы ЦРБ – атрымалі звыш 50-і работнікаў, у тым ліку тыя, чый працоўны стаж адпавядае юбілейным датам. Самыя шчырыя словы, безумоўна, гучалі ў адрас паважаных ветэранаў працы. У час, калі яшчэ не існавала камп’ютараў, апаратаў УГД, тамографаў, аналізатараў для выканання складаных лабараторных даследаванняў і іншых сучасных памагатых, а ўмовы працы былі далёкімі ад сённяшніх (прыстасаваныя цесныя кабінеты, недасканалая тэхніка), яны – Раіса Аляксандраўна Пялейка, Ніна Барысаўна Маркоўская (50 гадоў працы), Ірына Вікенцьеўна Вінаградава (45 гадоў), Марыя Іосіфаўна Пыжык, Наталля Уладзіміраўна Гарбачэўская, Алена Іосіфаўна Рубан, Святлана Паўлаўна Санталава, Лілія Васільеўна Закрэўская (40 гадоў) і многія іншыя іх калегі – штодзённа і карпатліва змагаліся за здароўе жыхароў Валожыншчыны.

Галоўны санітарны ўрач раёна Павел Мікалаевіч Сарока таксама далучыўся да віншаванняў. “Прадстаўнікі прафілактычнай медыцыны побач з аднадумцамі-лячэбнікамі клапоцяцца пра здароўе і якасць жыцця грамадзян. Нашымі намаганнямі не дапускаецца распаўсюджванне інфекцыйных захворванняў, кантралюецца стан абслугоўвання ў пунктах грамадскага харчавання, праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы. За добрымі паказчыкамі адносна эпідэміялагічнага стану на тэрыторыі раёна стаіць невялікі, але дружны калектыў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі”, – прагучала са сцэны. Лепшым работнікам установы ўручаны ўзнагароды. Ганаровай граматай абласнога ЦГіЭ адзначана памочнік урача-паразітолага Кацярына Пятроўна Кавальчук, падзякай – сакратар Аксана Валер’еўна Федаровіч.

У святочнай праграме прынялі ўдзел старшыня прафсаюзнага камітэта ЦРБ Антон Віктаравіч Дубінка, старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Алена Іванаўна Клачко. Падарункі ад грамадскага аб’яднання атрымалі спецыялісты, што вызначаюцца высокім прафесіяналізмам і грамадскай актыўнасцю.

Праграму ўрачыстасці расквецілі самадзейныя артысты. Салісты і калектывы РЦК ад шчырага сэрца віталі медыцынскіх работнікаў і шчодра дарылі ім сваю творчасць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *