Папаўненне Валожынскага гарнiзона прыняло прысягу

Общество

У мінулую суботу ў райцэнтры было людна. З розных куткоў краіны з’ехаліся родныя і сябры навабранцаў, якія ў гэты дзень сталі паўнапраўнымі ваеннаслужачымі тэрміновай службы воінскай часці 30695.

Маладое пакаленне вітаў камандзір 153-й Кёнігсбергскай асобнай радыётэхнічнай брыгады асобага прызначэння Андрэй Калач, пасля чаго адбылася працэдура прыняцця прысягі. Выраз “Служу Рэспубліцы Беларусь!” прагучаў 38 разоў. Сярод тых, хто прысягнуў на вернасць Айчыне, аказаліся пяцёра дзяўчат. Валожыншчыну ж прадставіў Мацвей Жалнерчык.

Сярод ганаровых гасцей урачыстасці былі начальнік Галоўнага ўпраўлення – намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл генерал-маёр Павел Ціханаў, ветэран часці, кавалер ордэна “За службу Радзіме 3-й ступені”, член раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік Уладзімір Сёмін. З бацькоўскім наказам выступіла Таццяна Гаварэнь, а яе сыну Арцёму было прадастаўлена права трымаць слова ад імя маладых салдат.

У правядзенні воінскага рытуалу прыняў удзел Благачынны Валожынскай акругі айцец Дзмітрый Агіевіч. Благаславенне ад яго атрымалі галоўныя героі святочнага мерапрыемства, афіцэры і ўсе прысутныя. Затым паўнапраўныя салдаты прайшлі па абноўленым пляцы ўрачыстым маршам.

У гэты ж дзень кіраўніцтва часці наладзіла сустрэчу з роднымі маладых ваеннаслужачых і прадаставіла шчаслівым сваякам магчымасць правесці пэўны час са сваімі сынамі і дочкамі, братамі і сёстрамі, сябрамі і каханымі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *