Падпiску прапаноўвалi паштавiкi

Общество

Вынікова прайшла чарговая акцыя “Дзень падпісчыка”, якую па традыцыі правялі валожынскія паштавікі ў разгар падпісной кампаніі на трэці квартал 2019 года.

У кліенцкай зале ўчастка паштовай сувязі наведвальнікаў віталі начальнік Людміла Леанідаўна Шаўрэй і інструктар па падпісцы Ганна Францаўна Мамонька. Візіцёраў было шмат, таму і працаваць было з кім. Хтосьці мэтанакіравана прыйшоў для афармлення падпіскі, іншыя скарысталі прадастаўленую магчымасць пасля таго, як адправілі ці атрымалі пасылкі, аплацілі рахункі, набылі неабходныя тавары. Але ніхто не пакінуў пошту з пустымі рукамі – для ўсіх знайшліся сувеніры – часопісы, газеты.

У гэты дзень выбіралі ў асноўным самыя вядомыя перыядычныя выданні. Было аформлена 300 падпісных дакументаў. У агульны залік пайшоў 21 экзэмпляр “СБ. Беларусь сегодня”, 11 – “Знамя юности”, 25 – “Мінскай праўды”.

Прыемна, што ў першую чаргу валожынскія аматары СМІ выбіралі наша выданне (62 экзэмпляры). Добразычлівыя водгукі, безумоўна, грэюць сэрцы калектыву “Працоўнай славы”. Хтосьці з чытачоў адзначаў, што любіць чытаць навіны, каму больш па душы артыкулы пра людскія лёсы, некаторыя аддаюць перавагу рэпартажам з розных мерапрыемстваў.

Лідзія Міхайлаўна Кушаль завітала на акцыю разам з унучкай Ксеніяй. Жанчына прызналася, што ў іх сям’і раёнку чытаюць усе. Асабліва падабаецца бачыць на старонках знаёмыя твары. Да нашай размовы далучылася і Таццяна Яўгеньеўна Балдоўская. Падпісчыца са стажам ведае прозвішчы аўтараў, сочыць за падзеямі. Нават выказала пажаданне, каб мы размяшчалі больш падрабязную інфармацыю, якая анансуе дзейнасць РЦК. Малады мужчына Сяргей Мікалаевіч Уласенка таксама, што называецца, наш чалавек.

Да акцыі далучыліся і маленькія наведвальнікі, яны шчыра радаваліся прыемным сюрпрызам – папулярным дзіцячым часопісам.

У 17.00 з дапамогай даставачных картак адбыўся розыгрыш асноўных прызоў. У хуткім часе паштальёны перададуць падпісчыкам выйграныя імі канцтавары, цацкі, прадметы быту.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *