Iх крэда — абараняць падлеткаў

Закон и порядок

19 чэрвеня супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС адзначылі прафесійнае свята. Менавіта ў гэты дзень у 1935 годзе пры райаддзелах міліцыі былі створаны дзіцячыя пакоі. Адна з галоўных задач службы, што належала да крымінальнага вышуку, была наступнай: ліквідацыя безнагляднасці дзяцей і падлеткаў. Зараз ІСН – структурнае падраздзяленне міліцыі грамадскай бяспекі, а яе галоўная функцыя – прафілактыка правапарушэнняў у дзіцячым і падлеткавым асяроддзі.

Як адзначае Алег Казіміравіч Карачун, які ўзначальвае Валожынскую інспекцыю з 2008 года, служба ў ёй вельмі спецыфічная. Супрацоўнікі павінны арганізоўваць работу такім чынам, каб сумесна з усімі суб’ектамі прафілактыкі – упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме, камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама і іншымі – не дапусціць росту дзіцячай злачыннасці. У адносінах да юных грамадзян, якія паспелі здзейсніць штосьці дрэннае, праводзяцца сур’ёзныя рэабілітацыйныя мерапрыемствы з мэтай даць шанц на выпраўленне. Нягледзячы на тое, што цесныя стасункі з падлеткамі і іх бацькамі (паводзіны іх бываюць досыць спецыфічнымі) не кожнаму дазволяць паспяхова працаваць у ІСН (патрэбна быць тонкім псіхолагам, педагогам ад Бога, граматным юрыстам і справядлівым чалавекам), кадравыя перастаноўкі тут адбываюцца нячаста. Побач з Алегам Казіміравічам больш за пяць гадоў вопытныя супрацоўнікі Святлана Міхайлаўна Лукашанец і Наталля Уладзіміраўна Мікалаеўская.

Калектыў працуе стабільна, улічвае тэндэнцыі часу і вопыт калег-папярэднікаў. Кіраўнік і інспектары сцвярджаюць: праз іх кабінет прайшлі лепшыя. У свой час за работу з непаўналетнімі валожынцамі адказвалі Уладзімір Мікалаевіч Супрун, Вадзім Леанідавіч Петыш, Алег Віктаравіч Матус. Цяперашні начальнік крымінальнага вышуку Арцём Пятровіч Гульба таксама прайшоў школу ІСН. Зараз хлопчыкаў і дзяўчынак, у дачыненні да якіх праводзіцца прафілактычная работа, налічваецца трохі больш за 40 чалавек. Лічба на працягу года вар’іруецца і складае сярэдні паказчык на абласным узроўні. У цэлым жа па раёне за апошнія гады колькасць дзіцячых злачынстваў і правапарушэнняў знізілася. У ІСН ганарацца гэтым фактам і з удзячнасцю адзначаюць цудоўныя партнёрскія адносіны з педагогамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў, калегамі з іншых падраздзяленняў РАУС у рабоце з дзецьмі і іх сем’ямі. Дарэчы, за ўклад у прафілактычную работу кожны супрацоўнік узнагароджаны Падзякамі Упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *