Вогненны хутар частка яе жыцця

“Пусці мяне, там мая мамка!” – Надзея вырвалася з рук немца і кінулася да маці. Тая, разгублена азіраючыся, адпіхвала дачку. З двух бакоў прытуліліся малодшыя дзеці. Бацька ўсхвалявана прашаптаў старэйшай: “Ідзі, куды сказалі, дачушка, усё будзе добра, калі і забяруць на работы – нічога, абы ў жывых застацца…”

Гэта адбылося 23 ліпеня 1943 года. Без тлумачэння прычын фашысты павыганялі з хат жыхароў Шараёў і суседніх вёсак і, падганяючы злоснымі вокрыкамі, павялі ў бок Дубоўцаў. Асірацелыя хаты палалі – адразу былі падпалены паліцаямі.

Каля вялікага гумна на хутары Лапіцы людзей сталі сартаваць – маладых адводзілі асобна, старэйшых і дзяцей – асобна. Юную Надзею ШЭЎЧЫК тры разы перакідвалі з аднаго натоўпу ў другі. Хтосьці выказаў думку: адбіраюць на вываз у Германію. Таму дзяўчынка, якой толькі споўнілася 13 гадоў, усімі сіламі старалася не адарвацца ад сваіх – было вельмі страшна. Старэйшыя, відаць, разумелі, што будзе далей, таму выпіхвалі дзяцей у кола моладзі – спадзяваліся: фашысты з імі не расправяцца, ім жа патрэбна рабочая сіла.

Яна аказалася ў групе юнакоў і дзяўчат. Як толькі адбор быў скончаны, закамандавалі рухацца ў вёску. Што адбылося далей, на іх шчасце, бачыць не давялося, але гвалт, крыкі і стогны яскрава сведчылі: людзі гінуць. Тое гумно на хутары стала месцам вялікага злачынства на ўзроўні зверства. Ні ў чым не вінаватыя 125 чалавек загінулі ў пакутах. Іх спалілі жывымі! Сярод ахвяр – і родныя Надзеі: бацька, матуля, брацікі сямі і трох гадоў. Малодшая сястра ў той дзень пасвіла авечак. З поля яе забрала цётка – вестка пра падзеі ў Лапіцах хутка распаўсюдзілася па наваколлі. Людзі былі так напалоханы, што да месца трагедыі не адзін дзень баяліся наблізіцца. У адной з сем’яў хаваўся чырвонаармеец. Менавіта ён і некалькі мясцовых сялян першымі падышлі да хутара. Мужчыны, як змаглі, пахавалі ахвяр жудаснай расправы. Пазней тут быў устаноўлены помнік.

Надзея аказалася ў канцлагеры Урочышча пад Мінскам. Як і іншыя вязні, капала траншэі – Чырвоная Армія наступала, немцы ўмацоўваліся. Калі слухаеш аповед пажылой жанчыны пра тое, як яна вытрымала ўсё, разумееш: нельга ні ў якім разе наракаць на жыццё. Асабліва калі ты сыты, апрануты, маеш жыллё, а родныя – жывыя… Іх забралі летам, вядома ж, і апрануты яны былі лёгка. Набліжалася восень… А голад! Большасць з перажытага лепш нават не ўяўляць…

На выручку няшчасным прыйшлі сваякі і мясцовыя жыхары. Яны прывозілі і прыносілі адзенне, ежу і за пэўную плату падпіўшым паліцаям перадавалі сціплыя дары ў худыя рукі змучаных людзей. Наведвалі сваіх і жыхары Валожыншчыны. Аднойчы, у час сустрэчы праз калючы дрот, адзін з немцаў раптам выпіхнуў Надзею за вароты. Што гэта было? Спагада? Пакаянне за здзейсненае? Можа яна нагадвала яму ўласную дачку? Цяжка сказаць… Дзяўчына не запомніла яго твар. А, між іншым, менавіта ён, чалавек у нямецкай форме, падарыў ёй жыццё. Наўрад ці выжыла б у тым пекле. Штосьці зрабілася са зрокам, пачала слепнуць на адно вока, стала худой і нямоглай. “Я б ці сама памерла, ці застрэлілі б, як іншых”, – проста, на дзіва спакойна разважае сёння. Сапраўды, якія ў яе могуць быць эмоцыі пасля ўсяго, праз што прайшла ва ўзросце, калі некаторыя яшчэ ў лялькі гуляюць?

Вярнулася. Бацькоў няма, як няма і роднай хаты. Прытулілі сваякі. Увесь перыяд жыцця ад вызвалення з палону да замужжа Надзея Тарасаўна апісвае некалькімі словамі: “Неяк жыла, працавала, плакала…” Юнай сіраце пашанцавала. Яе палюбіў добры хлопец. У васямнаццацігадовым узросце выйшла за яго і, на шчасце, ніводнага разу пра гэта не пашкадавала. Іван Васільевіч Ванслаў быў цудоўным чалавекам – працавітым, клапатлівым. Абое шчыравалі ў калгасе, пабудавалі дом, выгадавалі чацвярых дзяцей. Нягледзячы на безліч гаротных успамінаў, Надзея ніколі не адчайвалася. Яна любіла спяваць, умела сябраваць, шкадаваць людзей, у яе невялікім доме заўсёды было ўтульна. А яшчэ з той пары, як стала маці, ніколі не дапускала, каб дзеці былі галоднымі – хопіць, пагаладала за ўсіх…

Яна даўно ўдава. У сваю хату вяртаецца толькі летам. Дачка Людміла, жыхарка Маладзечна, даглядае матулю, клапоціцца пра яе. Руплівай працаўніцы бывае сумна – ногі не ходзяць, зрок, страчаны ў 40-я, стаў слабейшым, рукі баляць… Але яна, як і раней, не здаецца. “Каму гараваць, таму не паміраць”, – паўтарае часта.

Пра тое, што Надзея Тарасаўна – адзіны сведка той трагедыі, я даведалася ад начальніка Дорскага аддзялення паштовай сувязі. Людміла Анатольеўна Ганчарык добра ведае сям’ю Ванслаў. Аповед пра жудасныя падзеі ўразіў жанчыну да глыбіні душы, таму вырашыла патэлефанаваць у рэдакцыю.

Мы параіліся з дачкой, ці варта звазіць матулю ў Лапіцы да помніка. Тая, падумаўшы, ад ідэі адмовілася: “Будзе плакаць, расхвалюецца, адно тое, што зноў усё гэта ўспомніла, моцна яе душу развярэдзіла. Таму не трэба…”

Паверце, дарагія чытачы, вельмі няпроста слухаць яе аповед. А памяць у Надзеі Тарасаўны добрая, захавала ўсё. Некалькі разоў хацелася яе спыніць, папрасіць, каб не расказвала. Я не стала апісваць для вас усе падрабязнасці, прачытаць іх было б неверагодна цяжка. Але ж хочацца, каб людзі не забывалі, што такое адбывалася насамрэч, ды і зараз час ад часу свет скаланаецца ад неверагодных злачынстваў супраць чалавецтва. Спадзяюся, калі-небудзь людзі дойдуць да такой ступені развіцця, калі перастануць забіваць адзін аднаго…

Нізкі паклон Вам, Надзея Тарасаўна, – добры, шчыры, з цудоўнай душой чалавек! Жывіце доўга, радуйце дзяцей, унукаў, праўнукаў. Спявайце свае прыгожыя песні і пастарайцеся адпусціць у нябыт страшныя падзеі Вашага дзяцінства.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars