Нялёгкi лёс Iвана

У вёсцы Жураўцы пражывае цудоўны чалавек Іван Несцеравіч БАРАДАКА. 19 мая ён адсвяткаваў 95-гадовы юбілей. Суседзі вельмі паважаюць і цэняць мужчыну, яго лад жыцця выклікае ў іх сапраўднае захапленне.

Менавіта аднавяскоўцы сталі ініцыятарамі напісання гэтага артыкула. Яны завіталі ў рэдакцыю і распавялі пра Івана Несцеравіча. Нягледзячы на сталы ўзрост, ён не цураецца працы: садзіць агарод, бульбу і заўсёды атрымлівае выдатны ўраджай. Трымае каня, на якога сам сянуе. Адзін паедзе, накосіць, высушыць, а калі вязе сена дамоў, суседзям застаецца толькі здзіўляцца, як гэты невысокі, хударлявы мужчына здолеў накласці такі вялікі і прыгожы воз. І ідзе ён, чуць вышэйшы за драбінкі, збоку, бо залезці наверх ужо цяжка, і вядзе за лейцы каня. Добры і прыстойны па натуры, ніколі нікому не адказвае ў дапамозе. І каня дасць, і, калі трэба, нейкую частку работы возьме на сябе.

Яшчэ І. Н. Барадака – глыбока веруючы чалавек. Кожную нядзелю і ў вялікія святы наведвае храм Святых Роўнаапостальных Канстанціна і Алены. Якое б ні было надвор’е і самаадчуванне, дабіраецца ў Валожын, каб пабыць на службе.

Гледзячы на гэтага спакойнага, ураўнаважанага чалавека, цяжка нават уявіць, які нялёгкі лёс выпаў на яго долю. Нарадзіўся Іван Несцеравіч у далёкім 1924 годзе ў Сівіцы. Зразумела, што дзяцінства прыпала на час, калі заходняя частка Беларусі знаходзілася пад польскай уладай. Як гаворыць наш герой, бацькі мелі паўнадзела зямлі, таму сям’я лічылася заможнай. Трымалі каня, трох кароў, авечак, свіней. Хлопчык закончыў чатыры класы польскай школы, і ў дванаццаць гадоў на яго дзіцячыя плечы ўжо лягла цяжкая мужчынская праца. Трэба было дапамагаць бацьку апрацоўваць зямлю, сенаваць і інш. Хапала занятку і для трох сясцёр. Без работы не сядзеў ніхто.

Калі ж пачалася вайна, хлопцу было сямнаццаць. Бацька па гаспадарчых патрэбах паехаў у Стайкі і па дарозе сустрэў салдата, які на кані скакаў у Валожын. Ён і паведаміў пра нападзенне фашыстаў. Прыйшлося кінуць усе справы і паспяшацца дамоў са страшнай навіной.

Спачатку ворагі не лютавалі, але, калі дазналіся, што ў суседнюю хату наведваюцца партызаны, расстралялі ўсю тую сям’ю разам з трыма дзецьмі. Не абышлі ўвагай і суседзяў. У чым былі, у тым і забралі Івана, старэйшую сястру і бацьку, якога пасля адпусцілі, бо ён не прайшоў камісію: хварэў на вочы. А маладых людзей разам з іншымі сагналі ў вагоны і адправілі на поўнач Германіі. Ехалі тры дні. Дзяўчына адразу трапіла да гаспадароў, а хлопец два з паловай гады прабыў у лагеры, дзе значыўся пад нумарам 777. Працаваў на піўным заводзе, дзе пад пільным наглядам пакаваў бутэлькі. Кармілі раз у суткі паранай бручкай. Да гэтай пары памятаецца пастаяннае адчуванне голаду. На апошнюю зіму перад вызваленнем выпадкова апынуўся ў гаспадара. Тут жылося трохі лягчэй, але ўсё роўна несалодка. Якая ж радасць перапаўняла сэрца, калі прыйшло вызваленне!

Дамоў вярнуўся толькі ў лістападзе. Затрымаўся на Нямеччыне, бо нашай краіне там неабходны былі працоўныя рукі на падвозе зерня.

А што чакала на радзіме?.. Спаленая вёска і голад. Жылі ў зямлянках, хлявах, харчаваліся ў асноўным травой. Адно цешыла, што родныя ўсе засталіся жывыя. Сядзець без справы не прыходзілася: будаваліся, аднаўлялі гаспадарку.

Малады чалавек уладкаваўся ў калгас. Дваццаць гадоў адпрацаваў на палявых работах у брыгадзе, пасля дзесяць – на будаўніцтве. Ужо перад самай пенсіяй перайшоў на ферму, а адтуль – на канюшню. Любоў да коней захавалася па сённяшні дзень.

І ў асабістым жыцці лёс не песціў нашага героя. Даўно ён пахаваў жонку і двух сыноў. Але не счарсцвеў душой, не пачаў наракаць, не апусціў рукі. Іван Несцеравіч вельмі спагадны да чужога болю і бяды, любіць людзей. Вялікае сэрца гэтага простага чалавека адкрыта для кожнага.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars