Дзень нацыянальнага гонару i ўдзячнасцi

3 ліпеня Валожын разам з усёй краінай урачыста адзначыў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 75-ю гадавіну з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 619-годдзе з дня свайго ўтварэння.

Яшчэ да пачатку ўрачыстага адкрыцця свята на плошчы Свабоды ў Валожыне было шматлюдна: сюды завіталі работнікі працоўных калектываў, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак раёна, прадстаўнікі інтэлігенцыі і моладзі, шматлікія госці. І, безумоўна ж, самымі ганаровымі гасцямі былі ветэраны ВАВ, а таксама ветэраны працы. Усяго 3 воіны-вызваліцелі, якія пражываюць на тэрыторыі нашага раёна, завіталі на юбілейную ўрачыстасць: Мікалай Рыгоравіч Гарнастай з Сакаўшчыны, Генадзь Якаўлевіч Канцавы з вёскі Новы Двор, Уладзімір Антонавіч Шаблыка з Валожына, а таксама Герой Сацыялістычнай працы Зоя Макараўна Задора.

Мітынг распачаўся на імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы на плошчы Свабоды райцэнтра а адзінаццатай гадзіне. Па традыцыі павіншаваць валожынцаў прыехалі дэлегацыі з пяці гарадоў-пабрацімаў: Зарайска Расійскай Федэрацыі, Макарава з Украіны, гміны Жгув з Польшчы, горада Йыгева Эстонскай рэспублікі і пасёлка Рудамін Вільнюскага раёна Літвы. У сваім віншавальным слове старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Астрэйка адзначыў: “Сёння – наша галоўнае дзяржаўнае свята, якое нагадвае: мы – нашчадкі пакалення пераможцаў, што адстаялі свабоду і незалежнасць роднай зямлі. Менавіта ў гэты дзень мы нанова адкрываем для сябе гісторыю краіны, адчуваем сваю адказнасць за яе далейшы лёс, схіляемся перад доблесцю землякоў-франтавікоў, працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў, іх мужнасцю і гераізмам. Яны назаўсёды застануцца самымі шануемымі грамадзянамі краіны і раёна. Вечная слава і тым, хто аддаў жыццё дзеля шчасця будучых пакаленняў! У гэты дзень мы адзначаем і свята нашага горада, які быў вызвалены 5 ліпеня 1944 года. Радуе, што Валожын і раён развіваюцца: штогод будуюцца новыя дамы, вытворчыя і сельскагаспадарчыя аб’екты, паляпшаецца інфраструктура, павышаюцца ўзровень і якасць жыцця. Міра і дабра ўсім! Са святам!”

Ад імя ветэранаў вайны і працы слова браў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Рыгор Русакевіч, маладое пакаленне прадставіў выконваючы абавязкі першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Уладзімір Ціханоўскі, свае віншаванні валожынцам з лёсаноснымі святамі адрасавалі прадстаўнікі дэлегацый гарадоў-пабрацімаў.

Пасля ўрачыстай часткі па традыцыі адбыліся ўскладанне вянкоў і кветак да помніка загінуўшым воінам, святочны марш ваеннаслужачых мясцовай воінскай часці, духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў, удзельнікаў узорнага клуба “Грацыя” РЦК, шэсце школьнікаў, выхаванцаў дзіцячых садкоў і спартсменаў, прадстаўнікоў раённых грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ”, “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”, які, дарэчы, упершыню прадставіў парад-дэфіле імправізаваных дзіцячых калясак. Таксама праехала і цэлая калона аматараў мотаспорту – удзельнікаў байкерскага клуба “Бразер хут”.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

фота Сяргея САДОЎСКАГА, Віталя МЫШЛЁНА

Як і кожны год, у святочнай праграме знайшлося месца для віншаванняў у адрас сям’і, у якой нарадзіўся самы юны жыхар Валожына. На гэты раз гераіняй дня стала дзяўчынка. Кацярына Карсакова з’явілася на свет 26 чэрвеня. Падарунак ад раённай арганізацыі “Белая Русь” з рук Алены Іванаўны Клачко атрымалі старэйшая сястрычка Кацюшы Аня і бацька Сяргей Рыгоравіч. Самой жа нованароджанай і яе матулі Таццяне гараджане перадалі прывітанне, пажаданні здароўя і дружныя апладысменты.

Дырэктар ТЦСАН, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Галіна Фадзееўна Рай падвяла вынікі конкурсу “Парад калясак” – бадай самага відовішчнага эпізоду святочнага шэсця. Творчыя, няўрымслівыя і па-сапраўднаму дружныя маладыя сем’і не проста ўпрыгожылі вазкі сваіх малодшых сыноў і дачушак, але шыкоўна, з небывалай фантазіяй увасобілі вобразы герояў вядомых кніг, кіна- і анімацыйных фільмаў. Каштоўныя падарункі для ўсіх удзельнікаў (а гэта 12 сямейных каманд) прадаставілі спонсары – магазіны “Дарым”, “Строймаркет” і іншыя індывідуальныя прадпрымальнікі горада. А тыя, хто занялі прызавыя месцы, атрымалі грашовыя прэміі. Сям’я Клімковых (“Матылёк”) адзначана дыпломам за 3-е месца і сертыфікатам на 100 рублёў, сям’я Макей (“Прынцэса ў замку”) – дыпломам за 2-е месца і сертыфікатам на 150 рублёў. 200 рублёў і дыплом за 1-е месца дасталіся сям’і Гульба (“Фея кветак”).

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars