Рэгіянальныя навіны

Региональные новости

З 27 па 30 чэрвеня ў Бабруйску праходзіў міжнародны фестываль народнай творчасці “Вянок дружбы”. Сярод творчых калектываў з 20 краін не згубіўся і ансамбль польскай песні “Івянчанка”, што шмат гадоў існуе пры Доме польскім у Івянцы. Сем дзяўчат пад кіраўніцтвам Аксаны Шчэцька пакарылі сваімі спевамі бабруйскіх гледачоў і журы фестывалю.

“Івянчанка” ўпершыню прымала ўдзел у гэтым фестывалі. Узнагародай стаў агульны Дыплом другой ступені. Гран-пры фестывалю дасталася прадстаўнікам Расіі, як і першае месца, трэцяе месца занялі ўдзельнікі са Славакіі. Івянецкія артысты прывезлі яшчэ тры дыпломы ў розных намінацыях. Адзін з іх быў уручаны за “вянок дружбы”. Вырабам яго займалася выкладчыца Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Леанарда Капуста. У афармленні былі задзейнічаны ўсе віды рамёстваў: кераміка, разьба па дрэве, саломапляценне, ткацтва. Вянкі ўдзельнікаў будуць у далейшым выстаўлены ў экспазіцыі Бабруйскага краязнаўчага музея.

 

Напярэдадні Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Івянецкай бібліятэцы адбылася сустрэча ветэранаў працы гарпасёлка з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрыем Краскоўскім.

Дзмітрый Геранімавіч даўно жыве і працуе ў Івянцы. Але калі ветэраны пазнаёміліся з яго творчасцю, паслухалі цыкл патрыятычных вершаў, дзе паэт праз лёсы сваіх родных і знаёмых успамінае вайну, то зусім іншымі вачамі паглядзелі на гэтага чалавека.

 

20 чэрвеня Мінскі заапарк быў аддадзены ў распараджэнне людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На яго тэрыторыі праходзіў фестываль “Мы патрэбны адзін аднаму”.

Больш за 20 чалавек прадстаўлялі раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў. Гэта былі не толькі маладыя інваліды, але і сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды. Людзей, магчыма, было б і больш, але дабірацца ў сталіцу давялося самастойна. На працягу дня яны былі задзейнічаны ў розных мерапрыемствах фестывалю. Многім валожынцам пашчасціла пабываць у музеі авіятранспарту ў Баравой, а таксама здзейсніць сваю мару і палятаць на сапраўдным самалёце, палюбавацца Мінскам з вышыні.

 

Па ініцыятыве аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” многія аграсядзібы краіны аб’явілі Дзень адкрытых дзвярэй. Праходзіла акцыя 28-29 чэрвеня.

У ёй прымалі ўдзел і 6 аграсядзіб нашага раёна: “Свет пчол”, “Раўнавага”, “За масточкам”, “Бацян”, “Марцінава Гусь” і адна з самых маладых “Рамхата”, размешчаная ў вёсцы Падневічы. Кожны гаспадар падрыхтаваў для жадаючых наведацца на аграсядзібу не толькі свае фірменныя стравы, але і аповед пра перавагі адпачынку менавіта ў іх. Прапагандавалі самыя разнастайныя паслугі, якімі госці адразу маглі скарыстацца.

 

У канцы чэрвеня ў Лагойску прайшоў фінал абласных спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў 2009-2010 гадоў нараджэння па футболе “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

У фінале сустрэліся 6 каманд, пераможцы занальных спаборніцтваў – з Жодзіна, Барысаўскага, Уздзенскага, Нясвіжскага, Старадарожскага і Валожынскага раёнаў. Каманда “Звязда” ФАЦ Валожынскага раёна (трэнеры А. Кавяза і А. Пракаповіч) заваявала другое месца, уступіўшы толькі сваім равеснікам з Барысаўскага раёна. Узнагародамі юным футбалістам сталі кубак, грамата галоўнага ўпраўлення спорту і турызму аблвыканама, медалі і памятныя сувеніры. Лепшым варатаром турніру быў прызнаны галкіпер нашай каманды Аляксей Курловіч, які быў узнагароджаны каштоўным падарункам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *