Старт уборцы дадзены

Аграрный сектор и промышленность

Сельгаспрадпрыемствы раёна масава прыступілі да ўборкі азімага рапсу: па стане на 11 ліпеня ўбраны 1137 гектараў, ці 32,8 працэнта да плана. Намалочаны 1383 тоны масланасення рапсу, сярэдняя ўраджайнасць складае 12,2 цэнтнера з гектара.

Летась увосень рапс у раёне быў пасеяны на плошчы 3940 гектараў. Пасевы добра перазімавалі, аднак амаль 500 гектараў выпралі: ад недахопу паветра значная частка палеткаў загінула ў ААТ “Агра-Дубінское”, “Багданаўскае”, СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз”, крыху – у КСУП “Валожынскае”. У выніку ўбіраць аграрыям давядзецца 3470 гектараў. Самыя большыя плошчы азімага рапсу ў КСУП “Валожынскае”: 655 гектараў; ад 330 да 400 га – у КСУП “Пяршаі-2014”, ААТ “Агра-Дубінское”, “Лоск” і “Суднікаўскі”. Астатнія гаспадаркі сеялі ад 100 да 300 гектараў.

Як расказала галоўны аграном ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Алена Сак, сёлета рапс лепшы, да таго ж летась шмат пасеваў вымерзла. Самую вялікую ўраджайнасць атрымліваюць у КУП “Сівіца”: па 19,3 цэнтнера з гектара, амаль па 15 цэнтнераў маюць у КСУП “Валожынскае” і ААТ “Лоск”.

Адразу ж з поля рапс трапляе на зернясховішчы, дзе яго дапрацоўваюць – ачышчаюць, сушаць і здаюць: у райаграпрамтэхніку, на ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі” і “Маладзечанскі малочны камбінат”. Кошт адной тоны сёлета складае 792 рублі. На ўборку гэтай досыць прыбытковай алейнай расліны аграрыям адведзены 8 дзён.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

У ААТ “Лоск” на ўборцы рапсу задзейнічаны 3 камбайны. Два з іх мы сустрэлі на палетках ля вёскі Вялікае Запруддзе, дзе гэтай культурай засеяны 75 гектараў.

Нягледзячы на зменлівае надвор’е, работа тут кіпела: камбайны спыніліся, каб высыпаць з бункераў у кузаў машыны маленькія чорныя “пацеркі”. Працуюць механізатары з настроем: ураджай намнога лепшы, чым летась, ёсць матэрыяльная заахвочанасць, арганізаваны падвоз гарачага харчавання. Натхняе і тое, што ўсе яны шчыруюць на роднай зямлі – тут нарадзіліся і знайшлі сваё прызванне. Старшы камбайнер Сяргей НАВІНСКІ ў гаспадарцы з 2005 года, а працоўны стаж вадзіцеля Іосіфа ГРЫНКЕВІЧА ўвогуле налічвае больш чым чатыры дзесяцігоддзі. Сёмая ўборачная кампанія на рахунку старшага камбайнера Дзмітрыя СІМАНОВІЧА, а вось камбайнер Уладзіслаў ГЕРЖАТОВІЧ у жніве прымае ўдзел упершыню.

Як зазначыў галоўны аграном Аляксандр Гасціловіч – дарэчы, таксама з тутэйшых, хлопцы працуюць з душой. “Пабольш бы такіх работнікаў”, – кажа ён.

На падыходзе – уборка зерневых. Колас, заўважаюць спецыялісты, таксама вырас добры. Застаецца толькі пажадаць нашым руплівым працаўнікам палёў, каб спрыяла надвор’е, не ламалася тэхніка, а напружаныя будні прыносілі плён і асалоду.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *