Вiзiт супаў са знамянальнай датай

Культура

Абмен вопытам – справа карысная ў любой сферы. Для творцаў жа стасункі з аднадумцамі – абавязковы складальнік дзейнасці.

На мінулым тыдні народнае літаратурна-мастацкае аб’яднанне “Рунь” наведалі прадстаўнікі Мінскага гарадскога і Мінскага абласнога аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. У сустрэчы прыняў удзел госць з Расіі – выкладчык літаратурнага інстытута, сакратар Саюза пісьменнікаў Масквы Віктар Куллэ.

Рунеўцы віталі калег духмяным караваем. Знаёмства ж адбылося ва ўтульнай камернай атмасферы за кубкам духмянай гарбаты. Валянціна Гіруць-Русакевіч адзначыла, што Валожыншчына ва ўсе часы была багатая на імёны людзей, якія валодаюць словам. З гонарам лідар аб’яднання прадставіла тых, хто сёння ўносіць свой уклад у літаратурную скарбонку краю. Адбылася прэзентацыя калектыўных і асабістых зборнікаў. Свае творы на суд гасцей вынеслі паэты Сяргей Маляўскі, Марыя Шакун, Аляксандр Кулак, Зінаіда Гасціловіч, Наталля Жызнеўская.

Са словамі падзякі за падтрымку звярнулася да сталічных пісьменнікаў і старшыня абласнога аддзялення СПБ Святлана Быкава. Яе мінская калега – паэт і перакладчык Іна Фралова – адзначыла, што стасункі з раённымі і абласнымі аддзяленнямі Саюза вельмі важныя для майстроў слова з галоўнага горада рэспублікі. “Менавіта ў рэгіёнах, як кажуць, і варыцца ўся каша. Сталічным жыхарам нялішнім было б як мага часцей акунацца ў сапраўдную плынь жыцця краіны. А чыя задача данесці праўду да чытача? Безумоўна, пісьменнікаў і журналістаў”,– падкрэсліла вядомая паэтка і перакладчык. У сустрэчы прынялі ўдзел літаратуразнавец Аляксандр Палавінскі, празаікі Сяргей Трахімёнак, Уладзімір Тулінаў, Юрась Нераток, паэт, празаік і журналіст Маргарыта Прохар і іншыя. Многія госці палічылі магчымым папоўніць бібліятэку валожынскага літаб’яднання і перадаць у дар уласныя кнігі.

У гэты ж дзень, які для Валожына вось ужо 75 гадоў святочны (5 ліпеня 1944 года наш горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў), літаратары ўсклалі кветкі да брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў. Удзельніца “Руні”, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея Ніна Бобрык правяла для гасцей экскурсію па райцэнтры. Завяршылася ж іх творчая камандзіроўка ў аб’яднанні народных майстроў “Скарбніца”, дзе з экспазіцыяй пакоя-музея “Родам з СССР” пазнаёміла Таццяна Ланько.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *