Весялiлiся, спявалi, юбiлей адзначалi

405 гадоў сёлета спаўняецца вёсцы Бабровічы, і нядаўна яна адсвяткавала свой юбілей.

Для жыхароў аграгарадка, што ў той дзень сабраліся на пляцоўцы каля культурна-спартыўнага цэнтра, Бабровічы – самае лепшае месца на зямлі, з якім звязаны ўсе думкі і мары. Тут яны нарадзіліся, тут жылі іх продкі і знаходзіцца бацькоўскі дом, тут можна адпачыць душой і сэрцам. Прыехалі на свята і тыя, каго лёс закінуў у іншыя краі, але гэты куточак застаецца для іх наймілейшым у свеце.

Вядучыя ўзгадалі гісторыю вёскі. Упершыню гэта паселішча ўпамінаецца ў 1614 годзе, а сёння Бабровічы з’яўляюцца цэнтрам сельгасупраўлення “Бабровічы” ў складзе УП “Мінскаблгаз”.

На працягу ўсяго мерапрыемства гаворка вялася пра людзей, што жывуць і працуюць на роднай зямлі. Яны заслугоўваюць найвялікшых пашаны і гонару. У першую чаргу ўспомнілі тых, хто прайшоў скрозь агонь Вялікай Айчыннай вайны і ўнёс свой уклад у агульную перамогу. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі франтавікоў, якія не вярнуліся з вайны альбо ўжо ў мірны час адышлі ў вечнасць. А пасля ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым.

Цёплыя словы віншавання жыхарам Бабровічаў выказаў старшыня Валожынскага сельвыканкама Віктар Комель. Ён падзякаваў за працавітасць, за кошт якой гэты вугалок Валожыншчыны стаў такім дагледжаным і прывабным, куды хочацца прыязджаць зноў і зноў.

З найлепшымі пажаданнямі да прысутных звярнуўся кіраўнік СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” Генадзь Бычкоўскі. Хоць ён і не мясцовы, але за 15 гадоў працы ў гаспадарцы зросся з гэтай зямлёй, з яе жыхарамі і ўдзячны ўсім, чыімі намаганнямі павышаецца дабрабыт сельгаспрадпрыемства, а значыць, і асабісты, хто клапоціцца пра добраўпарадкаванне сваіх падворкаў і аграгарадка ў цэлым. Ён адзначыў, як радасна бачыць на мерапрыемстве моладзь і дзяцей. Гэта гаворыць аб тым, што вёска жыве і ў яе ёсць будучае. Падарункі з рук Генадзія Уладзіміравіча атрымалі Уладзімір Лаўрэнцьеў, Галіна Унучак і Мікалай Тур, якія ўсё жыццё адпрацавалі ў калгасе і ўжо даўно знаходзяцца на заслужаным адпачынку.

Уладзімір Уладзіміравіч і Галіна Пятроўна да таго ж з’яўляюцца самымі старэйшымі жыхарамі вёскі. Да такіх адносіцца і былая настаўніца Лідзія Міхалевіч, якая хутка адзначыць сваё 89-годдзе. З задавальненнем вядучыя прадставілі і іншых юбіляраў. 75 гадоў сёлета споўнілася Аляксандры Рута, 70 – Леаніду Унучаку, 65 – Івану і Надзеі Койпішам, а таксама Алене Гурай, 60 – Таццяне Галабурда, Людміле Шакун, Віталію Унучаку. 55-годдзе адзначылі Леанід Шарко, Леангіна Ражанская, Валянцін Рута, Леанід Карпечанка. Юбілейным выдаўся год для сям’і Яўгена і Іны Кулак, Алены Жук. Не забыліся і пра тых, хто святкуе свае дні нараджэння ў чэрвені. Гэта Валянціна Пашкоўская і Ганна Бабіч. Усім імяніннікам уручылі каштоўныя падарункі, і ў іх гонар прагучалі прыгожыя песні.

Пазнаёміліся прысутныя і з самай маленькай жыхаркай Бабровічаў – Міланай Рута, якой усяго 7 месяцаў. На сцэну яна паднялася на руках сваёй матулі Алены.

Па традыцыі да Свята вёскі сельвыканкам вызначыў лепшы падворак. Такім па праве з’яўляецца чароўны куточак, які стварыла сям’я Настассі і Міхаіла Тураў.

Упрыгажэннем мерапрыемства стала выстава работ мясцовых майстроў Людмілы Насовіч і Таццяны Есьманчык. Ім на памяць таксама ўручылі сувеніры.

Жыхарам і гасцям вёскі чыталі вершы і дарылі песні паэт, член народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Дзмітрый Краскоўскі, работнікі Бабровіцкага КСЦ, Дубінскога СЦК і інш. Даспадобы ўсім прыйшліся вясёлыя нумары народнага гурта народнага гумару “Дубінскія фанабэры”.

Падчас свята раённая арганізацыя ГА “БРСМ” сумесна з РАНС і Валожынскай ЦРБ правялі антытытунёвую інфармацыйна-адукацыйную акцыю “Беларусь супраць тытуню”. Жадаючыя маглі вымераць свой ціск і атрымаць парады кваліфікаванага ўрача-тэрапеўта Таццяны Цаюн. Знайшліся ахвотнікі абмяняць цыгарэту на цукерку. Дзеці з задавальненнем забаўляліся і фатаграфаваліся з роставымі лялькамі. Таксама рабятам прапаноўваліся розныя гульні, у якіх можна набыць веды па правілах бяспечных паводзін у розных жыццёвых сітуацыях. Нікога з малых не пакінуў раўнадушным сапраўдны аўтамабіль выратавальнікаў, у якім можна было пасядзець і адчуць усю яго моц. А колькі нястрымнай радасці і станоўчых эмоцый выклікалі водныя забавы, што арганізавалі работнікі МНС!

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars