Інвестпраекты, будучы ўраджай, развiццё бiзнесу i iншыя тэмы

Официально

абмяркоўваліся падчас прэс-канферэнцыі, якую правёў для прадстаўнікоў СМІ старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Міхайлавіч ІСАЧАНКА

Прэс-тур прайшоў на базе Стаўбцоўскага раёна 12 ліпеня. Перад пачаткам мерапрыемства ўдзельнікі наведалі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, аграцэнтр ТАА «Сула Плюс», СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн», касцёл Святога Юзафа ў вёсцы Рубяжэвічы і парк-музей інтэрактыўнай гісторыі «Сула» (здымкі вы можаце паглядзець у канцы гэтай публікацыі). А пасля прадстаўнікі СМІ задалі старшыні абласнога выканаўчага камітэта больш як 20 пытанняў.

Яны тычыліся розных сфер жыцця вобласці і рэгіёнаў. Журналісты цікавіліся будучым ураджаем, захаваннем гісторыка-культурных каштоўнасцей Міншчыны, выпускам экапрадукцыі, развіццём малога і сярэдняга бізнесу, замацаваннем маладых спецыялістаў на вёсцы, рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў, якія абумоўліваюць развіццё спадарожнай інфраструктуры, вытворчасць новай прадукцыі і інш. Як паведаміў Анатоль Міхайлавіч, цяпер у цэнтральным рэгіёне рэалізуюцца каля 110 такіх інвестпраектаў.

Журналісты папрасілі старшыню Мінаблвыканкама даць сваю ацэнку II Еўрапейскім гульням. «Безумоўна, такія маштабныя мерапрыемствы – гэта прэстыж краіны, магчымасць паказаць сваю гасціннасць, арганізатарскія ўменні, – адказаў кіраўнік Міншчыны. – Сур’ёзнае пытанне, якое ўзнікала ў працэсе падрыхтоўкі да гульняў, –  спецхарчаванне для спартсменаў, прадстаўнікоў розных краін. І мы не атрымалі па гэтым пытанні ні аднаго наракання. І, вядома, парадавалі годныя вынікі беларускіх спартсменаў».

Яшчэ адзін высокі вынік, што быў агучаны падчас прэс-канферэнцыі, – дасягненне выпускніцы школы Дзяржынскага раёна. Валянціна Хмялеўская набрала 398 балаў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Гэта лепшы вынік у краіне. Як паведаміў намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Станіслававіч Маркевіч, які таксама ўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі, летась 100-бальнікаў было 47, а сёлета ўжо ёсць інфармацыя пра 69 юнакоў і дзяўчат, якім удалося паказаць найвышэйшы рэзультат на ЦТ. Высокім застаецца і ўзровень паступлення выпускнікоў Міншчыны ў ВНУ.

Сёння ў вобласці пражывае 250 тысяч маладых людзей. На пытанне з нагоды магчымасцей для іх развіцця Анатоль Ісачанка выказаў меркаванне, што ўсё ў руках самой моладзі. «Я падтрымліваю любое пачынанне, якое прыносіць карысць, – сказаў Анатоль Міхайлавіч. – Каля 3,5 тысячы маладых людзей аб’ядноўвае сёння такое добрае пачынанне як студатрадаўскі рух. Створаны маладзёжны Парламент пры абласным Савеце дэпутатаў. Валанцёрскі рух працягвае цімураўскую работу, і валанцёры выдатна праявілі сябе падчас правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Брэндавым стаў форум сельскай моладзі. І галоўнае, каб ад маладых людзей зыходзіла ініцыятыва».

У вобласці з пачатку года 500 шматдзетных сем’яў атрымалі жыллё. З гэтай нагоды Анатоль Ісачанка сказаў, што курс узяты на тое, каб шматдзетная сям’я не стаяла ў чарзе больш за год. Мінімальная планка – 2112 шматдзетных сем’яў за гэты год павінны атрымаць жыллё. І з улікам прыросту насельніцтва на працягу двух гадоў такія сем’і будуць забяспечаны жыллём.

Да Дажынак цяпер рыхтуецца Барысаў. Па словах кіраўніка вобласці, гэта штуршок, каб добраўпарадкаваць горад. Тут ідзе работа па будаўніцтве двухпалоснага праспекта Гагарына, які разгрузіць транспартны паток. Абновіцца мост, вызначана месца пад будаўніцтва лядовага палаца, праектаванне якога ўжо вядзецца. Зменіцца Саборная плошча і іншыя аб’екты.

Як справядліва адзначалася падчас прэс-каферэнцыі, найбольшая колькасць пытанняў ад грамадзян паступае з нагоды добраўпарадкавання і стану дарог. Старшыня Мінаблвыканкама растлумачыў: «У вобласці каля 30 тысяч кіламетраў дарог і вуліц. 12 тысяч кіламетраў дарог абласнога значэння патрабуюць рамонту ў той ці іншай ступені. Пакуль усе праблемы не вырашаны, але яны вырашаюцца, разглядаецца пытанне фінансавання рамонту дарог».

Актыўна развіваюцца гарады-спадарожнікі. Насельніцтва расце, будаўніцтва жылля ідзе сур’ёзнымі тэмпамі, але інфраструктура крыху адстае. «Гэта звязана з інтэнсіўным працэсам забудовы, – адзначыў Анатоль Міхайлавіч. – Мы ведаем болевыя кропкі і робім усё магчымае для вырашэння праблем».

Каментуючы сітуацыю міжнароднага супрацоўніцтва Міншчыны, кіраўнік цэнтральнага рэгіёну расказаў, што вобласць узаемадзейнічае з трыма правінцыямі Кітая. Ідзе рэалізацыя малочнай прадукцыі, але акрамя эканамічных важныя і культурныя сувязі. «Ва ўніверсітэце ў Чунцыне, дзе навучаюцца 35 тысяч студэнтаў, рэалізаваны праект – адкрыты куток Беларусі па вывучэнні нашай краіны. Цяпер прапрацоўваецца пытанне і плануецца стварыць куток Кітая на беларускай зямлі», – распавёў старшыня аблвыканкама.

Задалі журналісты і пытанні асабістага характару, на якія таксама былі атрыманы поўныя, разгорнутыя адказы. Да прыкладу, Анатоль Міхайлавіч адзначыў, што любіць адпачываць у лесе, лічыць нашу краіну маляўнічай, багатай на ўнікальныя месцы.

Пасля прэс-канферэнцыі прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога спаборніцтва сярод СМІ Мінскай вобласці. Першае месца заняла рэдакцыя салігорскай газеты «Шахцёр», другое – вілейская «Шлях перамогі», а трэцяе – раённая газета Стаўбцоўшчыны «Прамень».

Фота Сяргея САДОЎСКАГА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *