Память возвращает нас в прошлое

Культура

Сёлета, 22 чэрвеня, споўніцца 70 гадоў з дня сумна-трагічнай падзеі ў гісторыі народа – пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

13 снежня 1941 года, акурат на багатую куццю, у сям’і жыхароў вёскі Бакшты – сталяра Аляксандра Гардзея і яго жонкі Ганны нарадзілася пятае па ліку дзіця. Дзяўчынку назвалі Нінай. А праз пяць месяцаў на іх зямлю прыйшла вайна, якая не абмінула ніводную хату, ніводную сям’ю…

…Карнікі, што неяк раптоўна з’явіліся ў вёсцы, сагналі ўсіх жыхароў у гумно і сабраліся яго спаліць. Была там і Ніна – сярод крыку і гвалту малеча ціха ляжала на руках матулі. На шчасце, тутэйшы настаўнік ведаў нямецкую мову і змог такі растлумачыць афіцэру, што гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя. Немцы не ўсе аднолькавыя былі: афіцэр паслухаў, спыніў расправу, і няшчасных адпусцілі. Праўда, цуд гэты – хутчэй выключэнне з жорсткіх і бязлітасных правілаў вайны… У сваім жа двары былі расстраляны васемнаццацігадовая Надзея ды шаснаццацігадовы Мікалай, а самы старэйшы – Міхаіл – прапаў без вестак, пра яго лёс нічога не вядома і па сённяшні дзень. Так з пецярых дзяцей засталіся толькі двое.

Скончылася вайна. Але не скончыліся пакуты і выпрабаванні. Хаты ў вёсцы туліліся адна да адной, і калі здарыўся пажар, амаль усе згарэлі. Людзі жылі ў гумнах, скляпах ды зямлянках – у каго што засталося. Некаторыя пайшлі шукаць лепшай долі ў іншых мясцінах, але большасць нечалавечымі намаганнямі адбудавалі вёску зноў.

Лёс вясковых дзяцей таго часу склаўся так, што пад матчыны слёзы, свіст куль і выбухі яны вучыліся хадзіць і размаўляць. А калі падрасталі, у кароткія хвіліны перадыху ад хатніх спраў ці дагляду за жывёлай вучыліся чытаць і пісаць.

Пасля школы Ніна некаторы час асвойвала кравецкую справу ў мясцовай майстрыхі, але неўзабаве вярнулася дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Дзяцінства, па сённяшніх мерках, прайшло, так і не пачаўшыся. Яшчэ не было Ніне і дзевятнаццаці, як здарыўся на яе шляху добры хлопец і прапанаваў выходзіць за яго замуж. Звалі юнака Аляксей Раманчык.

Так з’явілася сям’я нашых бацькоў. Ужо ў 24 гады наша матуля гадавала двух сыноў ды дачушку. Купілі старую хату, адначасова будавалі новую. Аднаму Богу вядома, колькі тады было недаспаных начэй, колькі слёз было выплакана, калі хто-небудзь хварэў ці здараліся іншыя непрыемнасці.

Цяпер нават уявіць цяжка, як мама паспявала гадаваць нас, весці гаспадарку і яшчэ працаваць у калгасе даяркай. І якім узроўнем прыроджанага сумлення трэба было валодаць, калі на досвітку выходзіла на працу зараней – каб захапіць з гумна вязанку сена ды пакарміць хворую карову або тую, якой падыходзіў час ацяліцца.

Маючы перад вачамі самаадданую працу маці і бацькі, мы раслі працавітымі, дапамагалі спраўляцца з дамашнімі справамі, ахвотна вучыліся ў школе і ўсе трое атрымалі вышэйшую адукацыю. Ідучы па жыццёвых дарогах, заўсёды адчувалі клопат і дапамогу бацькоў.

І вось ужо, матулька, табе 70 гадоў. Засталіся ў мінулым нягоды і расчараванні, выраслі ўнукі, падрастаюць ужо і праўнукі. Нізкі зямны паклон табе за ўсё добрае, што для нас робіш, за мноства прыгожых кветак каля хаты ўлетку, за акуратна расчышчаныя сцежкі і гасцінна расчыненыя вароты зімой. Бязмерная любоў і падзяка табе, матуля! Здароўя на многія гады, каб мы яшчэ доўга маглі адчуваць сябе дзецьмі…

Аляксандр РАМАНЧЫК, жыхар Мінска.



Добавить комментарий