Тэлеграфны ключ у руках кемлівых дзяцей

Общество

Сэмюэл Морзэ. З гэтым іменем у нас асацыіруецца перш за ўсё тэлеграфны код, распрацаваны таленавітым амерыканскім вучоным яшчэ ў 1838 годзе.

Аднак Сэмюэл Фінлі Брыз Морзэ быў і адораным мастаком, стваральнікам шматлікіх гістарычных кампазіцый і парадных партрэтаў, першым прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі малюнка ў Нью-Ёрку.

Напрыклад, яго карціна “Галерэя Луўра” ўяўляе сабой не зусім звычайную кампазіцыю. На ёй выяўлена адна з залаў знакамітай карціннай галерэі Луўра, у якой сабраны 38 шэдэўраў: бессмяротныя творы Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, Рафаэля, Рубенса, Рэмбранта. На ёй мастак выявіў і сябе, а таксама Фенімора Купера і ўсю сям’ю пісьменніка. Морзэ ў асветніцкіх мэтах хацеў правезці гэту карціну па ўсёй краіне, каб амерыканцы, якія не маглі пабываць у Старым Свеце, мелі хаця б кароткае ўяўленне аб вялікіх творах майстроў мінулага. Аднак яго планам не наканавана было здзейсніцца…

Затое тэлеграфны код мастака Сэмюэла знайшоў сабе прымяненне і стаў першым лічбавым спосабам перадачы інфармацыі.

У гуртку “Юны патрыёт”, што працуе на базе раённага Цэнтра дзіцячай творчасці, адзін з членаў Беларускага саюза афіцэраў, ваеннаслужачы Фелікс Францавіч Кавалеўскі раскрывае школьнікам сакрэты азбукі Морзэ.

Тут займаюцца 65 дзяцей. У большасці гэта вучні 2-7 класаў, ёсць і старшакласнікі, якія вырашылі звязаць свой лёс з ваеннай справай. На заняткі часта прыходзяць і дапытлівыя дзяўчынкі.

Прымаць і перадаваць паведамленні з дапамогай электрамеханічнага тэлеграфнага апарата дзеці могуць, не выходзячы з класа. Саша Раманчык, Дзяніс Зянько, Руслан Стасяловіч, Уладзіслаў Мянцюк ужо добра асвоілі работу тэлеграфнага ключа і электрамагніта, што кіруе пішучым механізмам. Юныя радысты Юрый Ланько, Уладзіслаў Ракавец, Мацвей Жалнерчык, Антон Сікорскі доўга могуць расказваць аб галоўнай вартасці тэлеграфнага апарата Морзэ: высокая перашкодаўстойлівасць пры прыёме на слых ва ўмовах моцных радыёперашкод. Дарэчы, тэлеграфны код азбукай Морзэ пачаў звацца толькі з Першай сусветнай вайны.

Прынцып азбукі зыходзіць з таго, што літары, якія ўжываюцца ў мове, кадзіруюцца прасцейшымі спалучэннямі кропак і працяжнікаў. Напрыклад, літара “а” – гэта кропка і працяжнік. Аднак, каб перадаць лічбу 0, трэба адбіць ключом ажно пяць працяжнікаў!

У гуртку ёсць разнастайнае абсталяванне для перадачы інфармацыі: сучасны камп’ютар, электронныя ключы, клавіятурныя датчыкі “Р-010”, “АДКМ-85”, які змяшчае ў сабе аж сорак тысяч тэкстаў. Звычайна ўвесь прыняты тэкст павінен быць запісаны альбо ўручную, альбо на друкаваных машынках, якімі хлопчыкі спрытна карыстаюцца.

…Быццам сышлі з ваеннай кінастужкі і зараз, як жывыя сведкі гісторыі, стаяць на простай вучнёўскай парце індуктарны тэлефонны апарат узору 1943 года і дзве пераносныя радыёстанцыі. Нягледзячы на свой пачцівы ўзрост, яны спраўна працуюць.

Перадавацца і прымацца азбука Морзэ можа з рознай хуткасцю – гэта залежыць ад магчымасцей і досведу радыстаў. Звычайна сярэдняй кваліфікацыі радыст працуе ў дыяпазоне хуткасцей 60-100 знакаў у хвіліну. Дасягненні па хуткасных прыёму-перадачы – 260-310 знакаў у хвіліну.

Ф. Ф. Кавалеўскі запэўнівае: калі вывучаць азбуку Морзэ кожны дзень, то за месяц можна яе асвоіць. На практыцы, замест завучвання колькасці кропак і працяжнікаў і іх паслядоўнасці, запамінаюць так званы «напеў», які адпавядае кожнаму знаку кода Морзэ. Галоўнае мець добры музыкальны слых.

Заняткі ў гуртку “Юны патрыёт” універсальныя, яны – добрая разгрузка пасля школьных урокаў. Часта тут арганізоўваюцца конкурсы гульні ў шашкі і шахматы. Школьнікі наведваюць і мясцовую вайсковую часць, дзе яны знаёмяцца з бытам салдат, ваеннай тэхнікай і зброяй.

Фелікс Францавіч развівае і навыкі сталярнага майстэрства ў дзяцей. Прынёс стары, даўно спісаны, школьны стол і вырашыў разам з дзецьмі даць яму другое жыццё: адрамантаваць, адпаліраваць, пакрыць лакам, каб быў як новенькі. Кіраўнік гуртка з дрэва можа змайстраваць любую рэч. Для нагляднасці ў класе вісяць драўляныя лыжкі ўласнай вытворчасці з узорыстай разьбой. Дзеці з захапленнем вучацца карыстацца паяльнікам, рамантаваць прадметы хатняга быту. “Сапраўдны гаспадар павінен умець рабіць дома ўсё!” – упэўнены кіраўнік гуртка.

Алена ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий