Гiгiенiчна — эпiдэмiялагiчная абстаноўка

Официально

На нумар гарачай лініі рэдакцыі патэлефанавалі жыхаркі райцэнтра. Іх цікавіла гігіенічна-эпідэміялагічная абстаноўка на тэрыторыі раёна, і што робіцца для падтрымання яе на належным узроўні. З гэтым пытаннем мы звярнуліся да загадчыка лабараторнага аддзела РЦГіЭ Вольгі РУСАКЕВІЧ і вось што пачулі ў адказ:

– У апошнія гады ў раёне назіраецца тэндэнцыя да зніжэння і стабілізацыі ўдзельнай вагі проб харчовых прадуктаў і харчовай сыравіны, якія не адпавядаюць патрабаванням гігіенічных нарматываў па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках. Аб гэтым сведчаць вынікі лабараторных даследаванняў. Не зарэгістравана таксама перавышэнняў утрымання таксічных элементаў, пестыцыдаў. Ніжэй за адзін працэнт застаецца выяўленне харчовых прадуктаў, што не адпавядаюць патрабаванням па мікрабіялагічных паказчыках.

У першым паўгоддзі бягучага года даследаваны 42 пробы раслінаводчай прадукцыі. Перавышэння нітратаў не заўважана. У мінулым жа годзе пры даследаванні 244 проб перавышэнне дапушчальных узроўняў было выяўлена ў 5 пробах, у выніку чаго вынесены тры прадпісанні аб выключэнні з абароту 400 кг садавіны і гародніны.

Радыяцыйна-гігіенічная абстаноўка на тэрыторыі Валожыншчыны за шэсць месяцаў характарызуецца як стабільная. У 122 пробах, якія даследаваны на ўтрыманне ў іх радыенуклідаў цэзію-137, перавышэння дапушчальных узроўняў не выяўлена. Для параўнання: у мінулым годзе ў двух пробах (ягады, грыбы) выяўлена перавышэнне ўтрымання дадзенага радыенукліду.

Патрэбна таксама адзначыць, што ў раёне ў апошнія гады не рэгістраваліся ўспышкі вострых кішачных інфекцый, звязаных з дзейнасцю прадпрыемстваў харчовай прамысловасці.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *