Свята маладосцi, мар, аптымiзму

Молодежный курьер

У Валожынскім прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі адбыўся выпускны баль. Дваццаць шэсць юнакоў і пятнаццаць дзяўчат атрымалі дыпломы аб прафесійнай адукацыі.

Спецыяльнасці, якія яны набылі падчас вучобы, – тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ, тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліяратыўных работ, будова і эксплуатацыя аўтамабіляў, а таксама тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў, цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка – вельмі запатрабаваны ў раёне і, наогул, у рэспубліцы.

На ўрачыстае мерапрыемства ў актавай зале ліцэя сабраліся выпускнікі, іх настаўнікі і бацькі, а таксама госці, што завіталі павіншаваць новых маладых спецыялістаў з важнай у іх жыцці падзеяй.

З прывітальным словам да выпускнікоў звярнулася намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Святлана Пратасевіч, якая нагадала: для маладых людзей настаў дзень развітання з бесклапотным юнацтвам і цудоўным ліцэйскім жыццём, а яны пачынаюць свой дарослы самастойны шлях. Безумоўна, што юнацкі запал, энергія, смеласць дапамогуць ім справіцца з любымі задачамі. Святлана Георгіеўна падзякавала педагогам і майстрам вытворчага навучання, якія на працягу трох гадоў аддавалі рабятам свае веды, вопыт, цеплыню сэрцаў, і пажадала, каб насенне разумнага, добрага, вечнага, што яны пасеялі, дало жыватворныя, прыгожыя і моцныя ўсходы, а бацькам – каб поспехі дзяцей сталі ўзнагародай за іх любоў і клопат.

І вось настаў самы хвалюючы і доўгачаканы момант – уручэнне дыпломаў. Адчувалася, з якім хваляваннем падымаліся на сцэну юнакі і дзяўчаты. За гады вучобы навучальная ўстанова стала для іх роднай, хутка ж пачнецца новае нязведанае жыццё ў працоўных калектывах.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Марына Віршыч падзякавала выпускнікам, што яны знаходзілі час не толькі на вучобу, але і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці навучальнай установы. Тыя, хто найбольш вызначыўся, былі адзначаны граматамі і дыпломамі. Шчырыя словы ўдзячнасці за добрае выхаванне дзяцей Марына Міхайлаўна выказала бацькам і ўручыла з гэтай нагоды падзякі самым адказным татам і мамам.

Гонарам кіраўніка па фізічным выхаванні ліцэя была група 35-100. Падчас мерапрыемства гэтым рабятам быў уручаны Дыплом за 1-е месца ў спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Падзякі за актыўны ўдзел у спартыўным жыцці ліцэя і высокія паказчыкі ў спорце атрымалі Руслан Сарока, Аляксандр Паршукоў, Мікалай Цвірко і Лізавета Ляошка.

Падзякамі Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама за добрасумленную плённую працу ў галіне адукацыі, творчы падыход да справы, высокія паказчыкі ў прафесійнай дзейнасці ўзнагароджаны педагог-арганізатар Наталля Жылевіч і майстар вытворчага навучання Ала Яфімчык.

Сказаць добрыя словы завіталі ў ліцэй выконваючы абавязкі галоўнага механіка ААТ “Валожынскі льнокамбінат” Яўгеній Гаспарэвіч і кіраўнік закрытага акцыянернага таварыства па вытворчасці галаўных убораў “Людміла” Таццяна Віршыч. Менавіта з гэтымі людзьмі ў бліжэйшы час прыйдзецца рука аб руку працаваць сённяшнім выпускнікам. Для іх ужо падрыхтаваны працоўныя месцы, і маладых людзей з нецярпеннем чакаюць. Яўгеній Юр’евіч адзначыў, што падчас практыкі на іх прадпрыемстве ўсе навучэнцы паказалі сябе з добрага боку, але найлепшых слоў заслугоўвае Ян Каласоўскі. Менавіта гэтаму хлопцу была ўручана Падзяка за добрасумленнасць, якаснае выкананне даручанай работы і актыўны ўдзел у жыцці калектыву. Госці выказалі задаволенасць супрацоўніцтвам з ліцэем і падзякавалі педагогам і майстрам вытворчага навучання за добрую падрыхтоўку спецыялістаў.

Першы сакратар РК ГА “БРСМ” Уладзімір Ціханоўскі павіншаваў юнакоў і дзяўчат з выдатным святам, пажадаў поспехаў у працы і з задавальненнем вызначыў самых актыўных членаў Валожынскай раённай арганізацыі БРСМ, якім уручыў падзякі за ініцыятыўнасць, адказнасць і добрасумленнасць. Музычныя падарункі ім прыпаднесла актывістка маладзёжнай арганізацыі Святлана Гомель.

Пасля ўрачыстай часткі ўсіх чакала цудоўная канцэртная праграма, што падрыхтавалі навучэнцы ліцэя. На заканчэнні некалькі прыгожых музычных нумароў падарылі прысутным работнікі РЦК Аляксандр Шаўчэнка і Дзмітрый Завацкі.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *