Як зарабляецца «ўласны рубель»

Молодежный курьер

З 8 ліпеня ў раёне сталі працаваць студэнцкія атрады з ліку школьнікаў і навучэнцаў мясцовага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. За час працоўнага семестра – на працягу ліпеня-жніўня – іх будзе створана сем. Пакуль жа да справы прыступілі тры: два экалагічныя – на базе РУП “Валожынскі жылкамунгас” і адзін сельскагаспадарчы – у КУП “Сівіца”. Астатнія будуць арганізаваны падчас жніва.

Так, ліцэісты задзейнічаны на Валожынскіх гарадскіх могілках: хлопцы і дзяўчаты наводзяць парадак на старой частцы з да- і пасляваеннымі пахаваннямі. Атрад носіць імя воіна-афганца Паўла Падрэза, які, як і яны, вучыўся ў гэтай навучальнай установе, а пасля загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку. Удзельнікі студатрада – першакурснікі, ёсць сярод іх і тыя, хто стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Як адзначыла кіраўнік атрада Наталля Белановіч, якая сёмы год працуе поруч з рабятамі, работа на месцы апошняга спачыну людзей не толькі выхоўвае, а ў далейшым значна ўплывае на светапогляд падлеткаў.

Студатрад “Энергія” працуе на перапрацоўцы другаснай сыравіны: на ўчастку добраўпарадкавання, што знаходзіцца на тэрыторыі былой “Івянецкай крыніцы”, старшакласнікі Івянецкай адзінаццацігодкі спачатку падрыхтоўвалі да здачы адходы кардону, а цяпер разбіраюць і закідваюць у гідраўлічную машыну для прэсавання ПЭТ-бутэлькі. Работа, мякка кажучы, не з прыемных. Аднак настаўніца Данута Дзеніс, якая курыруе дзяцей, заўважыла: перабіраючы “горы” спажытай сыравіны, яны зусім па-іншаму пачынаюць ставіцца да смецця і ўвогуле да пытанняў забруджвання навакольнага асяроддзя.

У склад сельскагаспадарчага атрада, што заняты на праполцы цукровых буракоў у “Сівіцы”, уваходзяць не толькі школьнікі, але і навучэнцы каледжаў, якія прыехалі дадому на канікулы і хочуць падзарабіць грошай. На жаль, актыўна ўключыцца ў палявыя работы перашкаджае кароткачасовы дождж. Але іх кіраўнік Вера Солтан кажа, што ні разу не пачула ад моладзі ні нараканняў, ні скаргаў: змокшыся, выліваючы з ботаў ваду, усе чакаюць спрыяльнага моманту. Нездарма ж іх атрад носіць імя паважанага ў мясцовасці настаўніка, франтавіка-разведчыка Аляксандра Пятровіча Сарокіна, які ніколі не спасаваў перад цяжкасцямі.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *