Памералiся сiламi

Общество

17 ліпеня старажытны Заслаўль прымаў людзей мужнай прафесіі: тут адбылося спаборніцтва “Мацнейшы выратавальнік-пажарны”.

У каманду нашага раёна ўвайшлі камандзір аддзялення ПАВП № 13 вёскі Ракаў прапаршчык унутранай службы Аляксей БУБЕН, вадзіцель ПАВП № 15 вёскі Сакаўшчына старшы сяржант унутранай службы Яўген ВАНСЛОВІЧ і вадзіцель ПАВП № 11 вёскі Подберазь старшы сяржант унутранай службы Станіслаў МІХНЕВІЧ. Спаборніцтва ўяўляла сабой комплекс камбінаваных сілавых і хуткасных нагрузак, якія патрэбна было выканаць за мінімальны час у поўным абмундзіраванні выратавальніка-пажарнага. А вага такога камплекта – каля 30 кілаграмаў!

Прыняць удзел і пазмагацца ў конкурсах прафесіянальнага майстэрства рашыліся 80 работнікаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Міншчыны.

На складаным шляху да фінішу выратавальнікам давялося прайсці 5 этапаў: падняцца з рукаўнай лініяй на пляцоўку чацвёртага паверха спецыяльнай вежы, на ёй пры дапамозе рук падняць рукаўную скатку вагой 19 кілаграмаў, кувалдай перасунуць жалезную 73-кілагамовую балку, затым прабегчы з напоўненым вадой пажарным рукавом і накіраваць струмень вады ў цэль. Напрыканцы патрабавалася “ратаваць” манекен дарослага чалавека.

Аддаўшы барацьбе ўсе сілы, паказаўшы спрыт і хуткасць, каманда Валожынскага РАНС заняла 3-е месца. Гэты добры вынік, але ёсць яшчэ куды імкнуцца шляхам удасканальвання.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *