Дваццаць гадоў змагаўся з агнём

Усіх членаў сям’і валожынца Івана ТРАПАШКІ смела можна аднесці да ліку выратавальнікаў. Сам ён два дзесяцігоддзі працаваў вадзіцелем пажарнай службы, жонка і дзве дачкі – медыкі. Ім таксама добра вядома, што гэта такое – ратаваць чалавечае жыццё…

Іван Іванавіч прызнаецца: у штат пажарных імкнуўся адразу пасля службы ў арміі. Але тады, у далёкім 1980 годзе бацька яго адгаварыў. Маўляў, лепш ідзі па маіх слядах, асвойвай прафесію вадзіцеля. Аслухацца малады хлопец тады не змог – не заведзена было ісці насуперак старэйшым. Аднак нейкі ўнутраны голас у яго душы гучаў пастаянна: са сваім прызваннем ты не размінешся. Так у рэшце рэшт і здарылася. У 1986 годзе Іван Трапашка прыходзіць працаваць у Сакаўшчынскі міжгаспадарчы пажарны пост, а праз некаторы час пераводзіцца ў цэнтральную пажарную часць у райцэнтры. Атрымаў званне старшыны, за бездакорную службу не раз адзначаўся кіраўніцтвам, чуў падзякі ад людзей. Зараз з’яўляецца не толькі ветэранам, але і выдатнікам пажарнай службы.

Вогненная стыхія – небяспечная і жудасная з’ява, якая прыносіць разбурэнне і смерць. Таму і не дзіва, што навічкам у прафесіі пажарнага прыходзіцца перажываць моцны стрэс. Потым з гэтым стрэсам удаецца спраўляцца, але цалкам пазбавіцца яго немагчыма, як немагчыма нармальнаму чалавеку прывыкнуць да трагедый, заставацца раўнадушным да чужой бяды. Самы цяжкі ўспамін Івана Іванавіча датычыцца выпадку не на пажары, а на вадзе. Двое маленькіх хлопчыкаў-братоў пайшлі коўзацца на замерзлую рэчку. Пад адным лёд трэснуў, дзіця так і не змагло вырвацца з халоднага палону. Даставаць са дна астылае цельца давялося валожынскім выратавальнікам-пажарным. Што перажывалі бацькі загінуўшага хлопчыка – апісаць словамі немагчыма. Прайшло ўжо шмат часу, а на вочы мужчыны і сёння набягаюць слёзы.

Асабліва шкада, што многіх непапраўных выпадкаў можна было і пазбегнуць. Дарослыя людзі павінны і самі быць асцярожнымі, і дзяцей вучыць правілам бяспекі. А яшчэ Іван Іванавіч успамінае, як на працягу некалькіх месяцаў у Івянцы адзін за адным гарэлі хлявы. Аказалася, што падпалы рабіў хворы чалавек. Сустракаецца і такое псіхічнае адхіленне…

Прыказка “адзін у полі не воін” цалкам адносіцца і да прафесіі выратавальніка. За дваццаць гадоў шмат вады ўцякло, з’еўся не адзін пуд солі з калегамі-таварышамі. З удзячнасцю і павагай успамінае Іван Трапашка сваіх паплечнікаў: Івана Іванавіча Залескага, Ігара Уладзіміравіча Падарэцкага, Міхаіла Сцяпанавіча Алешку. Пры сустрэчы былыя пажарныя нярэдка вядуць размовы, у якіх гучаць ноткі лёгкай зайздрасці да сучасных рэалій. Так, ранейшыя “ЗІЛы” ўмяшчалі толькі да 2,3 тоны вады, а зараз эксплуатуюцца “МАЗы” водазмяшчальнасцю 10 тон. Значна змянілася тэхнічнае аснашчэнне, сродкі індывідуальнай аховы. Ды і колькасць пажарных пастоў вырасла. У пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя пажарныя групы былі толькі ў Валожыне, Івянцы і Ракаве. Потым патроху пачалі ўтварацца міжгаспадарчыя аб’яднанні выратавальнікаў. Станоўчыя зрухі радуюць Івана Іванавіча, і ён ад душы жадае супрацоўнікам МНС усяго самага лепшага і ў асабістым жыцці, і на шляху па кар’ернай лесвіцы.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

 

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars