Мастак i матэматык у адной асобе

Культура

Аліну МІЦЭВІЧ у Валожыне ведаюць як цудоўнага педагога і чалавека. Выстава “Жыватворная крыніца адметнага натхнення” ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” адкрыла яшчэ адзін бок жыцця гэтай жанчыны.

Экспазіцыю склалі прыгожыя вышываныя рэчы, створаныя руплівымі рукамі Аліны Баляславаўны, а таксама тыя, што некалі дасталіся маладой дзяўчыне ў пасаг ад маці. Кожная работа настолькі адметная, вытанчаная, акуратная і дакладная, што дзіву даешся. Тут жа можна пазнаёміцца з яе вырабамі з бісеру.

Жаданне займацца рукадзеллем з’явілася ў нашай гераіні яшчэ ў дзяцінстве. Нарадзілася і вырасла яна ў вёсцы Запур’е Вішнеўскага сельсавета. У сям’і гадаваліся дзве дачушкі: Аліна і Яніна. Маці была здатнай майстрыхай, працавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў у Маладзечне. Маленькія дзяўчынкі бачылі, як з-пад яе рук выходзяць дзіўнай прыгажосці рэчы. Часам і самі спрабавалі зрабіць нешта падобнае.

Напэўна лёсам было наканавана так, што ў тыя далёкія гады менавіта ў хаце, дзе жыла сям’я нашай гераіні, размясцілася школа. Прафесійны шлях для дзяўчат быў вызначаны, абедзве сталі настаўніцамі. Аліна Баляславаўна завочна закончыла педінстытут імя Максіма Горкага па спецыяльнасці “Матэматыка”. Чаму завочна? Бо хутка пасля заканчэння школы выйшла замуж за свайго настаўніка фізікі. Нейкі час рука аб руку яны працавалі ў Вайганаўскай школе. Пазней пераехалі ў Валожын. Муж узначаліў раённы аддзел адукацыі, а жонка выкладала свой любімы прадмет. У сям’і нарадзіліся дзве дачушкі, якім перадалася бацькоўская любоў да настаўніцкай прафесіі, і абедзве выбралі гэты нялёгкі шлях.

Пакуль Аліна Баляславаўна працавала ў школе, на рукадзелле часу не хапала. Трэба было займацца домам, дзецьмі, дапамагаць свекрыві, якая жыла ў Калеснікоўшчыне і, нягледзячы на свой пажылы ўзрост, трымала вялікую гаспадарку. Аб гэтай жанчыне ў нашай гераіні засталіся самыя цёплыя ўспаміны і ўдзячнасць за жыццёвую мудрасць і падтрымку.

Прайшоў час, дзеці выраслі, а яна ў 1993 годзе ўладкавалася ў Дом піянераў, дзе вяла гурток “Свой дом упрыгожым самі”. Вось тут і знайшоў выйсце талент майстрыхі. Яна пачала вышываць. Узоры брала ў журналах, складала сама, нешта групавала, дадумвала. Атрымліваліся цудоўныя вырабы. Не раз Аліна Баляславаўна ўдзельнічала ў розных выставах і конкурсах. Яе такія акуратныя, вытанчаныя работы ніколі не заставаліся незаўважанымі. Дадому вярталася з дыпломамі, падзякамі і іншымі ўзнагародамі.

У гуртку таксама вучыла дзяцей бісерапляценню. Адначасова сама спасцігала азы і для яе яшчэ нязведанай справы. Да кожнага занятку рыхтавала для ўзору новую работу. Чаго толькі не выраблялі яны з навучэнцамі: звяроў, птушак, матылькоў і інш. Перавагу ж аддавалі разнастайным букецікам.

Пасля выхаду на пенсію няўрымслівая жанчына стварыла яшчэ шмат цудоўных вышываных і з бісеру рэчаў. Гаворыць, што атрымлівае ад сваёй работы сапраўднае задавальненне. Як убачыць нешта новае, дык рукі самі просяцца зрабіць падобнае. Цяпер дасціпная майстрыха вывучае тэхналогію вырабаў з саломкі. Ужо і матэрыял для гэтага нарыхтаваны.

Ёсць у жанчыны і яшчэ адно захапленне – вельмі любіць яна працу на зямлі. На дачы ў Калеснікоўшчыне рукамі Аліны Баляславаўны і яе блізкіх створаны насамрэч райскі куточак. Менавіта гэтае месца ўжо даўно стала самым прыцягальным для нашай гераіні. Тут яна адпачывае душой і сэрцам.

Колькі сіл трэба прыкласці, каб дабіцца гэтакай прыгажосці! Яшчэ з зімы строяцца планы што і як пасадзіць, дзе лепш адвесці месца тым ці іншым кветкам, дзе агародніне. У выніку карпатлівай працы атрыміваецца ансамбль, ад якога нельга вачэй адвесці. Дбайная гаспадыня рацыянальна выкарыстоўвае і два парнікі. Там з ранняй вясны да позняй восені нешта вырошчваецца.

Магчыма таму, што наша гераіня адначасова матэматык і мастак, у любой справе, за якую яна бярэцца, адчуваюцца гармонія, лагічнасць і добры густ.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *