«Зорны дождж» прынёс перамогу

Молодежный курьер

Дыплом I ступені і медаль памяці кампазітара Ігара Лучанка прывёз з міжнароднага фестывалю творчасці інвалідаў, які прайшоў на “Славянскім базары-2019” у Віцебску, жыхар Івянца Уладзіслаў РЭУТ.

Арганізатарам мерапрыемства стала грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства інвалідаў”. Уладзіслаў прадстаўляў Валожынскую раённую арганізацыю. Удзел у фестывалі хлопец браў трэці год запар. Калі пазалетась яго наогул не заўважылі, то ў мінулым годзе ён стаў уладальнікам Дыплома II ступені. Сёлета перамогу Уладзіславу прынесла песня “Зорны дождж” з рэпертуару Руслана Аляхно. У падрыхтоўцы да конкурсу маладому чалавеку дапамагаў ураджэнец Івянца, вядомы выканаўца Аляксандр Сабалеўскі, з якім яны разам выбіралі песню, займаліся вакалам, рэпеціравалі ў пасялковым Доме культуры.

З музыкай Уладзіслаў Рэут сябруе з дзяцінства, талент у ім разгледзелі настаўнікі яшчэ падчас вучобы ў Маладзечанскай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем зроку. Ён быў задзейнічаны на ранішніках, з’яўляўся запявалам у класе. А калі падрос, стаў спрабаваць свае сілы падчас агульнашкольных і гарадскіх мерапрыемстваў. Спяваў разам са сваімі аднагодкамі ў доме-інтэрнаце для інвалідаў, на сцэне Палаца культуры Маладзечна, прымаў удзел у фестывалях і конкурсах. Практычна адусюль юнак прывозіў граматы і дыпломы, бо кожную песню, з якой выходзіць на сцэну, ён адчувае душой і сэрцам.

Уладзіслаў гаворыць, што 1-е месца ў Віцебску дасталося нялёгка, бо сапернікі, якія прадстаўлялі Беларусь, Расію, Украіну, былі сур’ёзныя і настроеныя на перамогу. Але хваляванне адсутнічала, на сцэне адчуваў сябе спакойна і вельмі камфортна. Здавалася, хлопец проста перадае гледачам гісторыю свайго кахання і пачуцці, якія пры гэтым перажывае.

Асаблівыя ўражанні ў Уладзіслава Рэута засталіся ад гала-канцэрта, які адбыўся ў Горадзе майстроў на беразе Дзвіны: менавіта тут яму ўручылі Дыплом пераможцы і медаль.

Валожынцы ганарацца сваім земляком і жадаюць далейшых поспехаў і новых дасягненняў.

Анжэла РАДЫНА

Фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *