Шчыруюць на жнiве

Аграрный сектор и промышленность

Гаспадаркамі раёна своечасова праведзена ўборка рапсу. У сярэднім сельгасвытворцы справіліся з даведзеным заданнем на 100 працэнтаў. Сумеснымі намаганнямі сабрана 4695 тон масланасення рапсу. Найбольш значны намалот атрымалі ў КСУП “Валожынскае” – 1004 тоны з 655 гектараў (ураджайнасць – 15,3 цэнтнера з гектара). Самую высокую ўраджайнасць далі рапсавыя палеткі ў СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” – 26,8 цэнтнера з гектара, тут з 228 гектараў намалацілі 611 тон. Выдатны вынік і ў ААТ “Агра-Дубінское” – пры ўраджайнасці 18,2 цэнтнера з гектара атрыманы 674 тоны масланасення азімай культуры, што выспела на 371 гектары.

Па інфармацыі на 23 ліпеня 895 тон намалоту рэалізавана на прадпрыемства “Мінскаблаграсэрвіс”, 498 тон закупіў АК “Дзяржынскі”, 419 – Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў, 355 тон – ААТ “Рапс”, 236 – Маладзечанскі масласырзавод, 172 тоны – Валожынская райаграпрамтэхніка, 153 – “Біарапспрадукт”, 111 – Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў.

 

Аграрыямі Валожыншчыны вядзецца ўборка зерневых і зернебабовых культур. Усяго на палетках дванаццаці гаспадарак працуюць 72 адзінкі зернеўборачнай тэхнікі. Найбольш значны аб’ём работ па інфармацыі на 25 ліпеня праведзены ў ААТ “Багданаўскае”, дзе убрана 33 працэнты палёў і намалочана 986 тон зерня пры ўраджайнасці 26,3 цэнтнера з гектара. Самай высокай ураджайнасці дасягнулі на пасевах у СГУ “Бабровічы” – 45,5 цэнтнера з гектара, на другім месцы – ААТ “Агра-Дубінское”, дзе збіраюць па 30,45 цэнтнера на круг. Па колькасці намалочанага зерня лідзіруе КСУП “Пяршаі” – 1667 тон (уражайнасць – 29,8). Лідар па колькасці гектараў, што ўбіраюцца за дзень, – КСУП “Валожынскае”: 280 гектараў.

У большасці гаспадарак зараз ідзе жніво азімых – жыта, трыцікале, пшаніцы. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне – 26,8 цэнтнера з гектара. Увогуле аграрыям неабходна сабраць ураджай з 23392 гектараў.

 

 

Старшы камбайнер Раман САФРАНОВІЧ і камбайнер Дзмітрый ДРЫГА – перадавы экіпаж ААТ “Агра-Вішнеўскі”. Сярод лідараў жніва яны ўжо не першы сезон. Раман Часлававіч шчыруе на палетках гаспадаркі 20 гадоў і не аднаразова падчас уборкі паказваў лепшыя вынікі. У мінулым годзе быў сярод запрошаных на раённыя дажынкі. Гэты факт лічыць асабістым дасягненнем і зусім не супраць паўтарыць свае паказчыкі.

Разам механізатары працуюць другі сезон. Пакуль яны – лідары ўборачнай кампаніі 2019 года. На камбайне “Палессе” паспелі паўдзельнічаць ва ўборцы азімага рапсу, зараз жнуць жыта.

Усяго на палях сельгаспрадпрыемства даспявае 896 гектараў зерневых і зернебабовых культур. Таму працавітыя людзі пакуль не бачаць магчымасці расслабляцца.

Намаганні на “Жніве-2019” экіпажа Генадзія БАЙСАВА і Сяргея ЛЕБЕДЗЕВА можна назваць дэбютам – мужчыны па дагаворы падрада ўпершыню прымаюць удзел ва ўборачнай кампаніі. У сваім імкненні дапамагчы яны арыентуюцца на лідараў. Як адзначыў выконваючы абавязкі дырэктара прадпрыемства Яўген Маркоўскі, механізатары гатовыя да сапраўдных рэкордаў, галоўнае, каб не падвялі надвор’е і тэхніка.

Пётр АЛЕКСАНДРОВІЧ – работнік ДУП “Валожынскае ПМС”, але ўжо 10-ы год запар падчас жніва ў якасці камбайнера шчыруе на вішнеўскіх палетках. Пастаянныя камандзіроўкі літаральна зраднілі адказнага чалавека з калектывам гаспадаркі. Пакуль не закончыцца ўборка зерневых – жыта, трыцікале, пшаніцы – яго праца ў ААТ “Агра-Вішнеўскі” будзе доўжыцца.

Тэкст і фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *