Дапаможам дзецям!

Общество

Раённай структурай Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа распачата дабрачынная кампанія “Збяром дзяцей у школу разам!”, якая штогод ладзіцца з мэтай падрыхтоўкі да школы дзяцей са шматдзетных сем’яў і сем’яў, якія адносяцца да сацыяльна неабароненых катэгорый.

На тэрыторыі раёна пражываюць людзі, чыю жыццёвую сітуацыю інакш як цяжкай не назавеш (бежанцы, бацькі, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю, людзі з цяжкімі захворваннямі). А, між іншым, усе без выключэння хлопчыкі і дзяўчынкі школьнага ўзросту павінны 1 верасня сесці за парты. І кожны з нас можа ўнесці свой уклад у тое, каб ніхто з іх не адчуваў сябе абдзеленым.

У Чырвоны Крыж можна прынесці адзенне, абутак, партфелі, канцылярскія тавары. Безумоўна, рэчы павінны быць у добрым стане. Ёсць магчымасць ахвяраваць і грашовыя сродкі, апусціўшы іх у скарбонкі, з якімі валанцёры арганізацыі ў бліжэйшы час будуць наведваць гарадскі рынак, прыватныя магазіны. Як заўсёды, спадзяванні на дапамогу ў першую чагру звязваюцца з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Аднак старшыня раённай арганізацыі Антаніна Трацэўская выказала надзею, што адгукнецца кожны, у каго ёсць рэальная магчымасць. Хацелася б, каб у добрай справе паўдзельнічалі забяспечаныя людзі. Тым больш, што прыклад ім ужо паказалі некалькі шматдзетных сем’яў. Асаблівага дастатку яны не маюць, але ж добра разумеюць патрэбы іншых, таму з году ў год рэальнымі ўчынкамі развіваюць справу дабрачыннасці.

Свае ахвяраванні можна дастаўляць у офіс Чырвонага Крыжа, што знаходзіцца па вуліцы Партызанскай, д. 6а ў Валожыне. Просьба папярэдне тэлефанаваць па нумары: 8-029 3448730.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *