Сядзiба, што радуе вока i цешыць душу

Общество

Выключная дагледжанасць сядзібы Аляксандра Пятровіча і Таццяны Станіславаўны СПІЧАКАЎ здалёк прыцягвае позірк. Каля яе міжволі хочацца затрымацца і палюбавацца чароўнай прыгажосцю, што створана рукамі гаспадароў.

Недабудаваны дом па вуліцы Казінца райцэнтра сям’я Спічакаў набыла гадоў восем таму. І паступова, крок за крокам, уласнаручна пачалі даводзіць усё да ладу. Праз нейкі час перасяліліся сюды з кватэры ў шматпавярхоўцы і больш шчыльна заняліся добраўпарадкаваннем. На сваім падворку муж і жонка з’яўляюцца і архітэктарамі, і выканаўцамі. Усё стваралі і ствараюць дзеля камфорту, зручнасці і прыгажосці.

Адразу кідаецца ў вочы кожнага, хто завітаў на падворак, уваход у дом: высокі каменны фундамент, такая ж лесвіца. Між іншым, збіраў камяні і выкладваў іх гаспадар сам. Упрыгожваюць тэрасу бетонныя балясіны, а ўнізе абараняюць спакой насельнікаў два вялікія львы – скульптуры прывёз бацькам сын, а прымяненне знайшоў Аляксандр Пятровіч. Яшчэ і герб Валожына на іх угледзеў і размаляваў. Выглядае ўсё гэта вельмі арыгінальна і патрыятычна.

Гонарам гаспадара з’яўляецца лазня. Зруб для яе заказалі ў спецыяліста, а далей ужо ўзяўся за працу самастойна. Прадумваў усё да дробязей. Прасторныя прылазнік і мыйнае аддзяленне, цудоўная парылка, пасля якой ёсць магчымасць акунуцца ў купель. На другім паверсе – пакой для адпачынку з выхадам на балкон, адкуль можна палюбавацца наваколлем. Таццяна Станіславаўна гаворыць, што ў мужа – залатыя рукі: за што ні возьмецца, усё атрымліваецца бездакорна. Вось і лазня выйшла выдатная – тут лёгка дыхаецца ў спякоту і ўтульна ўзімку.

У гарачае надвор’е на падворку лашчыць слых плёскат вады з фантана, што размясціўся ў невялікім вадаёме. Побач падрыхтавана пляцоўка пад альтанку. Можна толькі здзіўляцца, наколькі ўсё прадумана і гарманічна.

Сям’я Спічакаў надала свайму ўчастку цудоўнае афармленне. Яны пасадзілі малады сад, бліжэй да дому – туі, упрыгожылі тэрыторыю малымі архітэктурнымі формамі, разбілі кветнікі. Лілеі, хрызантэмы, касачы, хосты, ружы і інш. радуюць вока. Кожнай расліне месца адведзена так, каб з ранняй вясны да позняй восені ўсюды было цвіценне. Летам жа галоўным убраннем сядзібы з’яўляюцца пятунні. Гэты кветкавы калейдаскоп заварожвае позірк буйствам красак. Дагледжаны выгляд участку надае і газон, выкашаны “пад нуль”.

Крыху воддаль знаходзіцца вялікі агарод з цяпліцай, што гаспадар змайстраваў уласнымі рукамі. Тут не ўбачыш ніякага пустазелля, ссохлых раслін. Сумненняў няма: прыгожы падворак – вынік штодзённай карпатлівай працы.

Аляксандр Пятровіч і Таццяна Станіславаўна ўжо на пенсійным адпачынку, з’яўляюцца членамі раённай ветэранскай арганізацыі, але працягваюць працаваць. Застаецца толькі здзіўляцца, як на ўсё хапае часу. Сыны са сваімі сем’ямі з ахвотай наведваюць бацькоўскую сядзібу і дапамагаюць. Але зразумела: асноўная нагрузка кладзецца на плечы гаспадароў.

Муж з жонкай з паўслова разумеюць адзін аднаго і ва ўсім падтрымліваюць. Нездарма гавораць: там, дзе на двары парадак і прыгажосць, і ў хаце чысціня, дабрабыт, згода, душэўныя адносіны.

 

Анжэла РАДЫНА

Фота Сяргея БОБРЫКА

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *