Тэлефон мiлiцыi — 102

Закон и порядок

МІМА КАСЫ

З Івянецкага магазіна “Дабраном” паступіла паведамленне пра факт крадзяжу бутэлькі гарэлкі з гандлёвай залы. Прыехаўшы на выклік, міліцыянеры затрымалі мясцовага жыхара, які нідзе не працуе, мае за плячамі не адно сутыкненне з законам і злоўжывае алкаголем. За крадзеж паўлітроўкі “Сталічнай-пшанічнай” коштам 6 рублёў 29 капеек мужчыну пагражае сур’ёзнае пакаранне.

НЕ ПРАЙСЦІ, НЕ ПРАЕХАЦЬ

Шмат бед учыніў у Брыльках жыхар Мінска. Будучы на добрым падпітку, ён разбіў шыбу ў пад’ездзе, папсаваў уваходныя дзверы, а перад гэтым, упраўляючы аўтамабілем, адламаў люстэрка задняга віду ў прыпаркаванай легкавушцы. Гаспадар пашкоджанай іншамаркі і паведаміў у міліцыю пра хуліганскія паводзіны заезджага госця. Затрыманы дэбашыр віну сваю прызнаў і тут жа пакрыў усе матэрыяльныя страты пацярпелым. Справа скончылася прымірэннем.

ТРОЙКА, ПАПОЙКА, БОЙКА…

Разбірацца ў бытавым скандале, які адбыўся ў Макараўцы, прыйшлося праваахоўнікам. Устаноўлена, што падчас распіцця алкагольных напіткаў кампанія з трох чалавек учыніла разборкі. Спачатку ўсё ішло як па маслу. Але потым адзін з выпівох не па-джэнтльменску абразіў жанчыну-сабутэльніцу. Другі зрабіў таму заўвагу ў грубай форме, а для большай аргументацыі разбіў бутэльку гарэлкі і прыгразіў учыніць забойства. Міліцыі ўдалося заклікаць п’янчуг да парадку. У кампаніі зноў запанавалі мір і згода.

ПРАЧНУЎСЯ – І ЖАХНУЎСЯ

У дзяжурную часць патэлефанаваў пенсіянер і паведаміў, што яго абакралі. Злачынства адбылося тады, калі пацярпелы моцна спаў, ужыўшы вялікую колькасць гарэлкі. А як прачнуўся, то не далічыўся дарожнай сумкі, у якой ляжала тры кілаграмы дамашняй каўбасы, два кілаграмы сала, кілаграм памідораў. Знік і кашалёк з беларускімі рублямі, доларам ЗША і банкаўскай карткай. Усе грошы знаходзіліся ў адной з задніх кішэняў штаноў. Старанна ўспамінаючы, што з ім адбылося, мужчына даваў паказанні. Па гарачых слядах злодзей быў затрыманы.

ЗАБАВА ПРЫВЯЛА Ў БАЛЬНІЦУ

З траўмамі розных участкаў цела ў Ракаўскую бальніцу быў дастаўлены хлопчык з аздараўленчага лагера “Палачанка”. Для высвятлення абставін атрымання пашкоджанняў медыкі выклікалі супрацоўнікаў міліцыі. Крымінальны след не пацвердзіўся. Хлопчык параніўся сам, калі катаўся пасля дажджу на адным з дзіцячых атракцыёнаў. Дэталі былі вільготнымі, яны і справакавалі падзенне.

ЗА ЧУЖЫЯ ГРАХІ

Маладая жанчына, жыхарка вёскі Даўбені, будзе прыцягнута да крымінальнай адказнасці за жорсткае абыходжанне з жывёлай. Згодна з заканадаўствам, жывадзёрства караецца штрафам, папраўчымі работамі ці арыштам. Затрыманая дваццацігадовая асоба віну сваю прызнала цалкам – забіла сабаку, нанёсшы яму восем нажавых раненняў. Ва ўчыненым не раскайваецца. Лічыць, што такім чынам адпомсціла суседцы, з якой у іх далёка не сяброўскія адносіны.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *