Шлях да прызнання

Люди и судьбы

Сёлетні год для Віктара Іванавіча БЫЧКОЎСКАГА, начальніка Валожынскага раёна газазабеспячэння філіяла “Дзяржынскае вытворчае ўпраўленне” РУП “Мінскаблгаз”, шчодры на знакавыя падзеі: у красавіку атрымаў дзяржаўную ўзнагароду – медаль “За працоўныя заслугі”, у чэрвені споўнілася 50 гадоў працоўнага стажу, а два тыдні таму адсвяткаваў 70-гадовы юбілей. Тры асноўныя рэчы, якія павінен зрабіць мужчына ў жыцці – пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выгадаваць сына, ён выканаў з ліхвой. І зараз можа падзякаваць лёсу і сабе за тое, чаго дасягнуў. У размове адзначыў: “Ганаруся ў першую чаргу сваёй краінай, якая дала магчымасць простаму хлопцу з невялічкай вёсачкі выйсці ў людзі”. Не памылюся, калі скажу, што ў кожнага ёсць такая магчымасць – паказаць сябе, аднак скарыстоўваюць яе нямногія. Таму што шлях да прызнання няпросты і складаны, ён падуладны толькі тым, хто моцны духам. З ліку такіх – наш суразмоўца.

– Віктар Іванавіч, пачнём з галоўнага: што адчулі, калі даведаліся пра высокую адзнаку Вашай працы?

– Безумоўна ж, гонар – за сябе, сваю краіну, за жыццё і працу: 28 чэрвеня 1969 года быў зроблены першы запіс у маёй працоўнай кніжцы аб уладкаванні на работу, калі навучэнцам тэхнікума праходзіў вытворчую практыку ў лесабудаўнічай экспедыцыі. Пачынаў рабочым. Паступова, за трыццаць пяць гадоў (!?), “дарос” да кіраўніка. Дарэчы, калі атрымаў узнагароду, калектыў наладзіў мне цэлую ўрачыстасць з уручэннем памятнага знака. Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць раённаму выканаўчаму камітэту на чале з Мікалаем Анатольевічам Астрэйкам, генеральнаму дырэктару РУП “Мінскаблгаз” Юрыю Віктаравічу Кукліцкаму за тое, што заўважылі і ацанілі – шчыра прызнаюся, не чакаў гэтага.

– Узгадайце, калі ласка, Ваш працоўны шлях.

– Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума атрымаў размеркаванне ў Мінскі праектны інстытут, але мяне прызвалі ў армію. Пасля службы было шмат прапаноў і спакусаў паехаць далей ад роднай Беларусі, але вырашыў вярнуцца дадому і ўладкаваўся на працу ў Вішнеўскае лясніцтва. Ужо праз паўгода перайшоў у Валожынскую меліярацыйную станцыю, што займалася асушэннем забалочаных лясных плошчаў і будаўніцтвам лясных дарог. Напрыканцы васьмідзясятых мяне запрасілі ў лясгас. З 4 чэрвеня 2002 года працую ў газавай гаспадарцы раёна, якую больш за дзесяць гадоў узначальваю.

– Што лічыце галоўным у рабоце кіраўніка?

– Калі гаварыць пра сферу, дзе працую, то асноўныя напраўленні – кадры і фінансы. Тое, што начальнік павінен быць узорам ва ўсім – таксама факт. У апошнія гады голас на сваіх падначаленых не павышаю – яны мяне чуюць і разумець з паўслова. Так, спачатку ўсяго было – звальнялася па 13-15 чалавек за год. Шмат намаганняў прыйшлося прыкласці, каб выкараніць сярод асобных шкодныя звычкі – чамусьці такія паводзіны лічыліся нармальнымі. Прыйшлося падбіраць людзей, што аказалася зусім няпроста. У нашай справе адным з галоўных крытэрыяў з’яўляецца перш за ўсё сумленнасць, таму што прыходзіцца мець зносіны з людзьмі ў плане спажывання газу, кантролю, пламбіроўкі, паказанняў лічыльнікаў, а гэта ўсё грошы. Важнай з’яўляецца выканальніцкая дысцыпліна ва ўсіх аспектах. Цяпер у службе працуюць 88 чалавек, і я задаволены работай калектыву.

– Раскажыце пра Вашы карані. Жыццёвыя арыенціры, якія заклалі бацькі, чаму яны Вас навучылі і за што ім ўдзячны сёння.

– Родам я з вёскі Белы Бераг Іўеўскага раёна. У маё дзяцінства гэта было досыць ажыўленае месца: 35 хат, раскінутых у лесе, свае лясніцтва, смалакурня, калісьці стаяла царква, якраз насупраць нашай хаты, а ў доме ў нас была школа. Бацька працаваў у леспрамгасе на лесасплаве, а маці дома займалася намі, трыма дзецьмі, і вяла гаспадарку. Але ў 1963 годзе ў нашай сям’і здарылася бяда: з-за белакроўя памерла 7-гадовая сястра. Праз год і месяц не стала бацькі. Скончыўшы пачатковую школу, мне давялося працягваць вучобу ў Бакштах: жыў спачатку ў сваякоў, пасля ў інтэрнаце. У маю пару дзецям, асабліва на вёсцы, даводзілася дапамагаць бацькам ва ўсім: і касіць, і араць, і дровы сячы, ды і ўвогуле рабіць тое, што загадаюць. У кожнага былі свае абавязкі, выкананне якіх ніхто нават і не асмельваўся аспрэчваць. Памятаю, калі прыязджаў дадому на канікулы, касіў у поле разам з дарослымі мужчынамі: ішоў пракос у пракос ручной касой. Сыноў у свой час таксама навучыў і касіць, і за плугам хадзіць, хоць зараз касу ў рукі бяру толькі я: калі трэба падкасіць падворак, як і ў маладосці, карыстаюся “дзевяціручкай” – сучасныя трымеры мне не патрэбны. Таму бацькам вельмі ўдзячны за тое, што прывучылі да працы, якая, дарэчы, у сучасным свеце не моцна ў пашане.

– Чаму і як вучылі сваіх дзяцей? Ці апраўдалі яны Вашы патаемныя надзеі, ці адчуваеце гонар за іх?

– Абодва сыны даўно выраслі, і нават дзве ўнучкі ўжо скончылі па першым курсе ўніверсітэтаў. Яны знайшлі сваё месца ў жыцці, маюць добрыя сем’і – імі, безумоўна, ганаруся. І не толькі імі, але і нявесткамі, якіх называю дочкамі. Шчыра прызнаюся, што выхаваннем сыноў поўнасцю займалася мая жонка – я толькі адзін раз за ўвесь час іх вучобы ў школе ў старэйшага быў на бацькоўскім сходзе. Яны самі выбіралі сабе прафесію, а мы не пярэчылі, хоць мелі крыху іншыя меркаванні.

– Ці ёсць у Вас настальгія па некалішнім часе, укладзе жыцця, нормах маралі? Як ставіцеся да цяперашняй моладзі, ці параўноваеце яе са сваім пакаленнем?

– Сумую па Савецкім Саюзе. Па-першае, тады эканоміка і ўся гаспадарчая дзейнасць вяліся планава, і кожны ведаў, што планы абавязковыя да выканання. Яны ў нейкай ступені з’яўляліся і стымулам, і рычагом. Цяпер таксама жывём нядрэнна. Сённяшняя моладзь у большасці харошая, здольная, разумная – гультаёў і абібокаў мала. Але не ўсе разумеюць і не спрабуюць, так бы мовіць, “аддаваць” вось гэтай эканоміцы, каб з яе ў далейшым атрымаць прыбытак і для сябе асабіста, і для сваёй сям’і.

Часта ўзгадваю, як жылі мы раней, а як – цяперашняе пакаленне: ні ў якое параўнанне не ідзе. Сёння магчымасцей праявіць сябе і дабіцца поспеху ў маладых людзей мноства, перад імі адчынены ўсе дзверы, вялікі клопат аказвае дзяржава, падтрымліваюць і дапамагаюць бацькі – толькі не лянуйся, дзейнічай!

– Што цэніце ў людзях? Чаго б не даравалі ніколі?

– Не дарую здрадніцва. А вось цаню ў чалавеку нормы маралі, закладзеныя ў савецкія часы: сумленнасць і справядлівасць. Працавітасць, канешне ж. Пры гэтых якасцях можна дабіцца ўсяго.

– Ці падтрымліваеце Вы сяброўства?

– Ёсць сябры. Па былой сваёй прафесіі пастаянна падтрымліваю адносіны з Шакуном Васілём Уладзіміравічам, Балдоўскім Пятром Міхайлавічам, амаль кожны тыдзень размаўляў па тэлефоне з нядаўна адышоўшым у іншы свет Галіеўскім Пятром Францавічам. Адзін са старэйшых сяброў – Віршыч Іван Іванавіч, сябар нумар адзін – Каспяровіч Генадзій Вацлававіч. Мы разумеем адзін аднаго, нам заўсёды ёсць аб чым пагутарыць-паразважаць: размова з імі – як бальзам на душу.

– Як праводзіце вольны час? Чым захапляецеся, атрымліваеце сапраўдную асалоду?

– Я – заўзяты паляўнічы, праўда, цяпер ужо у былым, хоць і з’яўляюся членам таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Маю трафеі аленя і ваўка, якіх здабыў асабіста. А зараз заўзята займаюся пчоламі – яны і маё задавальненне, і ўвесь вольны час. Трымаю вуллі не дома: аформіў участак у 10 сотак каля Сакавішча пры лесе. Чытаю шмат літаратуры па пчалярстве, спецыяльна выпісваю часопіс “Гаспадар”, дзе ў кожным нумары ўзнімаюцца новыя цікавыя тэмы. Кожны раз са здзіўленнем заўважаю, што пчолы – наймудрэйшая супольнасць: у прыродзе так дакладна прадумана-ўладкавана, нават складана зразумець, як там усё адбываецца. Для чалавека карысныя не толькі мёд, праполіс, пярга, але нават самі зносіны з імі. Для мяне яны вельмі блізкія па духу, бо нездарма ж пра працавітых людзей кажуць: працуюць як пчолкі.

– Як ставіцеся да сучасных тэхналогій: Інтэрнэту, Вайбера, УКантакце?

– Асабіста гэтым не карыстаюся: ёсць такі момант у здароўі, з-за чаго зносіны з камп’ютарам для мяне непажаданыя. Дома ўся сучасная тэхніка ёсць, жонка цікавіцца навінамі, а пасля расказвае, што дзе адбылося.

– Ці бывае такое: вельмі шкада, што чагосьці не зрабіў у свой час?

– Ніколі ні аб чым не шкадаваў, хоць былі і цяжкасці, і складанасці. Лічу: усё ішло сваім парадкам, як і павінна было быць.

– Што, на Вашу думку, галоўнае для чалавека ў жыцці?

– Асноўнае – гэта сям’я. Калі ў цябе моцны, надзейны тыл – ты маеш і абарону, і падтрымку, і ўпэўненасць, і надзейнасць, і магчымасць рухацца далей.

– Як Вы адносіцеся да веры, меркавання, што ў кожнага чалавека ёсць свой анёл-ахоўнік?

– Мяне вучылі атэізму многа, асабліва ў тэхнікуме. Але бацькі заўсёды былі веруючыя, такім застаўся і я. Лічу: усе мы ходзім пад Богам, нябачную дапамогу зверху адчуваў не раз – асабліва, калі ляжаў у бальніцы, зразумеў і усвядоміў, як можна адысці ў вечнасць у адно імгненне. У такія хвіліны разумееш: чыясьці рука вядзе цябе па жыцці.

– Ну і апошняе: Вашы пажаданні жыхарам Валожыншчыны?

– Як начальнік газавай службы, жадаю, каб у наш горад поўнасцю прыйшла гарачая вада, і тыя дамы, дзе гаспадары пакуль карыстаюцца водагазанагравальнікамі, з імі развіталіся. Таму што сітуацыя там няпростая з дымвентканаламі, і хацелася б, каб людзі адчувалі сябе бяспечна. Яшчэ адно пажаданне: каб у Валожыне з’явілася вялікая вытворчасць ці прамысловае прадпрыемства, тады будзе работа, годная зарплата і, безумоўна ж, істотныя адлічэнні ў бюджэт. А ўсім валожынцам жадаю міру, дабра і шчасця, цаніце тое, што маеце.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *