Людзi асаблiвай загартоўкi

Общество

У сваё прафесіянальнае свята – Дзень работнікаў пажарнай службы Рэспублікі Беларусь, якое адзначаецца 25 ліпеня, пажарныя Валожыншчыны з усіх падраздзяленняў сабраліся ў раённым Цэнтры культуры.

Такая ўрачыстасць – выдатная нагода апрануць парадную форму, якая, лічу, самая прыгожая сярод прадстаўнікоў усіх сілавых структур. Наведалі свята і ганаровыя госці з ліку ветэранаў службы, былых калег, кіраўнікоў, а таксама родныя і блізкія віноўнікаў свята.

Калі паглыбіцца ў гісторыю, то можна даведацца, што дата 25 ліпеня выбрана не выпадкова. Менавіта ў гэты дзень, у далёкім 1853 годзе, у Мінску была створана першая пажарная арганізацыя. У Валожыне за польскім часам аналагічныя структуры існавалі таксама. Але за афіцыйны гістарычны адлік зараз узяты 1944 год. Тады, адразу пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падабралі першую прафесіянальную каманду пажарных. Так што сёлета ў нашых пажарных юбілей – 75 гадоў стварэння іх пачэснай службы.

Цяпер на Валожыншчыне пажарную бяспеку забяспечваюць 86 чалавек. Узначальвае раённае аддзяленне МНС Аляксандр Сівы. Ён першым і ўзяў слова. Ад віншаванняў Аляксандр Ігаравіч хутка перайшоў да самай прыемнай часткі – узнагароджання лепшых работнікаў. А іх аказалася нямала.

Загадам міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прысвоена спецыяльнае званне на адну ступень вышэй прадугледжанага пасадай прапаршчыку Наталлі Станкевіч. Нагрудны знак “Выдатнік” уручаны вадзіцелю ПАВЧ № 1 г. Валожына Аляксандру Шакуну. Памятны нагрудны знак “165 гадоў пажарнай службе” атрымалі начальнік ПАВП № 15 в. Сакаўшчына Андрэй Башаркевіч, вадзіцель ПАВП № 15 в. Сакаўшчына Казімір Краскоўскі, вадзіцель ПАВП № 16 г. п. Івянец Анатоль Лаўрыновіч, вадзіцель ПАВЧ № 1 г. Валожына Сяргей Сівы, камандзір аддзялення ПАВЧ № 1 г. Валожына Міхаіл Таўгень, камандзір аддзялення ПАВП № 15 в. Сакаўшчына Міхаіл Юкавец.

Загадам начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС прысвоены чарговыя спецыяльныя званні вадзіцелю ПАВП № 13 в. Ракаў Сяргею Варапаю – старшы сяржант унутранай службы і камандзіру ПАВП № 11 в. Подберазь Аляксандру Пасеку – сяржант унутранай службы. Загадам начальніка раённага аддзела за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў аб’яўлена падзяка начальніку каравула ПАВЧ № 1 г. Валожына Яўгену Матлашуку і старшаму інспектару інспекцыі нагляду і прафілактыкі Сяргею Качулу.

З увагай выслухалі прысутныя паважаных ветэранаў – Анатоля Васільевіча Шакуна і Мікалая Іванавіча Нямкевіча. У сваю чаргу яны таксама адзначылі нагруднымі знакамі ад ветэранскай арганізацыі некаторых работнікаў РАНС.

Запомніцца ўрачыстасць і юным сябрам выратавальнікаў, якія атрымалі Ганаровыя граматы за прапаганду бяспечнай жыццядзейнасці: Яраславу Балашку, Даніілу Міхеткіну, Кацярыне Бацян, Ільі Бункевічу. Гэта вельмі сімвалічна, што людзі мужнай і адначасова ганаровай прафесіі захоўваюць слаўныя традыцыі, падтрымліваюць цесную сувязь пакаленняў, паважаюць гісторыю і клапоцяцца пра маладую змену.

Хочацца сказаць некалькі добрых слоў і ў адрас работнікаў сцэны. Дзякуючы іх таленту, майстэрству віноўнікі ўрачыстасці атрымалі зарад бадзёрасці і з добрым настроем разышліся па сваіх працоўных месцах. Няхай жа вашы будні, паважаныя пажарныя-выратавальнікі, будуць як мага менш трывожнымі…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

  

На гэтым здымку дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання РАНС Наталля СТАНКЕВІЧ яшчэ ў званні прапаршчыка, праз гадзіну яна атрымала пагоны старшага прапаршчыка.

Інспектара сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю, старшага лейтэнанта Алесю РАДВІЛОВІЧ таксама чакала пазачарговае званне – капітанскія пагоны яна атрымала ў Мінску.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *