Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Региональные новости

Працягваецца рамонт у раённай паліклініцы, які рухаецца з паверха на паверх, з аддзялення ў аддзяленне. У канцы ліпеня рамонтныя работы распачаты ў стаматалагічным аддзяленні.

Пачаліся яны ў двух кабінетах. У дадзены момант выраўноўваюцца сцены і падлога пад плітку.

Традыцыйны злёт людзей з прозвішчам Бацян у чарговы раз прайшоў у аграсядзібе з аднайменнай назвай, што размешчана ў вёсцы Долкневічы Вішнеўскага сельсавета. Дата для правядзення гэтага мерапрыемства вызначана даўно – другія выхадныя ліпеня.

На гэты раз у аграсядзібу “Бацян” з’ехаліся каля 30 людзей з аднолькавым прозвішчам з розных куткоў Беларусі. Праўда, у гэтым годзе не было расіян. Прычыны адсутнасці ў людзей розныя, многія змянілі з нараджэннем дзяцей і ўнукаў статус і на нейкі час сталі немабільнымі. Але душой і сэрцам тыя, хто не здолеў прыехаць сёлета на фестываль, былі там, пра што сведчылі іх допісы і тэлефанаванні арганізатарам. Былі ж і такія, хто прыехаў упершыню, яны не пашкадавалі. Не першы раз гаспадары сумясцілі свой фестываль са святам вёскі Долкневічы, прадаставіўшы для яго сваю тэрыторыю. На славу папрацавалі работнікі культуры з Багданава і Подберазі, якія падрыхтавалі цудоўную канцэртную праграму з жывым гукам, конкурсы і гульні. Адным словам, стварылі сапраўдную святочную атмасферу, за што госці былі ім вельмі ўдзячны. Некалькі дзён і вечароў людзі мелі магчымасць для шчырых зносін, гаворак, знаёмстваў, адпачынку на ўлонні прыроды.

 

Ніводзін населены пункт нашага раёна не мае столькі прыватных магазінаў, як Ракаў. Яны месцяцца нават, як некалі пры панскай Польшчы, у прыватных дамах, што можна назіраць на цэнтральнай вуліцы, а таксама ў іншых прыстасаваных памяшканнях. З’яўляюцца ўсё новыя і новыя гандлёвыя кропкі.

Толькі за лета ў аграгарадку адкрылася некалькі новых крам. Напрыклад, ля “Дабранома” ў прыватным доме, частку якога вывелі з жылога фонду, з’явіўся магазін “Сыты папа”. У памяшканні насупраць царквы адкрыўся магазін “1000 дробязяў”. У былым кафетэрыі ў памяшканні “Дабранома” мнагадзетная сям’я стала гандляваць бытавой хіміяй, ёсць цяпер у Ракаве і сэканд-хэнд. Пад навесам на аўтавакзале гатуюць і прадаюць шаурму. Канкурэнцыя рухае гандаль і стварае зручнасці для жыхароў пасёлка, дачнікаў і адпачываючых у навакольных здраўніцах і базах.

 

Дорскі дзіцячы сад некалі быў адным з самых сучасных тыпавых двухпавярховых будынкаў у раёне. Некалькі гадоў пасля далучэння дашкольнай установы да сярэдняй школы памяшканне пуставала і прыходзіла ў заняпад. А гады з чатыры таму стала ўласнасцю прыватнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг з Мінска.

І толькі гэтым летам работы на тэрыторыі і ў самім будынку прыкметна актывізаваліся. Мяркуецца, што там будуць праводзіцца рознага кшталту ўрачыстасці. Унутры вядуцца тынковачныя і іншыя рамонтныя работы, кладзецца плітка. Прыведзена ў парадак тэрыторыя, дзе знайшлося месца альтанкам. Магчыма, у хуткім часе ўстанова пачне аказваць паслугі, для якіх і была набыта.

 

На мінулым тыдні адбылося чарговае пасяджэнне клуба “Міласэрнасць”, які дзейнічае пры раённай бібліятэцы. Яго тэмай стала “Доўгажыхарства ў добрым здароўі”.

Былі запрошаны члены клуба і новыя чытачы пажылога ўзросту. Работнікі аддзела абслугоўвання чытачоў і інфармацыі падрыхтавалі слайд-прэзентацыю па дадзенай тэме, выстаўку літаратуры “Сакрэты здароўя і даўгалецця”. Расказвалі пра фактары даўгалецця, прадукты, што патрэбна ўжываць супраць старэння, іншыя аспекты захавання здароўя. За кубкам чаю госці распавялі пра ўласныя сакрэты, дзяліліся рэцэптамі настояў, мазяў, што дапамагаюць пры хваробах, для падтрымання імунітэту, паказвалі даступныя фізічныя практыкаванні, якія выконваюць штодня.

 

21 ліпеня 24 жыхары Пугачоў і Дораў пабывалі на экскурсіі ў Мінскім заапарку. Многія падарылі такую паездку сваім дзецям ці ўнукам падчас канікулаў. Арганізатарамі, як заўсёды, сталі работнікі мясцовых устаноў культуры, а аўтобус выдзеліў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *